Сяргею за 40 гадоў. Ягоная праца раней была зьвязаная з падвышанай рызыкай і вышынёй. Захапляецца турызмам. Сяргей — не сапраўднае імя ўжо былога добраахвотніка, а чарговы пазыўны. Ён іх зьмяняе дзеля бясьпекі ўласнай і родных, сям’я засталася ў Беларусі.
Мужчына зьехаў з Радзімы ў 2021 годзе праз палітычны перасьлед. Жыў і працаваў у сваёй прафэсіі ў Польшчы, зарабляў $2 тысячы. Пайшоў ваяваць на баку Ўкраіны ў лютым 2023 году, калі атрымаў польскі дазвол на жыхарства. Звольніўся праз паўгода пасьля таго, як на ягоных вачах загінулі пабрацімы.
На пытаньне, навошта ён пайшоў на вайну, беларус маўчыць паўхвіліны і хавае вочы, сьлёзы перашкаджаюць гаварыць.
«Я думаю, што нармальны беларус, мужык, павінен гэта прайсьці. Там самая клясная тусоўка. Словы, думкі — гэта добра, гэта вайна сэнсаў. А там хлопцы рэальна рызыкуюць жыцьцём. У Беларусі могуць пасадзіць, можна загінуць у турме. На фронце гэта вельмі рэальна, там самыя крутыя беларусы», — кажа ён.
Сяргей дадае, што пайшоў на вайну, каб потым быць здольным адстойваць незалежнасьць Беларусі.
«У 1991 годзе незалежнасьць на нас звалілася, мы за яе не змагаліся. У Беларусі няма пласту людзей, гатовых са зброяй адстойваць сваю незалежнасьць. Дабро павінна быць з кулакамі», — мяркуе ён.
Другая, псыхалягічная, прычына — каб паглядзець, што такое вайна. Пабачыць, як ён сябе будзе там паводзіць.
«Нармальнае такое, пацанскае пытаньне», — падсумоўвае баец.
Праверку, мяркуе, прайшоў.
Сьлёзы перашкаджалі Сяргею гаварыць падчас размовы некалькі разоў. На пытаньне, чаму ён плача, мужчына адказвае, што, магчыма гэта «лёгкі ПТСР».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што адчувае беларускі баец на вайне. Расказвае былы «каліновец»
«Тое, што я аказаўся ў жывых, — чыстая выпадковасьць»
Суразмоўца кажа, што праходзіў падрыхтоўку ў межах ініцыятывы ByPol. Ва Ўкраіне ваяваў у атрадзе «Атам» полку Каліноўскага, які сфармавалі ў гонар загінулага добраахвотніка Васіля «Атама» Грудовіка.
У Данецкай вобласьці ў яго на вачах загінулі трое пабрацімаў. Адзін быў ягоным сябрам. Яшчэ адзін — зусім малады хлопец, тады быў ягоны першы баявы выхад. Асноўныя дэталі таго выпадку байцам забаранілі разгалошваць. Гэта здарылася сёлета ў ліпені. Невялікая група выйшла на заданьне ўначы.
«Я ішоў апошнім у групе. Першы ідзе, другі ідзе, потым былі тры загінулыя, і я апошні... Мы з папярэднім байцом упалі, ён у мяне ў сэктары стральбы, я яго ня бачу. Ён маўчыць, ляжыць, ён паміж мной і атакоўцам. Каб яго не застрэліць, я чакаю», — успамінае Сяргей.
Потым высьветлілася, што ў гэты час ягоны пабрацім ужо памёр.
«Нейкі час прайшоў, я кінуў заплечнік, папоўз наперад. Я думаў, што ён ляжыць, чакае. Клічу яго: „Давай паглядзім, што там наперадзе“. Мацней штурхнуў, бяру пульс — няма. Ужо ўсё... Калі разьвіднела, вось ляжыць камандзір, потым кулямётчык і мой сябар. Яму прабіла і над бронікам, і пад бронікам, і грудную, і брушную паражніну. Ён мог памерці цягам пяці хвілін», — кажа добраахвотнік.
Сам Сяргей лічыць, што яго не забілі выпадкова.
«Тое, што я апынуўся ў канцы групы, — чыстая выпадковасьць. У мяне заліло прыладу начнога бачаньня. Пакуль я зь ёю разьбіраўся, група стартавала. Што я аказаўся ў жывых — чыстая выпадковасьць», — кажа суразмоўца.
Бадай што самым моцным для яго тады стала асэнсаваньне, што ягоная дачка-падлетак магла застацца бяз бацькі. Кожны раз, калі ён кажа пра дачку, плача.
