Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ідэнтыфікавалі расейскіх афіцэраў, якія могуць быць датычныя да ваенных злачынстваў на Кіеўшчыне


У часе расейскай акупацыі Зьдзьвіжаўкі Кіеўскай вобласьці забілі ня менш за 18 цывільных, яшчэ два лічаццца зьніклымі бяз вестак. Каляж украінскай службы Радыё Свабода
У часе расейскай акупацыі Зьдзьвіжаўкі Кіеўскай вобласьці забілі ня менш за 18 цывільных, яшчэ два лічаццца зьніклымі бяз вестак. Каляж украінскай службы Радыё Свабода

У расьсьледаваньні ўкраінскай службы Радыё Свабода расказваюць пра забойствы ў вёсцы Зьдзьвіжаўцы Кіеўскай вобласьці, якія адбыліся ў часе расейскай акупацыі.

Журналісты ўкраінскай службы Радыё Свабода змаглі вызначыць імёны трох высокапастаўленых расейскіх афіцэраў, якія называлі сябе «галоўнымі» ў акупацыйнай адміністрацыі вёскі Зьдзьвіжаўка Бучанскага раёну Кіеўскай вобласьці і могуць быць датычнымі да забойства цывільных жыхароў.

У прыватнасьці, журналісты мяркуюць, што гэта былі:

Яўгеній З., маёр, выканаўца абавязкаў намесьніка 98-й дывізіі па вайскова-палітычнай працы. Паводле сьведак, ён называў сябе «галоўным» ад расейскай арміі ў Зьдзьвіжаўцы.

Сяргей К., палкоўнік паліцыі, камандзір краснаярскага АМАПу. Прадстаўляўся мясцовым як «камэндант» вёскі.

Алег П., палкоўнік, намесьнік камандзіра ўпраўленьня Расгвардыі па Краснаярскім краі. Мясцовыя жыхары неаднаразова бачылі яго разам зь Сяргеем К.

Пяцёра закатаваных мірных мужчын на тэрыторыі аднаго з прыватных будынкаў у вёсцы Зьдзьвіжаўка Кіеўскай вобласьці. Фатаздымкі зрабіў мясцовы жыхар 31 сакавіка 2022 году, адразу пасьля ўцёкаў расейскіх войскаў зь вёскі
Пяцёра закатаваных мірных мужчын на тэрыторыі аднаго з прыватных будынкаў у вёсцы Зьдзьвіжаўка Кіеўскай вобласьці. Фатаздымкі зрабіў мясцовы жыхар 31 сакавіка 2022 году, адразу пасьля ўцёкаў расейскіх войскаў зь вёскі

У расьсьледаваньні расказваюць пра забойствы ў вёсцы, якія адбыліся ў часе расейскай акупацыі. Журналісты даведаліся пра абставіны затрыманьня цывільных мужчын, целы якіх потым знайшлі ў адным з прыватных будынкаў Зьдзьвіжаўкі.

Сярод закатаваных былі тры жыхары суседняй вёскі Азёры Барадзянскага раёну Кіеўскай вобласьці — Мікола Мароз, Андрэй Вазьненка, Міхайла Ганчар і два мужчыны, якіх дагэтуль ня могуць ідэнтыфікаваць. Іх жорстка катавалі, а потым застрэлілі.

Падзеі адбываліся ў апошнія дні сакавіка 2022 году, калі расейскія войскі пачыналі выходзіць з Кіеўскай вобласьці.

Паводле інфармацыі ўкраінскай службы Радыё Свабода, за час расейскай акупацыі ў вёсцы Зьдзьвіжаўцы і яе ваколіцах расейцы забілі ня менш як 18 цывільных асобаў. Яшчэ два мужчыны застаюцца зьніклымі бязь вестак.

Падчас баёў за Кіеў у лютым-сакавіку 2023 году менавіта ў ваколіцах Зьдзьвіжаўкі расейцы стварылі найбольшую ў Кіеўскай вобласьці тылавую вайсковую базу. Журналісты вызначылі, што тут разьмяшчаўся штаб 98-й дывізіі з Іванава і падразьдзелы Расгвардыі зь Сібірскай акругі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG