Расказваем, што ў праекце рашэньняў саміту Эўразьвязу напісана пра Беларусь і пра ўступленьне ў ЭЗ Украіны, Малдовы і Грузіі

14–15 сьнежня ў Брусэлі пройдзе саміт Эўрапейскага Зьвязу. Свабода атрымала праект рашэньняў саміту.

У праекце прадугледжаны два варыянты рашэньня наконт Малдовы і Ўкраіны. У адным абвяшчаецца аб пачатку перамоваў наконт уступленьня гэтых дзьвюх краінаў у ЭЗ. Другі варыянт рашэньня абумоўлівае пачатак перамоваў з Кішынёвам і Кіевам выкананьнем умоваў, выкладзеных у папярэдніх рашэньнях Эўразьвязу.

Наконт перамоваў з Грузіяй у праекце фігуруе толькі варыянт, у якім пачатак перамоваў абумоўлены выкананьнем папярэдніх рашэньняў Эўразьвязу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнтка Грузіі заявіла, што брак зялёнага сьвятла на дарозе краіны ў Эўразьвяз будзе азначаць перамогу Расеі

У дакумэнце тройчы ўзгадваецца Беларусь. У ім:

  • Эўразьвяз заклікае Менск (і Маскву) вярнуць ва Ўкраіну незаконна дэпартаваных і вывезеных украінскіх дзяцей і іншых цывільных асобаў.
  • Эўразьвяз асуджае працяг ваеннай падтрымкі агрэсіўнай вайны Расеі з боку Беларусі, Ірану і КНДР.
  • ЭЗ асуджае інструмэнталізацыю мігрантаў у палітычных мэтах і заяўляе аб рашучасьці супрацьстаяць гібрыдным нападам на сваіх вонкавых межах, якія працягваюць арганізоўваць Расея і Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Брусэлі пачалося паседжаньне кансультацыйнай групы «Эўразьвяз – Беларусь»

У праекце рэзалюцыі таксама пацьвярджаецца гатоўнасьць ЭЗ надаваць усебаковую дапамогу Ўкраіне столькі часу, колькі спатрэбіцца, гаворыцца пра намаганьні ў стварэньні трыбуналу для судовага перасьледу злачынстваў супраць Украіны.

Канчатковыя рашэньні саміту Эўразьвязу могуць адрозьнівацца ад прапанаваных у праекце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер Вугоршчыны Віктар Орбан выступіў супраць пачатку перамоваў аб сяброўстве Ўкраіны ў ЭЗ

Раней зь пярэчаньнямі наконт пачатку перамоваў аб уступленьні Ўкраіны і Малдовы ў Эўразьвяз выказваўся прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан.

Кіраўнік ураду Славаччыны Робэрт Фіца назваў Украіну «не гатовай» да пачатку перамоваў аб уступленьні ў Эўразьвяз, але паабяцаў, што Браціслава ня будзе блякаваць гэтае рашэньне падчас саміту ЭЗ 14–15 сьнежня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новыя ўлады Славаччыны адмовіліся надаваць Украіне чарговы пакет вайсковай дапамогі