Госьць эфіру «Свабода Premium» — былы намесьнік камандзіра баявой групы антытэрарыстычнага падразьдзяленьня МУС Беларусі «Алмаз» Ігар Макар.
Глядзіце інтэрвію цалкам у відэафармаце.
«КДБ выкарыстоўвае ўсё тую ж практыку і працу, якая вялася і раней. Мы жывём у часы інфармацыйнай вайны, і гэта эфэктыўна дзейнічае на людзей. КДБ можа любога разыграць „уцёмную“, каб іншыя не варухнуліся, каб ня думалі на такое ісьці. А пасьля гэта пакажуць у фільме з усімі падрабязнасьцямі. Чалавек будзе раскайвацца, плакаць. І гэта ўсё накіравана на тое, каб у краіне не было такіх тэндэнцый, каб нельга было нічога зрабіць для зьмены ўлады. Я і раней казаў, што ў дзяржавы заўсёды на адзін патрон больш, у яе заўсёды больш магчымасьцяў. КДБ з 2001 ці 2006 году мэтанакіравана вядзе так барацьбу з апазыцыяй: праз інфармацыю, запалохваньні, пасадкі ў турму, выезд з краіны. Я вас запэўніваю, што ня ўсе па сваёй волі і жаданьні выехалі за мяжу. Многія былі вымушаныя, ім не давалі жыць спакойна. Але КДБ наўмысна даваў ім магчымасьць выехаць», — кажа Ігар Макар.
Таксама Тэртэль заявіў, што на тэрыторыі Польшчы зараз «сем так званых харугваў рыхтуюцца да тэрактаў і захопу абʼектаў на беларускай тэрыторыі». На думку былога алмазаўца, любая інфармацыя, якая можа пагражаць нацыянальнай бясьпецы ці дзяржаве, ніколі ня будзе раскрывацца і абнародавацца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Старшыня КДБ выказаўся пра беларуса, затрыманага за дывэрсію на БАМе, і сем беларускіх харугваў у Польшчы«Калі б харугвы сапраўды пагражалі нацыянальнай бясьпецы Беларусі, гэтага б не агучвалі. Быў бы створаны апэратыўны штаб, былі б пастаўлены задачы, і была дакладна зроблена праца на зьнішчэньне гэтых харугваў, на дэзынфармацыю і інфармацыйную вайну», — гаворыць Ігар Макар.
Тым часам расейская дэлегацыя на чале з дырэктарам Службы замежнай выведкі Сяргеем Нарышкіным прыбыла ў Менск для ўдзелу ў нарадзе кіраўнікоў органаў бясьпекі і службаў выведкі дзяржаваў – удзельніц СНД, піша БелТА.
У аэрапорце Менску Сяргея Нарышкіна сустрэў кіраўнік КДБ Беларусі Іван Тэртэль.
Як заявіў Тэртэль, кіраўнікі спэцслужбаў СНД будуць абмяркоўваць пытаньні, зьвязаныя з сумеснымі дзеяньнямі і абменам досьведам.
На сёньняшнім пасяджэньні старшыня КДБ Беларусі выказаўся аб заходніх санкцыях і аб працы спэцыялістаў замежнай выведкі ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэмакратычныя сілы прапанавалі праект Стратэгіі пераходу да Новай Беларусі. Што ён прадугледжвае