Яшчэ адзін такі факт стаў вядомы ў часе разгляду адным з украінскіх судоў справы аб усынаўленьні непаўналетняга дзіцяці.
У матэрыялах справы адзначаецца, што бацькі хлопчыка загінулі ў сакавіку 2022 году падчас расстрэлу расейскімі вайскоўцамі аўтамабіля, у якім сям’я спрабавала выехаць з зоны баявых дзеяньняў. Гэта адбылося недалёка ад вёскі Зьдзьвіжаўка Кіеўскай вобласьці. Хлопчык атрымаў аскепкавую траўму мозгу і страціў зрок на правым воку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ідэнтыфікавалі расейскіх афіцэраў, якія могуць быць датычныя да ваенных злачынстваў на КіеўшчынеРасейцы вывезьлі параненага хлопчыка разам зь ягонай бабуляй у Беларусь.
За іхнае вяртаньне змагаўся дзядзька хлопчыка, які зрабіў усё, каб далучыць да працэсу дыпляматаў, грамадзкія і мэдычныя арганізацыі. Неўзабаве яму ўдалося вывезьці сваю маці і пляменьніка зь Беларусі ў Польшчу, а адтуль — у Нямеччыну, дзе хлопчык атрымаў неабходнае лячэньне.
Цяпер яны жывуць у Бучанскім раёне Кіеўскай вобласьці. Іншыя падрабязнасьці гэтай справы невядомыя. Сям’я, якая мае траіх уласных дзяцей, падала дакумэнты на ўсынаўленьне гэтага хлопчыка.
Падчас баёў за Кіеў у лютым-сакавіку 2023 году менавіта ў ваколіцах Зьдзьвіжаўкі расейцы стварылі найбольшую ў Кіеўскай вобласьці тылавую вайсковую базу. Журналісты вызначылі, што тут разьмяшчаўся штаб 98-й дывізіі з Іванава і падразьдзелы Расгвардыі зь Сібірскай акругі.
У ліпені 2022 году таксама з судовай справы стала вядома аб гвалтоўным перамяшчэньні расейскімі вайскоўцамі ўкраінскага падлетка ў Беларусь з Вышгарадзкага раёну Кіеўскай вобласьці.
Яго вывозілі разам з братам у аўтобусе зь мяшкамі на галовах і зьвязанымі рукамі. Пасьля праверкі на мяжы беларускія памежнікі братоў разьдзялілі — малодшага адправілі ў інтэрнат у Мазыр.
Пазьней украінскаму падлетку паведамілі, што яго перамесьцяць у дзіцячы дом — спэцыяльны пэдагагічны цэнтар у Мазыры. Але дырэктарка гэтай установы зьвязалася з прадстаўнікамі Чырвонага Крыжа, каб знайсьці бацькоў ці сваякоў хлопчыка. Іх знайшлі, і 22 красавіка хлопец позна ўвечары вярнуўся дадому. Аб лёсе старэйшага брата невядома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнік Беларусі на пасяджэньні АБСЭ: «Прозьвішчаў дэпартаваных з Украіны дзяцей ніхто не назваў»Саўдзел уладаў Беларусі ў вывазе ўкраінскіх дзяцей
16 лістапада Лябараторыя гуманітарных дасьледаваньняў Ейльскай школы грамадзкай аховы здароўя апублікавала справаздачу «Супрацоўніцтва Беларусі з Расеяй у сыстэматычнай дэпартацыі дзяцей Украіны», якая дакумэнтуе ролю Аляксандра Лукашэнкі і прадстаўнікоў ягонага рэжыму ў перамяшчэньні дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў Украіны ў Беларусь.
Спасылаючыся ў тым ліку на зьвесткі «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня», арганізацыя вызначыла, што сама меней 2 442 дзіцяці ва ўзросьце ад 6 да 17 гадоў, уключаючы дзяцей з уразьлівых групаў, з 17 гарадоў Украіны перамясьцілі ў прынамсі 13 установаў Беларусі з пачатку вайны да 30 кастрычніка 2023 году. Пры гэтым 2050 украінскіх дзяцей трапілі ў беларускі лягер «Дубрава».
Перамяшчэньне ўкраінскіх дзяцей было непасрэдна ўзгоднена Аляксандрам Лукашэнкам і прэзыдэнтам Расеі Пуціным пры «падтрымцы спэцслужбаў Расеі і Беларусі», у тым ліку СК РФ і «ўнутраных войскаў Беларусі».
Раней каманда «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» (НАУ) прэзэнтавала ў Страсбургу справаздачу «Роля рэжыму Лукашэнкі і саюзнай дзяржавы ў незаконным перамяшчэньні і перавыхаваньні дзяцей з Украіны», паведаміў 9 траўня кіраўнік арганізацыі, намесьнік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінэту Павал Латушка.
Паводле яго, дакумэнт зьмяшчае «звыш 150 старонак фактычных абставінаў учыненых злачынстваў, праўнага абгрунтаваньня і доказаў». Ён складзены з «улікам прынятых 27 красавіка рашэньняў ПАРЭ, звароту Вярхоўнай Рады Ўкраіны, за які аднагалосна прагаласавалі 3 траўня, высновы АБСЭ, прынятай 4 траўня».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латушка заявіў, што дзяцей з Украіны вывозілі ў Беларусь яшчэ ў 2021 годзе, да пачатку поўнамаштабнай вайны