«Я не хачу, каб дачка жыла пад Лукашэнкам. Кветачкамі і сьцягамі мы гэтага ня можам памяняць. Наступны этап — фізычная сіла», — перакананы ён.
Сяргей хоча вярнуцца ў Беларусь і мяняць сілавым спосабам рэжым у краіне.
«Вось канфлікт: з аднаго боку, трэба Беларусь ратаваць, з другога — пра сям’ю не забываць. Як застацца ў жывых і гэтую задачу выконваць? Ваяваць мне спадабалася, паміраць — не... Калі дачка вырасьце — зразумее. Але пакуль ёй патрэбны не герой, а тата», — разважае ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Добраахвотнік Урбановіч: «Апошняе, што пачуў ад Лазоўскага: „З Богам!“»«Псыхоляг дапамагае эмацыйна перажыць гэты стрэс»
Прафэсійная дапамога байцам, якія перажылі сьмерць пабрацімаў, ёсьць. Але дзеля гэтага трэба было ехаць «на базу», у Кіеў, да псыхоляга (цяпер псыхоляг працуе побач, зь перадавой). Сяргей таксама езьдзіў туды на індывідуальныя кансультацыі.
«Псыхоляг дапамагае эмацыйна перажыць гэты стрэс. Я не магу яго аб’ектыўна ацаніць. Часам я магу спакойна пра гэты выпадак казаць, часам не магу», — дзеліцца ён.
Баец адзначае, што пабрацімы ставяцца да працы з псыхолягам нармальна, ніхто з гэтага не жартуе.
«Там стрэс пастаянны. Сам даеш рады — калі ласка, патрэбная дапамога — калі ласка», — кажа Сяргей.
У той дзень пасьля трагедыі яшчэ на фронце камандзір забараніў Сяргею выконваць небясьпечную працу, хоць той быў гатовы, бо фізычна ён не пацярпеў.
«Мяне трэсла, калі ноччу ляжаў з аўтаматам. Гэта выкід адрэналіну — і патрэсвае. Калі высьветліў, што трое — „дзьвесьце“, тады атупеньне, дзейнічаеш паводле абстаноўкі... У батальёне нармальныя адносіны. Камбат стварае атмасфэру сям’і. Калі эвакуавалі загінулых, увечары мы пайшлі з хлопцамі ў кавярню, выпілі, пагаварылі», — успамінае Сяргей.
«Для сям’і я ў Польшчы»
Сям’я Сяргея застаецца ў Беларусі. Мужчына хоча, каб дачка расла ў Беларусі і беларускай. Ніхто зь ягоных сваякоў ня ведае, што ён езьдзіў ваяваць.
«Для іх я ў Польшчы. Што такое ГУБАЗіК і што такое жонка?! Яе возьмуць — яна ўсё выкладзе», — разважае ён.
Паўгоду ён шыфраваўся са сваякамі, сазвоньваўся з жонкай толькі ў зручных умовах.
«Я жонку прывучыў яшчэ ў Беларусі: у працоўны дзень мне не звані. Мне няма калі табе адказваць. Калі заходзіш на фронт, ёсьць адзін дзень адпачынку. Тады можна пазваніць, напісаць. Калі званіў празь відэа, адпаведны фон выбіраў. Або званіў з Кіева, выбіраў, дзе надпісы толькі на лацінцы, каб не было чуваць украінскую гаворку. Хоць украінцаў у Польшчы процьма, можна выкруціцца», — раскрывае сакрэт ён.
Пра тое, што ваяваў, жонцы хоча расказаць пазьней. Думае, будзе скандал.
«Пакрычыць, пакрычыць, бо я рызыкаваў безь яе. Але куды яна дзенецца? Я ж жывы. Я ж ёй ня здраджваў. Гэта тая ж Беларусь, дзеля якой мы стараемся, і дзеля дзіцяці», — тлумачыць Сяргей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Многія страты на вайне — ад чалавечых памылак». Гутарка з намесьнікам камандзіра батальёну «Літвін»«ПКК сябе лічыць пупам Зямлі»
Сяргей прызнаецца, што сышоў з полку Каліноўскага ня толькі дзеля дачкі, але бо таксама быў не зусім згодны з тым, што рабілася агулам ва Ўкраіне і прыватна ў полку.
