Падчас форуму абмеркавалі агульную стратэгію ў дачыненьні Беларусі, шляхі падтрымкі эўрапейскага выбару для краіны, а таксама супрацу паміж беларускімі і эўрапейскімі палітычнымі партыямі.
Пра вынікі і пэрспэктывы форуму Свабодзе расказаў адзін з арганізатараў і выступоўцаў на форуме дэпутат Эўрапарлямэнту Юозас Олекас, прадстаўнік Сацыял-дэмакратычнай партыі Літвы.
— Спадар Олекас, скажыце, чыя была ідэя, хто быў сярод арганізатараў такой новай паводле фармату ініцыятывы — сустрэчы прадстаўнікоў беларускіх і эўрапейскіх партыяў?
— Гэта была ініцыятыва абодвух бакоў, арганізатарамі былі і беларускія, і эўрапейскія палітычныя партыі, была зацікаўленасьць і Офісу Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднанага пераходнага кабінэту, і палітычных партыяў, а таксама Эўрапейскага парлямэнту, у прыватнасьці нашай дэлегацыі сувязяў зь Беларусьсю, партыяў эўрапейскай палітычнай сыстэмы, так званымі парасонавымі партыямі, такімі як Эўрапейскія сацыял-дэмакраты, Эўрапейская народная партыя і іншыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Міжпартыйным форуме «8+100» у Брусэлі абмеркавалі стратэгію эўрапейскага выбару Беларусі. ВІДЭА— Вы ведаеце, што многія лідэры палітычных партыяў і прафсаюзаў Беларусі цяпер у турме. Чым эўрапейскія калегі могуць дапамагчы ім ? Можа, часьцей задаваць пытаньні пра іх, можа, зьвярнуцца ў Чырвоны Крыж ці яшчэ да каго? Якая ваша думка?
— Так, сапраўды. Мы абмяркоўвалі становішча беларускіх палітычных партыяў, якія цяпер закрытыя, а некаторыя іх лідэры за кратамі ў вельмі складаных умовах. Частка нашай канфэрэнцыі была прысьвечаная палітвязьням, мы згадвалі, што нам трэба ўзмацніць нашу падтрымку, што трэба, каб, у прыватнасьці, санкцыі былі адказам на парушэньні правоў чалавека і лёс палітычных вязьняў у Беларусі.
І, магчыма, трэба стварыць адмысловы фонд для падтрымкі беларускіх палітычных вязьняў.
Так, мы спрабуем адпраўляць ім лісты і мець нейкую інфармацыю ад іх, але часта гэта немагчыма рэалізаваць, бо яны не атрымліваюць гэтых лістоў, не атрымліваюць інфармацыі. Тым ня менш трэба ўсё ж спрабаваць зьвяртацца у міжнародныя арганізацыі, каб той жа Чырвоны Крыж меў зь імі кантакт. Чырвоны Крыж зараз вельмі актыўна працуе ў сэктары Газа, спрабуе дапамагчы там уцекачам, але ў Беларусі неяк не атрымліваецца, каб яны маглі дайсьці да палітычных вязьняў.
І гэта наша галоўная мэта: як падтрымаць палітвязьняў, як наладзіць зь імі кантакт, падтрымаць іхных сваякоў, а таксама саміх гэтых людзей пасьля таго, як яны выйшлі з турмы і выехалі... Усё гэта мы абмяркоўвалі і маем пэўныя ідэі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Бэрліне стварылі альянс парлямэнцкіх груп «За дэмакратычную Беларусь». Што казалі на форуме— Што тычыцца ўчорашняга форуму... Якія, на вашу думку, асноўныя вынікі яго? Ці будзе далей разьвівацца такая новая супраца палітыкаў Эўразьвязу зь беларускімі палітыкамі?
— Так, вядома, я думаю, што галоўны вынік —тое, што мы атрымліваем магчымасьць быць разам. Прадстаўнікі дэмакратычных палітычных партыяў Беларусі і эўрапейскіх палітычных партыяў і палітычных групаў тут як партнэры маюць магчымасьць завязаць непарэдны кантакт, каб абмеркаваць балючыя, вельмі важныя пытаньні, такія, як праблемы палітычных вязьняў, як агульная сытуацыя ў Беларусі і яе будучыня. Нам відавочна, што будучыня Беларусі ў эўрапейскай дэмакратычнай сямʼі.
Мы пагадзіліся, што будзем працягваць гэтую працу дзеля будучыні, каб умацоўваць супрацу, дапамагаць палітычным зьняволеным і дэмакратычнаму руху вырашаць праблемы, каб падтрымаць людзей у Беларусі, а таксама падтрымаць людзей у выгнаньні, працягваць справу дэмакратычнай Беларусі ў эўрапейскай сямʼі.
— Ці будуць яшчэ такія форумы ў будучыні?
— Мы пагадзіліся, што будзем і далей арганізоўваць такія форумы, але пра канкрэтныя даты гаворкі пакуль не было.
— Можа быць, вы ведаеце, што ў Вашынгтоне ўчора пачаўся Стратэгічны дыялёг паміж ЗША і беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Магчыма, варта такі досьвед паўтарыць і на эўрапейскім узроўні?
— Маё віншаваньне для Сьвятланы Ціханоўскай, беларускай грамадзянскай супольнасьці, палітычных партыяў з пачаткам такога дыялёгу, з прызнаньнем такога тыпу адносін і новых магчымасьцяў.
Так, мы зь нецярплівасьцю чакаем, каб і нам фармалізаваць нашыя адносіны з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. І падзея ў ЗША стала адным з прыкладаў таму.