Палата прадстаўнікоў прыняла бюджэт Беларусі на 2024 год, фонд Лукашэнкі павялічыўся да расходаў буйнога міністэрства

Палата прадстаўнікоў, архіўнае фота

Рэзэрвовы фонд Лукашэнкі павялічыўся амаль да 1 мільярда рублёў.

Палата прадстаўнікоў прыняла праект бюджэту Беларусі на 2024 год. 4 сьнежня закон пра бюджэт Беларусі на наступны год накіравалі ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу.

Расходы рэспубліканскага бюджэта складуць 44,6 млрд рублёў.

«Рэзервовы фонд прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь» павялічыўся амаль да 1 мільярда рублёў — 999,6 млн рублёў.

У 2023 годзе рэзервовы фонд Лукашэнкі складаў 664 млн рублёў.

Калі рэзэрвовы фонд прэзыдэнта толькі ствараўся, Лукашэнка прасіў дэпутатаў аб ім, каб мець у сваім распараджэньні невялікую суму на выпадак расходаў, якія не прадугледжаныя бюджэтам краіны, каб кожны раз не зьвяртацца ў парлямэнт (тады гэта быў Вярхоўны Савет).

Цяпер жа фонд Лукашэнкі можна параўнаць з расходамі краіны на:

  • сельскую гаспадарку 1 млрд рублёў,
  • мэдычную дапамогу насельніцтву 964, 8 млн рублёў,
  • вышэйшую адукацыю 1,3 млрд рублёў.

На дзейнасць дзяржаўных органаў кіраваньня бюджэтам прадуглежана 1,2 мільярда рублёў, зь іх на дзейнасьць Лукашэнкі і «Ўсебеларускага народнага сходу» яшчэ 50 мільёнаў.

  • На нацыянальную абарону бюджэт-2024 прадугледжвае 3,5 мільярда рублёў, гэта істотны рост у параўнаньні зь леташнімі 2,7 млрд.
  • На органы ўнутраных спраў і судовую ўладу 1,7 млрд.
  • На дарожную гаспадарку 1,9 млрд, (летась быў 1 млрд).
  • На ахову здароўя 2,4 млрд, (летась было 2,1 млрд).
  • На адукацыю 1,8 млрд (летась было 1,6 млрд).

У тым ліку ў бюджэце 2024 году на органы ўнутраных спраў прызначана 1,7 млрд, на органы дзяржбясьпекі 392,7 млн рублёў. У 2023-м на органы ўнутраных спраў было 1,4 млрд рублёў, на органы дзяржбясьпекі 334,6 млн.

Рост расходаў на органы ўнутраных спраў складае 21%, што значна вышэй за прагназаваную ўрадам інфляцыю ў 7-8%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мецяць тэрыторыю сьцягамі. Колькі грошай у Беларусі трацяць на ідэалёгію
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Па-за рысай беднасьці знаходзяцца больш за 320 тысяч беларусаў, — Белстат