Гэта вынікае з інфармацыі дырэктара БАА Сяргея Варыводы, піша «Позірк».
Рынак новых легкавых аўтамабіляў у лістападзе вырас да адпаведнага леташняга пэрыяду на 340%, аднак агулам тэмп аднаўленьня рынку легкавых аўтамабіляў за студзень–лістапад 2023 году склаў 140%, што «сьведчыць аб запаволеньні тэмпу аднаўленчай дынамікі».
Адчувальную падтрымку попыту надае рост рэальных грашовых даходаў насельніцтва і камфортнае аўтакрэдытаваньне спажыўцоў, лічыць Варывода. Пры гэтым прапанова ў дылерскіх аўтасалёнах пашыраецца пры захаваньні адносна стабільных цэнаў: калі ў пачатку году аўтадылеры паведамлялі аб 35 мадэлях новых легкавых аўтамабіляў, то ў лістападзе ў шэрагу былі 75 мадэляў.
Дырэктар БАА адзначыў, што за мінулыя 11 месяцаў у чатыры разы вырасла рэалізацыя EV-аўтамабіляў, аднак гэта хутчэй наступства «эфэкту нізкай базы». Продажаў «зялёных» аўтамабіляў па-ранейшаму няшмат — 53 адзінкі ў лістападзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка зноў хоча аўтамабіль беларускай вытворчасьці. Расказваем, як зьмяніўся аўтарынак пасьля жніўня 2020-гаДоля легкавых аўтамабіляў кітайскіх марак у лістападзе перавысіла 84%, пры гэтым 70% дылерскіх продажаў забясьпечылі легкавыя аўтамабілі з канвэеру СЗАТ «БелДжы».
Увосень пачаўся продаж аўтамабіляў кітайскіх вытворцаў Hongqi (уваходзіць у канцэрн FAW Group) і Haval (Great Wall Motors). Анансавана зьяўленьне на рынку прадукцыі кампаніі Dongfeng Motors.
7 чэрвеня міністэрства прамысловасьці паведаміла, што «БелДжы» плянуе ў 2023 годзе рэалізаваць на ўнутраным рынку 9,5 тыс. аўтамабіляў — у 2,2 раза больш у параўнаньні з 2022-м (4355).
У 2022 годзе, сьведчаць зьвесткі БАА, дылеры прадалі 14 843 легкавыя аўтамабілі. У лідэрах Geely (4355), Lada (3782) і Kia (1462).
У 2021 годзе ў Беларусі прадалі 46 837 легкавых аўтамабіляў, у 2020-м — 53 537, 2019-м — 64 504.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьмяніліся правілы куплі-продажу ўжываных аўтамабіляў