«Інтэрвію» ў кайданках. Прапагандысты АТН пазьдзекаваліся з Кастуся Каліноўскага

Фрагмэнт прапагандысцкага кінароліку АТН

Тэлеграм-канал праўладнай тэлекампаніі АТН заявіў, што «сілавым структурам Беларусі вядомыя агрэсіўныя пляны апанэнтаў па рэалізацыі ў Беларусі сілавога сцэнару спробы дэстабілізацыі грамадзка-палітычнай сытуацыі і захопу ўлады».

Канал пераконвае, што «такія дэструктыўныя намеры старанна адсочваюць, фіксуюць і нэўтралізуюць».

У якасьці прыкладу прыводзяць грамадзяніна Беларусі, які, паводле праўладнага тг-каналу, «даўно затрыманы», а раней нібыта «рыхтаваўся да ўдзелу ў баявых дзеяньнях». Цяпер ён пад сьледзтвам за «наёмніцтва» і «ўдзел у дзейнасьці тэрарыстычнай арганізацыі».

«Вядома, што ў суседняй дзяржаве недружалюбныя сілы спрабуюць сфармаваць у Беларусі сьпячыя суполкі, гатовыя ў выпадку неабходнасьці ўчыняць тэракты» — напісаў тэлеграм-канал у анонсе тэлесюжэту.

Сам ролік быў паказаны адразу пасьля выпуску вечаровай інфармацыйнай праграмы, большая частка якой складалася з ухваленьняў вынікаў афрыканскага турнэ Лукашэнкі.

Кінаролік пабудаваны на інтэрвію з мужчынам, якога прадставілі як Аляксандра Кулікова. Паводле сюжэту, ён быў у палку імя Каліноўскага ва Ўкраіне, а потым вярнуўся ў Беларусь. Прычыны вяртаньня не раскрываюца. Сама гутарка Кулікова зь неназваным суразмоўцам адбываецца ў турэмнай камэры.

Некалькі разоў паказваюць рукі зьняволенага ў кайданках.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Дзень абаронцаў Украіны беларускія добраахвотнікі правялі хвіліну маўчаньня на памежным пераходзе з Беларусьсю

Мужчына, якога называюць Аляксандрам Куліковым, расказвае спачатку пра наведваньне «Беларускага дому» у Варшаве, потым пра знаходжаньне ва Ўкраіне ў складзе палка імя Кастуся Каліноўскага, прадстаўляючы байцоў і камандзіраў палка ў нэгатыўным сьвятле. Гутарка перабіваецца фрагмэнтамі запісу размоваў невядомых асобаў, у якіх гучыць лаянка ў адрас Аляксандра Азарава, а таксама кадрамі выступу Зянона Пазьняка на пахаваньні добраахвотніка (бяз гуку).

У фільме арыштаваны заяўляе, што лічыць Лукашэнку легітымна абраным прэзыдэнтам. У фінале стужкі мужчына пераконвае не ісьці па ягоным шляху, бо «ні да чаго добрага гэты шлях не прывядзе».

Увесь фільм зроблены па-расейску, беларуская мова гучыць толькі ў фрагмэнце, крыніцай якога пазначаны неназваны «экстрэмісцкі канал».

Кінаролік трансьляваўся пад назовам «Найміт з палка імя павешанага».

Як не хавала тэлевядоўца АТН напярэдадні дэманстрацыі роліка, пад «павешаным» прапагандысты маюць на ўвазе Кастуся Каліноўскага, пакаранага сьмерцю за арганізацыю паўстаньня 1863–1864 гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі гісторык апублікаваў перадсьмяротныя тэксты Каліноўскага і выпадкова пацьвердзіў праўдзівасьць «Лістоў з-пад шыбеніцы»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вядомыя беларусы агучылі «Мужыцкую праўду» Каліноўскага
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Сьвіслачы перайменавалі гімназію імя Кастуся Каліноўскага