Паводле інфармацыі НАУ, Латушка прапанаваў варыянт «забароны транзыту празь Беларусь і Расею падсанкцыйных тавараў або ўвядзеньня гандлёвых квотаў на гэтыя тавары з трэцімі краінамі на даваенным узроўні, гэта значыць да прыняцьця асноўных сэктаральных санкцыяў для рэжыму Лукашэнкі».
НАУ заявіла аб неабходнасьці ізаляваць сыстэмы перадачы фінансавых паведамленьняў Банку Расеі і накласьці санкцыі на ўстановы і службовых асобаў так званай саюзнай дзяржавы за «незаконнае перамяшчэньне ўкраінскіх дзяцей і дзеяньні па абмежаваньні сувэрэнітэту Беларусі», — цытуе «Позірк» паведамленьне НАУ .
O’Саліван падтрымаў «важнасьць гарманізацыі санкцыяў для рэжыму Лукашэнкі і санкцый, уведзеных для Расеі, — гаворыцца ў рэлізе. — Бакі пагадзіліся, што адсутнасьць вырашэньня гэтай праблемы істотна ўплывае на эфэктыўнасьць санкцыйнай палітыкі ЭЗ. Аднак наяўныя перашкоды пакуль не дазваляюць зрабіць істотны крок у пытаньні гарманізацыі санкцыяў».
Бакі абмеркавалі магчымыя шляхі пераадоленьня перашкодаў.
Латушка ініцыяваў абмеркаваньне «дадатковага санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі для дасягненьня адной з ключавых мэтаў беларускіх дэмакратычных сілаў — вызваленьня палітвязьняў».
Ён перадаў спэцыяльнаму пасланьніку сьпіс «асобаў і арганізацыяў рэжыму Лукашэнкі, на якіх прапануецца накласьці санкцыі (больш за 200 фізычных і юрыдычных асобаў)», гаворыцца ў рэлізе НАУ.