У сваім выступе Лаўроў выказаў думку, што арганізацыя «знаходзіцца на краі прорвы», сказаў, што краіны Захаду «ператвараюць АБСЭ ў прыдатак NATO і Эўразьвязу» і заявіў, што мае сумневы ў неабходнасьці «ажыўленьня» арганізацыі.
Лаўроў паўтарыў тэзісы Крамля аб вайне ва Ўкраіне, а таксама прыгразіў Малдове, заявіўшы, што яна можа стаць «наступнай ахвярай у разьвязанай Захадам гібрыднай вайне супраць Расеі». Усім краінам, у якім дзейнічаюць «заходнія эмісары і фонды», як ён выказаўся, «варта задумацца».
Кіраўнікі замежнапалітычных ведамстваў краін Балтыі і Украіны ў знак пратэсту супраць прыезду Лаўрова раней адмовіліся ўдзельнічаць у паседжаньні. Дэлегацыя Ўкраіны і, як паведамляюць, яшчэ шэрагу краін падчас выступу кіраўніка МЗС Расеі пакінула залю, а сам Лаўроў, выступіўшы, пайшоў з залі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржсакратар ЗША Блінкен сустрэўся з калегамі па АБСЭ і пакінуў Паўночную Македонію да прыезду ЛаўроваЛаўроў упершыню ўдзельнічае ў такім пасяджэньні з пачатку шырокамаштабнага ўварваньня расейскай арміі ва Ўкраіну ў лютым летась. Паўночная Македонія і Грэцыя пагадзіліся адкрыць неба для самалёта расейскай дэлегацыі. Раней улады гэтых краін у рамках санкцыяў за ўварваньне ва Ўкраіну забаранілі расейскім самалётам уваходзіць у сваю паветраную прастору.
Створаная ў 1975 годзе як форум для дыялёгу паміж усходнім і заходнім блёкамі, АБСЭ працуе зь цяжкасьцю, бо вайна Расеі ва Ўкраіне выклікае напружанасьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна, Польшча і краіны Балтыі байкатавалі сустрэчу ў АБСЭ на знак пратэсту супраць удзелу РасеіПасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну АБСЭ апублікавала некалькі справаздач аб магчымых ваенных злачынствах расейскіх узброеных сілаў і іх злачынствах супраць чалавечнасьці.
Раней на гэтым тыдні Ўкраіна, Эстонія, Латвія і Літва заявілі, што будуць байкатаваць штогадовую міністэрскую канфэрэнцыю, а Польшча заявіла, што прысутнасьць Расеі на саміце «непрымальная».
Кіраўнік дыпляматыі Эўразьвязу Жузэп Бурэль таксама прысутнічае на сустрэчы, але сказаў, што ня будзе сустракацца з Лаўровым наўпрост.
Беларусь бярэ ўдзел у пасяджэньні Рады міністраў замежных справаў АБСЭ ў Паўночнай Македоніі. Яе прадстаўляе намесьнік міністра замежных справаў Юры Амбразевіч.