Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржсакратар ЗША Блінкен сустрэўся з калегамі па АБСЭ і пакінуў Паўночную Македонію да прыезду Лаўрова

абноўлена

У часе нефармальнай вячэры кіраўнікоў дэлегацый Рады міністраў АБСЭ ў Скоп'і, 29 лістапада 2023
У часе нефармальнай вячэры кіраўнікоў дэлегацый Рады міністраў АБСЭ ў Скоп'і, 29 лістапада 2023

У Паўночнай Македоніі заявілі, што вырашылі «крытычныя экзістэнцыйныя выклікі» для старшынства ў АБСЭ ў 2024 годзе. Раней Расея і Беларусь наклалі вэта на зацьвярджэньне Эстоніі ў якасьці наступнага старшыні арганізацыі.

Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен сустрэўся з прэзыдэнтам Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ) увечары 29 лістапада, перад двухдзённым пасяджэньнем арганізацыі ў Скоп’і (Паўночная Македонія).

Як паведаміла балканская служба Радыё Свабода, Энтані Блінкен правёў сустрэчу зь міністрам замежных спраў Паўночнай Македоніі і прэзыдэнтам АБСЭ Буярам Асмані і сказаў яму, што ЗША рашуча падтрымліваюць усё, што робіць Скоп’е для ўмацаваньня дэмакратычных інстытутаў і дывэрсыфікацыі энэргетыкі ў рэгіёне.

«Плённыя размовы з маімі калегамі з АБСЭ. Нягледзячы на абструкцыянізм Расеі, мы застаёмся цалкам адданыя АБСЭ, яе асноўным прынцыпам і важнай зробленай працы», — напісаў Энтані Блінкен на сваёй старонцы на плятформе Х (колішні Twitter. — РС) па выніках сустрэч у Паўночнай Македоніі.

Міністар замежных спраў Паўночнай Македоніі падзякаваў дзяржсакратару ЗША за выключную падтрымку пад час старшынства Скоп’я ў АБСЭ.

«Хачу паведаміць, што мы вырашылі крытычныя экзістэнцыйныя выклікі для старшынства ў АБСЭ ў 2024 годзе. Я хачу падзякаваць Мальце ды ўсім краінам-удзельніцам за падтрымку», — сказаў Буярам Асмані.

Пасьля гэтых сустрэч, да прыезду кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова, Энтані Блінкен вылецеў у Ізраіль. Ён ужо знаходзіцца Тэль-Авіве для правядзеньня перамоў з ізраільскімі лідэрамі аб замірэньні з экстрэмісцкай групоўкай ХАМАС (прызнана тэрарыстычнай у Эўразьвязе і ЗША). Гэта трэці візыт Энтані Блінкена на Блізкі Ўсход з пачатку новай вайны між Ізраілем і ХАМАС.

Хто будзе прадстаўляць Беларусь на сустрэчы АБСЭ

Беларусь на сустрэчы АБСЭ будзе прадстаўляць намесьнік міністра замежных спраў Юры Амбразевіч. Міністар замежных спраў Сяргей Алейнік суправаджае Аляксандра Лукашэнку ў ягоным візыце ў Аб'яднаныя Арабскія Эміраты. Там праходзіць канфэрэнцыя ААН аб зьменах клімату.

Баўгарыя адмовіла ў выкарыстаньні сваёй паветранай прасторы самалётам Лаўрова

Расейскі дзяржаўны тэлеканал паведаміў, што авіяцыйныя ўлады Баўгарыі не дазволілі выкарыстаць паветраную прастору самалёту, на борце якога знаходзілася дэлагацыя Міністэрства замежных спраў РФ.

«Расейскі борт ляцеў у Паўночную Македонію праз Грэцыю, паколькі баўгарскі дазвол не распаўсюджваўся на Марыю Захараву (афіцыйную прадстаўніцу МЗС Расеі. — РС)», —сказаў Дзьмітрый Пяскоў, прэсавы сакратар расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна.

21 лістапада на пасяджэньні Сталай рады Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ), якое прайшло ў Вене, Расея і Беларусь наклалі вэта на зацьвярджэньне Эстоніі ў якасьці наступнага старшыні АБСЭ ў 2024 годзе.


28 лістапада міністры замежных спраў краінаў Балтыі і Ўкраіны адмовіліся ад удзелу ў саміце АБСЭ, які пройдзе ў Скоп'і, і заявілі, што выступаюць супраць прысутнасьці на саміце дэлегацыі з Расеі, у прыватнасьці кіраўніка МЗС Сяргея Лаўрова. 30 лістапада стала вядома, што да гэтага байкоту далучылася і Польшча.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG