Эўрапейскі парлямэнт ухваліў рэзалюцыю, у якой патрабуе вызваліць Мікалая Статкевіча і ўсіх палітвязьняў у Беларусі, а таксама зьняць зь іх абвінавачаньні, цалкам рэабілітаваць і кампэнсаваць шкоду, нанесеную ў выніку пазбаўленьня волі.
Рэзалюцыю ўхвалілі ў сувязі з працяглай ізаляцыяй Мікалая Статкевіча, пра якога няма ніякіх зьвестак ужо больш 300 дзён. У такіх жа ўмовах знаходзяцца іншыя вядомыя беларускія палітычныя зьняволеныя, у тым ліку Алесь Бяляцкі, Марыя Калесьнікава, Сяргей Ціханоўскі, Віктар Бабарыка, Максім Знак, Павал Севярынец, Паліна Шарэнда-Панасюк, Анджэй Пачобут і Ігар Лосік.
Дэпутаты Эўрапарлямэнту настойваюць на неабходнасьці наданьня палітвязьням належнай мэдычнай дапамогі і доступу да адвакатаў, сям’і, дыпляматаў і міжнародных арганізацый, якія могуць ацаніць іх стан і дапамагчы. У рэзалюцыі выказваецца шкадаваньне ў сувязі зь бязьдзейнасьцю Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа (МКЧК) у Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўтар дакладу аб Беларусі ў Эўрапарлямэнце расказаў, як успрынялі прапанову завесьці справу на Лукашэнку ў ГаазеУ рэзалюцыі асуджаюць «неабгрунтаваныя, палітычна матываваныя прысуды і працяг рэпрэсій у дачыненьні да беларускіх дэмакратычных сіл, грамадзянскай супольнасьці, праваабаронцаў, прафсаюзных дзеячаў, журналістаў, духавенства, палітычных актывістаў і іх семʼяў», а таксама выказваюць «цьвёрдую салідарнасьць з народам, дэмакратычнай апазыцыяй і грамадзянскай супольнасьцю Беларусі ў іх барацьбе за свабодную, сувэрэнную і дэмакратычную Беларусь».
Эўрапарлямэнт заклікаў краіны Эўрапейскага зьвязу падтрымаць палітычных зьняволеных і іх семʼі, а таксама ўзмацніць ціск на рэжым праз новыя санкцыі. У той жа час заклікаюць краіны працягваць выдаваць гуманітарныя візы грамадзянам Беларусі, якія цярпяць перасьлед, а таксама распрацаваць эфэктыўнае рэагаваньне на пазбаўленьне беларусаў магчымасьці абмяняць пашпарт за межамі краіны.
Дэпутаты Эўрапарлямэнту заклікалі краіны Эўразьвязу «забясьпечыць бесьперапыннае дакумэнтаваньне міжнародных злачынстваў і патрабаваць адказнасьць на ўзроўні ААН праз вывучэньне сытуацыі з правамі чалавека і праз захаваньне мандату Спэцыяльнага дакладчыка ААН аб правах чалавека ў Беларусі».
Эўрапарлямэнт паўтарыў «свой заклік да судовага перасьледу і ўвядзеньня санкцый да ўсіх, хто адказны за парушэньні правоў чалавека і ваенныя злачынствы рэжыму Лукашэнкі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра што гаварылі ў Бэрліне эўрапейскія дэпутаты — сябры новай Беларусі