Навіны палітвязьняў: Асуджанага на 5 гадоў калёніі актывіста Паўла Вінаградава зноў судзяць

Павал Вінаградаў. Архіўнае фота

Па стане на 6 лістапада ў Беларусі 1451 палітвязьняў, прызнаных праваабарончай супольнасьцю. Паводле іншых падлікаў, колькасьць палітвязьняў можа быць большай.

6 сьнежня ў судзе Ваўкавыскага раёну праходзіць паседжаньне «Аб пераводзе ў папраўчую ўстанову іншага віду і зьмяненьні ўмоваў рэжыму» супраць актывіста Паўла Вінаградава, паведамляе тэлеграм-канал «Права маюць».

Справу разглядае судзьдзя Мікалай Сяргейка. З чым зьвязана зьмена ўмоваў рэжыму, невядома.

У сакавіку Менскі абласны суд пакараў актывіста і блогера Вінаградава 5 гадамі калёніі. Яго прызналі вінаватым у распальваньні варожасьці (артыкул 130 КК), паклёпе на Аляксандра Лукашэнку (артыкул 367 КК) і ў грубым парушэньні парадку (артыкул 342 КК).

Суд праходзіў у закрытым рэжыме.

28 чэрвеня КДБ унёс Паўла Вінаградава ў «тэрарыстычны» сьпіс.

У калёніі актывіста пэрыядычна зьмяшчаюць у ШЫЗА. А ў жніўні 2022 году ў асуджанага Вінаградава лекары дыягнаставалі сухоты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Павал Вінаградаў паўгода правёў у ШЫЗА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Вінаградаў адужаў ад сухотаў; апэляцыю Кухты не задаволілі