Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн у аўторак 12 сьнежня папярэдзіў, што Расея робіць стаўку на тое, што Злучаныя Штаты ня змогуць далей дапамагаць Украіне.
Як піша «Голас Амэрыкі», Байдэн паабяцаў украінскаму прэзыдэнту Ўладзіміру Зяленскаму падтрымку, нягледзячы на працяг блякаваньня рэспубліканцамі новай ваеннай дапамогі.
Стоячы побач з Байдэнам на прэс-канфэрэнцыі ў Белым доме, Зяленскі паабяцаў са свайго боку, што Ўкраіна будзе працягваць барацьбу і заявіў, што было б «вар’яцтвам» для Кіева адмаўляцца ад уласных тэрыторый дзеля дасягненьня мірнага пагадненьня.
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін «робіць стаўку на тое, што Злучаныя Штаты ня змогуць дапамагчы Ўкраіне. Мы павінны, мы павінны, мы павінны даказаць, што ён памыляецца», — сказаў Байдэн. Ён падкрэсьліў, што паражэньне Ўкраіны азначала б умацаваньне Пуціна «і патэнцыйных агрэсараў» па ўсім сьвеце.
Байдэн падкрэсьліў, што ён «не адвернецца ад Украіны», дадаўшы, што Злучаныя Штаты будуць «працягваць пастаўляць Украіне крытычна важныя зброю і тэхніку, пакуль мы можам гэта рабіць».
Але пытаньне ў тым, як доўга адміністрацыя Байдэна зможа гэта рабіць. Рэспубліканцы ў Кангрэсе адмаўляюцца ўхваліць 60 мільярдаў даляраў новай дапамогі Ўкраіне, калі дэмакраты не пагодзяцца на буйныя іміграцыйныя рэформы.
Зяленскі, які правёў раніцу 12 сьнежня ў размовах з рэспубліканцамі і дэмакратамі ў Кангрэсе, выказаў асьцярожны аптымізм, што замарожаны паток амэрыканскай дапамогі адновіцца.
«Я атрымаў сыгналы. Яны былі больш за станоўчымі. Але мы ведаем, што нам трэба адрозьніваць словы і канкрэтныя вынікі», — сказаў Зяленскі.
Украінскі лідэр таксама адхіліў прапановы аб тым, што Кіеў можа саступіць тэрыторыю, захопленую Расеяй з пачатку ўварваньня ў лютым 2022 года, каб наблізіць перамірʼе.
«Гэта варʼяцтва, калі шчыра», — сказаў ён, перш чым выкласьці пляны выкарыстаньня заходняй дапамогі для дасягненьня перавагі ў паветры і для нападаў на расейскія вайскова-марскія базы на Чорным моры ў 2024 годзе.
Байдэн сказаў, што ён ухваліў яшчэ 200 мільёнаў даляраў вайсковай дапамогі, каб дапамагчы Ўкраіне ў наступныыя тыдні, пры гэтым Белы дом папярэдзіў, што фінансаваньне можа скончыцца да канца году без дапамогі Кангрэсу.
Адзіны фронт у Белым доме кантрастуе з ростам падзелу на Капіталійскім узгорку, дзе рэспубліканцы настойваюць не толькі на новых палітычных рашэньнях для мэксыканскай мяжы, але і ўсё часьцей ставяць пад пытаньне, ці павінны ўкраінцы працягваць вайну супраць расейскага ўварваньня.
У той час як Масква заяўляе аб новых посьпехах на полі бою і сьцьвярджае, што любая новая дапамога Кіеву «абернецца фіяска», сьпікер Палаты прадстаўнікоў Майк Джонсан без энтузіязму пракамэнтаваў запыт Байдэна аб дадатковым фінансаваньні Ўкраіны, нягледзячы на сваю сустрэчу зь Зяленскім.
«Тое, што, здаецца, просіць адміністрацыя Байдэна, — гэта мільярды дадатковых даляраў без адпаведнага кантролю, бязь яснай стратэгіі перамогі і без адказаў, якія, як я думаю, павінны атрымаць амэрыканцы», — сказаў Джонсан.
Сэнатар-рэспубліканец Джэй Ды Вэнс, які блізкі да лідэра партыі і верагоднага кандыдата ў прэзыдэнты ў 2024 годзе Дональда Трампа, сказаў, што Зяленскі паводзіў сябе ў аўторак «груба», аказваючы ціск на Сэнат.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.