Касьцёл пацьвердзіў затрыманьне ксяндза Акалатовіча і заявіў пра «дасьледаваньне справы» ксяндза Лашука

Ксёндз Генрых Акалатовіч

24 лістапада курыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі пракамэнтавала «інфармацыю, атрыманую са СМІ і іншых крыніц» адносна пробашча касьцёла ў Валожыне ксяндза Генрыха Акалатовіча і з пробашча касьцёла ў Стоўбцах Ігара Лашука.

Касьцёл афіцыйна пацьвердзіў затрыманьне валожынскага ксяндза, адзначыўшы, што ксёндз Генадзь Акалатовіч «у сувязі з затрыманьнем на гэты момант ня можа выконваць пастырскія абавязкі» і дадаўшы, што «абставіны справы высьвятляюцца».

Таксама ў паведамленьні гаворыцца, што «справа ксяндза Ігара Лашука, пробашча парафіі св. Казіміра ў Стоўбцах, дасьледуецца ў сьвятле нормаў Кодэкса кананічнага Права». Вернікаў просяць памаліцца за сьвятароў.

Як паведамляе Хрысціянская візія, арцыбіскуп Станеўскі часова забараніў у служэньні ксяндза Ігара Лашука. Аднак, крыніцы Свабоды не пацьвярджаюць пакуль гэтай інфармацыі і сьцьвярджаюць, што ксёндз вядзе службу, як звычайна.

На фоне паведамленьняў аб затрыманьні аднаго і скандалу вакол другога каталіцкага сьвятара 24 лістапада апостальскі нунцый (амбасадар Ватыкану) Антэ Ёзіч сустрэўся зь міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Алейнікам, паведаміла прэс-служба МЗС. У прэс-рэлізе ведамства гаворыцца толькі, што яны абмеркавалі «актуальныя пытаньні двухбаковага супрацоўніцтва» і «абмяняліся «думкамі аб міжнароднай сытуацыі, у тым ліку ў кантэксьце намаганьняў па ўрэгуляваньні рэгіянальных канфліктаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Размаўляе па-беларуску, канфліктаваў з чыноўнікамі. Што вядома пра затрыманага ў крымінальнай справе ксяндза Акалатовіча

19 лістапада ініцыятыва «Хрысьціянская візія» паведаміла, што пробашча касьцёла сьвятога Юзафа ў Валожыне Генрыха (Генадзя) Акалатовіча затрымалі сілавікі. Паводле інфармацыі ініцыятывы, ён затрыманы па крымінальнай справе аб «здрадзе дзяржаве», за што можа пагражаць ад 7 да 15 гадоў турмы. Гэтую інфармацыю не камэнтавалі ні сілавікі, ні чыноўнікі, ні ўлады каталіцкага касьцёла Беларусі. Дэталі справы і абставіны затрыманьня невядомыя.

Ксёндз Ігар Лашук вядомы сувязьзю з Аляксандрам Зайцавым — бізнэсоўцам, набліжаным да Лукашэнкі. У красавіку Беларускі расьсьледніцкі цэнтар у расьсьледаваньні пра Зайцава сьцьвярджаў, што той аформіў частку свайго бізнэсу на ксяндза Лашука для абыходу санкцыяў. Паводле зьвестак БРЦ, у верасьні 2021-га Лашук, будучы ў сане каталіцкага ксяндза, заснаваў кампанію «АЛІС МА», якой перадалі маёмасьць кампаніі з доляй Зайцава.

Ксёндз гэтыя абвінавачаньні адхіляе: паводле яго, праз кампанію «АЛІС МА» рэалізуюцца «многія каталіцкія праекты», але «ніхто нікому не дапамагае абыходзіць санкцыі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абыходзіць санкцыі набліжанаму да Лукашэнкі бізнэсоўцу дапамагае ксёндз, — Беларускі расьсьледніцкі цэнтар

Некалькі дзён таму «Рабочы рух» выпусьціў расьсьледаваньне, у якім сьцьвярджае, што тытул папскага рыцара для Аляксандра Зайцава таксама лабіяваў ксёндз Ігар Лашук, і гэта было зроблена дзеля абыходу санкцый.

Таксама «Рабочы Рух» сьцьвярджае, спасылаючыся на зьвесткі з базы пашпартоў, што ксёндз Лашук можа быць бацькам двух хлопчыкаў 13 і 10 гадоў: іх бацькам зьяўляецца Лашук Ігар Станіслававіч — поўны цёзка сьвятара. З маці хлопчыкаў, 44-гадовай Тацянай Савіцкай, ксёндз, як сьцьвярджае «Рух», 25 разоў езьдзіў за мяжу.

Каталіцкім сьвятарам забаронена мець сям’ю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ніхто не дапамагае абыходзіць санкцыі». Ксёндз Лашук адказаў на абвінавачаньні ў сувязях зь бізнэсоўцам Зайцавым