Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па-за рысай беднасьці знаходзяцца больш за 320 тысяч беларусаў, — Белстат


Жабракі ў Гомелі
Жабракі ў Гомелі

У Беларусі па-за рысай беднасьці знаходзіцца 3,5% насельніцтва, сьведчыць афіцыйная статыстыка.

3,5% насельніцтва Беларусі мае сярэднедушавы даход, ніжэйшы за бюджэт пражытковага мінімуму, вынікае са зьвестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту пра ўзровень жыцьця насельніцтва Беларусі ў III квартале 2023 году (паводле выбарачнага абсьледаваньня хатніх гаспадарак).

Калі ўлічыць, што на пачатак 2023 году насельніцтва Беларусі складала 9 200 617 чалавек, атрымліваецца, што па-за рысай беднасьці ў трэцім квартале гэтага году знаходзіліся каля 322 тысячы чалавек.

Бюджэт пражытковага мінімуму цяпер складае 367,79 рубля.

Самы высокі ўзровень малой забясьпечанасьці зафіксаваны ў Магілёўскай вобласьці — 5,4%, за ёй — Гомельская вобласьць (5,1%), Берасьцейская і Віцебская (па 4,9%), Горадзенская і Менская (па 2,6%). Найніжэйшы ўзровень малазабясьпечанасьці ў Менску — 1,1%.

Пры гэтым сярод гарадзкога насельніцтва ўзровень малазабясьпечанасьці трымаецца на ўзроўні 2,8%, а сярод вясковага — 6,2%.

Сярэднедушавы даход — агульны аб’ём даходаў, падзелены на колькасьць насельніцтва. Пры яго разьліку ўлічваецца ўсё насельніцтва, у тым ліку беспрацоўныя, пэнсіянэры, непаўналетнія.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG