Аб’яднаны пераходны кабінэт (АПК) падрыхтаваў праект Канцэпцыі і стратэгіі нацыянальнага адраджэньня і разьвіцьця, які плянуюць вынесьці на грамадзкае абмеркаваньне 28 лістапада ў Варшаве.
Там жа анансаваная дыскусія «Новая Беларусь: стратэгія нацыянальнага адраджэньня і разьвіцьця», сьпікерамі на якой выступяць Аліна Коўшык (прадстаўніца АПК па нацыянальным адраджэньні), Павал Латушка (намесьнік кіраўніка АПК), Ірына Сідорская і іншыя, піша сайт «Позірк».
Задачамі канцэпцыі і стратэгіі называюцца
- «спрыяньне ўзмацненьню нацыянальнай ідэнтычнасьці і збавеньню ад уплыву таталітарнай і імпэрскай спадчыны»,
- «садзейнічаньне ўмацаваньню грамадзянскага актывізму і грамадзянскай адукацыі»,
- «стварэньне пазытыўнага вобраза Беларусі і яе народа на мясцовым і глябальным узроўнях»,
- а таксама фармаваньне «базавага грамадзкага ідэалу будучыні» — «беларускай мары».
«На працягу апошніх дзесяцігодзьдзяў беларускія ўлады працягваюць палітыку русыфікацыі беларускага грамадзтва. Мова, літаратура, культура, адукацыя і гістарычная праўда становяцца разьменнай манэтай у палітычных гульнях. Дзяржаўная ідэалёгія зьнішчае беларускую ідэнтычнасьць, навязвае беларускаму народу чужыя яму стэрэатыпы і культурныя коды. Беларускі народ тым часам перажывае самую вялікую дэмаграфічную катастрофу і вымушаную эміграцыю. Усё гэта ў сукупнасьці падрывае нашу будучыню», — гаворыцца ў праекце канцэпцыі.
«Адказам на гэтыя выклікі», зазначаюць аўтары, павінна стаць «разумная і пасьлядоўная палітыка нацыянальнага адраджэньня».
«Нацыянальнае адраджэньне — гэта праграмны працэс, накіраваны не столькі ў мінулае, колькі ў будучыню. Комплекснай мэтай нацыянальнага адраджэньня зьяўляецца канчатковае фармаваньне беларускай нацыі як супольнасьці з моцнай ідэнтычнасьцю і актыўным грамадзянскім дзеяньнем, што свабодна сябе рэалізуе на індывідуальным і грамадзкім узроўнях у рамках незалежнай, нацыянальнай, дэмакратычнай, эўрапейскай, заможнай дзяржавы Беларусь», — заяўляе АПК.
Нацыянальнае адраджэньне нацэлена на вяртаньне «важных складнікаў беларускай ідэнтычнасьці і культуры ў шырокі грамадзкі ўжытак», што ў сваю чаргу азначае «стварэньне ўмоў для свабоднага і прадуктыўнага разьвіцьця беларускай культуры, вяртаньня нацыянальных сымбаляў, пашырэньня сфэры ўжываньня беларускай мовы, папулярызацыі гісторыі, культуры».
«Праграма нацыянальнага адраджэньня прадугледжвае таксама імкненьне сфармуляваць тое, што можна назваць выразам „нацыянальны мэйнстрым“ — тую агульную прызму, праз якую беларусы вызначаюць сваё месца ў гісторыі, ацэньваюць актуальныя і мінулыя падзеі, фарміруюць вобраз будучыні», — адзначаецца ў дакумэнце.
Гэта можна пазначыць, удакладняюць аўтары канцэпцыі, як «пэўны нацыянальны фокус, цікавасьць, „нацыянальную мару“, якая не зводзіцца да асобнай палітычнай ідэалёгіі, а вызначае напрамкі разьвіцьця грамадзтва на падставе ўласных беларускіх каштоўнасьцяў, прынцыпаў, ідэалаў і фундамэнтальнай павагі да чалавечай свабоды і годнасьці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Варшаве адбылася канфэрэнцыя «Новая Беларусь 2023». ТЭКСТ, ФОТА, ВІДЭА
Мэты і задачы Канцэпцыі і стратэгіі нацыянальнага адраджэньня і разьвіцьця АПК прапануе рэалізаваць у чатыры этапы:
- Нулявы этап (ён названы падрыхтоўчым) прадугледжвае дзейнасьць «у пэрыяд да фактычнай зьмены рэжыму, дэмакратычнага транзыту ўлады, адмены рэпрэсіўных законаў і практык і вяртаньня ў Беларусь вымушаных палітычных бежанцаў». Гэты этап, на думку аўтараў, прадугледжвае «распрацоўку стратэгій, падрыхтоўку кадраў, пошук рэсурсаў і партнэраў, заключэньне доўгатэрміновых дамоваў, запуск стратэгічных праектаў».
- Першы этап (пераходны) зьвязаны з «дзейнасьцю падчас транзыту ўлады ад аўтарытарных палітычных структур да прадэмакратычных (да правядзеньня першых дэмакратычных выбараў)». «Гэты этап, — зьвяртае ўвагу кабінэт, — мяркуе перахоп функцый, закладваньне падмурка для рэалізацыі канцэпцыі і стратэгіі нацыянальнага адраджэньня, першыя крокі па правядзеньні рэформаў у асноўных сфэрах і па вяртаньні ў прававое поле».
- Другі этап (асноўны) зводзіцца да «дзейнасьці пасьля першых і да другіх дэмакратычных выбараў», ён неабходны для «ўмацаваньня дэмакратычных інстытутаў і падыходаў, узмацненьня дэмакратычнай супольнасьці, рэфармаваньня грамадзкай, палітычнай, гаспадарчай і культурнай сфэр, разьвіцьця мясцовага самакіраваньня і грамадзянскага актывізму».
- Трэці этап (устойлівага разьвіцьця) — гэта «дзейнасьць пасьля другіх дэмакратычных выбараў, пэрыяд замацаваньня і разьвіцьця асноўных элемэнтаў свабоднага дэмакратычнага палітычнага жыцьця ў Беларусі».
Канчатковая мэта і абʼём пастаўленых задач відавочна перавышаюць магчымасьці асобнага палітычнага субʼекта, таму маюць патрэбу ў падтрымцы шырокага спэктру грамадзкіх арганізацый, палітычных партый, супольнасьцяў і валянтэрскіх рухаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дунін-Марцінкевіч як вуглавы камень беларускага будынку. У чыіх інтарэсах яго выбіць? ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Запытайся ў Дубаўца. Пра ядзерную зброю, палітыку русыфікацыі і нацыянальнае адраджэньне Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гісторыя на Свабодзе». Хто пачаў адраджэньне 1980-х гадоў? ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Я свой народ за цывілізаваным сьветам — павяду. Як і чаму Алесь Бяляцкі стаў абаронцам правоў чалавекаШто такое Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі
На канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні 9–10 жніўня Сьвятлана Ціханоўская заявіла аб стварэньні Аб'яднанага пераходнага кабінэту, які будзе працаваць на галоўныя мэты:
- Абараняць незалежнасьць і сувэрэнітэт Рэспублікі Беларусь, прадстаўляць нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Ажыцьцявіць фактычную дэакупацыю Беларусі.
- Аднавіць канстытуцыйную законнасьць і правапарадак.
- Распрацаваць і рэалізаваць меры па спыненьні незаконнага ўтрыманьня ўлады, забясьпечыць транзыт улады ад дыктатуры да дэмакратыі, стварыць умовы для правядзеньня сумленных і свабодных выбараў.
- Распрацоўваць і выконваць рашэньні, неабходныя для дасягненьня дэмакратычных перамен у Беларусі.
- І ў выніку гэтага павінны быць вызваленыя ўсе палітвязьні.
У складзе Кабінэту пад кіраўніцтвам Ціханоўскай сярод іншых працуюць:
- Павал Латушка — прадстаўнік Кабінэту па транзыце ўлады;
- Аляксандар Азараў — па аднаўленьні правапарадку;
- Валер Кавалеўскі — па замежных справах;
- Валер Сахашчык — па абароне і нацыянальнай бясьпецы;
- Вольга Гарбунова — прадстаўніца ў сацыяльных пытаньнях;
- Аліна Коўшык — прадстаўніца па нацыянальным адраджэньні.
Аб’яднаны пераходны кабінэт Ціханоўскай заявіў, што пачынае рыхтаваць беларусаў да старту пляну «Перамога».
Аб’яднаны пераходны кабінэт патрабуе і будзе дабівацца безумоўнага вываду ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі з тэрыторыі Беларусі.
Аб’яднаны пераходны кабінэт заснаваў Місію дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі і накіраваў свайго прадстаўніка ў Кіеў.