«ПКК — брэнд № 1 беларусаў ва Ўкраіне. Гэта мусіць быць рэкрутынгавы, мабілізацыйны, адукацыйны цэнтар для ўсіх. Сёньня ўсе навінкі вайсковай справы — ва Ўкраіне. ПКК сябе лічыць пупам Зямлі. Маўляў, хто такая Ціханоўская, хто такія ByPol, BelPol, Сахашчык? Але акрамя іх ва Ўкраіне зьяўляюцца новыя беларускія фармаваньні. Зьяўляецца альтэрнатыва. Зараз будзе здаровая канкурэнцыя», — разважае баец.
Ён адзначае, што ў полку Каліноўскага цяпер адбываецца перагрупаваньне, мадэрнізацыя. Тыя, хто ня згодны з кіраўніцтвам, ідуць у іншыя фармаваньні. Хто застаецца, працягваюць працаваць.
Вядома, нэгатыў ёсьць. Але калі табе не падабаецца камандзір, знайдзі іншага камандзіра. Украінцы возьмуць з распасьцёртымі абдымкамі«, — заўважае ён.
З словаў суразмоўцы, беларусы могуць вучыцца вайсковай справе ня толькі ў Галоўным ўпраўленьні выведкі Ўкраіны, да якога адносіцца ПКК, але і ў добраахвотніцкім фармаваньні «Азоў» і 79-й дэсантна-штурмавой брыгадзе Ўзброеных сілаў Украіны.
«„Азоўцы“ кажуць: мы гатовыя з вас рабіць хоць танкістаў, а танкісцкая падрыхтоўка дарагая, пры ўмове, што вы праслужыце прынамсі 6 месяцаў», — пераказвае Сяргей.
Ён кажа, што паміж ПКК і ByPol існуе канкурэнцыя за байцоў.
«У нас агульная задача перамагчы Лукашэнку і не пасварыцца самім. Другая задача нашмат складанейшая», — мяркуе суразмоўца.
Калі хтосьці вырашае зьехаць з вайны, яго не асуджаюць за гэта і ня лічаць слабасьцю, мяркуе баец.
«Гэта тваё асабістае рашэньне. ПКК — гэта добраахвотніцкае падразьдзяленьне. Гэта ня нашая краіна. Калі б мы абаранялі Беларусь, гэта іншае пытаньне, а так мы ім дапамагаем, і кожны дапамагае, пакуль асабіста можа. Добраахвотніцкае — гэта эмоцыі, ты хочаш, ты гарыш, тады робіш, але калі адбываецца пасіянарны надлом, ты сыходзіш», — дадае ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На вайне яму спалася лепш, чым у Беларусі». Пабрацімы ўспамінаюць добраахвотніка «Мінска», які загінуў у Данецкай вобласьціЧорнае і белае
Беларус кажа, што пасьля часу на вайне стаў «больш графічным», больш бачыць чорнае і белае, а не адценьні. Ці забіваў людзей на вайне? Былы ваяр прызнаецца, што ніхто гэтага ня скажа.
«Гэта супраць сябе доказы для ГУБАЗіКу рыхтаваць. Вайна палявая, акопная, там зь мінамёту страляеш, ніхто табе шыльдачку не падымае, што забіты. Пра сябе нічога не магу сказаць... Але я ж не страйкболам займаўся, гэта вайна», — дзеліцца ён.
«Я не ўчыняў злачынства. Людзі прыйшлі ў чужую краіну. Яны ведалі, на што ішлі», — кажа ён.
Цяпер мужчына вярнуўся ў Польшчу, шукае працу. Кажа, што піць па-чорнаму не пачаў. Працягвае вайсковую падрыхтоўку. Трэнаваньні з аднадумцамі моцна яго падтрымліваюць. Стаў часьцей плакаць над сваімі стратамі. Прызнаеца, што да 2020 году такога не было.
«Час — гэта рэсурс, які не аднаўляецца. У мяне расьце дачка. Ужо тры дні нараджэньня прайшлі безь мяне, — Сяргей зноў плача. — Яна потым вырасьце, выйдзе замуж, але гэтага ўжо не вярнуць».
Ён зьдзіўлены, наколькі расслаблена жывуць людзі ў Польшчы, дзе няма «прылётаў», паветранай трывогі, дзе шмат людзей на вуліцах, і ня траціць надзеі зьмяніць уладу ў Беларусі.
«У мяне маленькая мара — выйсьці на пэнсію ў Беларусі, на якім-небудзь хутары. Лес, возера, паляваньне, рыба, сябры прыяжджаюць. Каб дачка прыяжджала, жонка побач, жыцьцё на прыродзе», — падсумоўвае ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ДТЗ пад Вільняй загінуў беларускі палітуцякач, былы баец палку Каліноўскага