Праз год рэабілітацыі Раман вярнуўся ў львоўскую школу. На целе і на твары ў хлопчыка кампрэсійныя павязкі ад апёкаў. Пашкоджанай рукой хлопчык старанна выводзіць літары ў сшытку. Ён наноў вучыцца пісаць.
«У яго былі аскепкавыя раненьні галавы, пералом рукі, у яго была перабіта цягліца на правай назе, былі апёкі, агулам 80 працэнтаў апёкаў, 40 вонкавых і дзесьці прыблізна 40 унутраных», — расказвае бацька хлопчыка Яраслаў Алексіў.
Летам мінулага году хлопчык разам з мамай паехаў пагасьціць у яе родную Віньніцу. Раніцай 14 ліпеня яны прыйшлі на прыём да лекара ў мясцовую клініку «Нэўрамэд». Празь некалькі хвілін у лякарню прыляцела расейская ракета. Выжыў толькі Раман. Яго маці памерла ў яго на вачах.
Усяго ў той дзень расейскае войска запусьціла па Віньніцы чатыры крылатыя ракеты. Па ўкраінскіх дадзеных, гэта былі «Калібры». Загінулі 29 чалавек. Сярод іх — трое дзяцей. Чатырохгадовая Ліза і двое хлопчыкаў — васьмігадовы Кірыл і сямігадовы Максім, які таксама ў момант удару быў у клініцы з мамай.
Рамана Алексіва забралі мэдыкі. Зь Віньніцы яго эвакуавалі дадому ў Львоў. Прагнозы лекараў былі несуцяшальныя. Дапамагчы Раману пагадзіліся мэдыкі ў Нямеччыне. Там ён перажыў 31 апэрацыю.
«Апэрацыі з самага пачатку былі вельмі інтэнсіўныя. Часам празь дзень былі апэрацыі. За тыдзень было па тры апэрацыі. Былі перавязкі, гэта ўсё пад наркозам. Але яны змаглі выратаваць Рамана», — працягвае Яраслаў Алексіў.
У Дрэздэне лекары выдалілі абломкі шкла і цягліцу на назе, замянілі бубенную балону, правялі трансплянтацыі скуры. У Нямеччыне Раман зрабіў свае першыя крокі пасьля раненьня. А неўзабаве пачаў займацца спортам. Рэабілітацыя заняла амаль год.
Па словах айца Рамана, больш за ўсё хлопчык хацеў вярнуцца да сваіх захапленьняў — бальных танцаў і музыкі. Дома ў Львове Раман ужо пасьпеў паўдзельнічаць у спаборніцтвах. На паркеце ў вялікай залі разам з партнэркай ён выканаў танга.
Наперадзе ў Рамана яшчэ шмат апэрацый. Насіць павязкі яму трэба каля году. Пасьля гэтага дактары змогуць узяцца за шліфаваньне рубцоў на скуры.
«Ён моцны хлопчык. Думаю, што пытаньне нават ня ў тым, што ён перажыў, а ў тым, як ён далей будзе трымацца. Гэта вельмі важна таксама», — кажа Яраслаў Алексіў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цела параненай расейцамі пад Кіевам дзяўчынкі, якую два гады шукалі ў розных краінах, было ў моргу Мазыра ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паралімпіец Талай, які дапамагае вывозіць украінскіх дзяцей, стаў ганаровым сябрам Беларускага Чырвонага Крыжа