Перад шэфам КДБ СССР Юрыем Андропавым, а потым і перад ягонымі наступнікамі ў крэсьле гаспадара Лубянкі стаяў няпросты выбар на мяжы палітыкі і матэматыкі. (Хацелася б слова «матэматыка» замяніць на тэрмін «статыстыка», але да такога ўзроўню лічбы, пра якія гаворка, не дасягалі).
Дасьледчыкі гісторыі савецкіх спэцслужбаў, чые высновы грунтуюцца пераважна на матэрыялах, часова рассакрэчаных у 1990-я гады, пішуць, што КДБ даваў рэгулярныя справаздачы ў ЦК КПСС адносна колькасьці шпіёнаў, якіх выкрылі доблесныя чэкісты, «антысаветчыкаў», якіх адправілі за краты, грамадзянаў, зь якімі правялі «прафіляктычныя гутаркі» (то бок дапамаглі ім збочыць з сумнеўнай сьцяжыны здрады савецкім ідэалам і пазьбегнуць турмы ці «псыхушкі»).
І, як правіла, у 1960–70-я гады гэтыя лічбы паміж сабой істотна не адрозьніваліся. Напрыклад, у часы Брэжнева за «антысавецкую дзейнасьць» аднамомантна знаходзіліся ў турмах ці на пасяленьнях 400–500 чалавек. І гэта — на больш як 250 мільёнаў насельніцтва СССР.
Для КДБ не было б вялікай праблемы за пару месяцаў назьбіраць некалькі тысяч чытачоў «антысавецкай» літаратуры і пасадзіць іх за краты. Ну, а ўжо колькасьць тых, каго можна было рэпрэсаваць за слуханьне перадачаў Радыё Свабода ды «Голасу Амэрыкі», магла ісьці на сотні тысяч, калі не мільёны.
І тым ня менш гэтага не рабілі. Чаму?
У Брэжнева магло ўзьнікнуць цалкам лягічнае пытаньне да Андропава: мы вам даручылі змагацца з антысавеччынай, а вы самі кажаце, што колькасьць антысаветчыкаў увесь час расьце. Дык дзе ж вынік вашай працы, Юры Ўладзіміравіч?
У гэтым і палягаў няпросты выбар галоўнага савецкага чэкіста: з аднаго боку, занадта вялікая колькасьць рэпрэсаваных можа сьведчыць пра недастаткова эфэктыўную працу пад ягоным, Андропава, кіраўніцтвам.
Але з другога, зусім ужо малая лічба — ці не сыгнал гэта таксама пра дрэнную працу? Маўляў, няўважліва адсочваеце, гледзіце на дысыдэнтаў скрозь пальцы...
Вось і трымаў КДБ балянс — за кратамі аднамомантна ня больш за 450-500 чалавек тых, каго ідэйныя ворагі на Захадзе маглі запісаць у лік «палітзьняволеных».
Праўда, ворагі гэтыя былі розныя, і некаторыя да гэтай лічбы дадавалі амаль столькі ж тых, хто сядзеў за свае рэлігійныя перакананьні (напрыклад, баптыстаў, адвэнтыстаў, пяцідзясятнікаў, уніятаў). Але нават пры такім падліку атрымліваецца адна тысяча зьняволеных на 250 мільёнаў насельніцтва.
Так, і тысяча — гэта зусім нямала, бо гэта тысяча чалавечых лёсаў, пакутаў іх родных. Але сёньняшняя лічба палітвязьняў у Беларусі, якія афіцыйна прызнаныя ў гэтым статусе праваабарончымі арганізацыямі, — 1454 чалавекі. На 9,5 мільёна жыхароў краіны. Прапарцыйная розьніца з «брэжнеўскім» СССР — у чатыры дзясяткі разоў.
І кіраўнікам сілавых ведамстваў ня трэба баяцца, што рост колькасьці затрыманых ды асуджаных адмоўна паўплывае на іх кар’еру. Ні пра якую «прафіляктыку», як гэта было ў брэжнеўскія часы, ужо гаворкі не ідзе. Наадварот: чым больш людзей будзе рэпрэсавана — тым вышэйшыя шанцы атрымаць падвышэньне ці яшчэ адну зорачку на пагоны. Зусім як пры Сталіну.
Ордэн Леніна пасьля «дысыдэнцкага» ліста
Ёсьць і яшчэ адна асаблівасьць цяперашняга рэжыму, якая адрозьнівае яго ад позьнесавецкага пэрыяду — гэта значыць, ад тых часоў, якія засьпелі ў сьвядомым узросьце старэйшыя пакаленьні беларусаў (сёньня амаль не засталося тых, хто добра памятае рэпрэсіі 30–40-х гадоў — за выключэньнем дзяцей «ворагаў народу», як Мая Кляшторная, дачка аднаго з пакараных сьмерцю ў «ноч расстраляных паэтаў»).
Гэтая ж самая якасьць, наадварот, набліжае рэжым Лукашэнкі да сталінскіх часоў. Маецца на ўвазе ўзровень цярпімасьці да праяў іншадумства.
Не, і ў брэжнеўскі, і ў андропаўскі, і ў чарненкаўскі, і нават у самы раньні гарбачоўскі пэрыяды выразныя антыкамуністычныя выказваньні не дазваляліся, і за іх каралі. Але да тых, хто не рабіў дысыдэнцтва ды антысавецкую актыўнасьць сваім асноўным заняткам, у постсталінскі пэрыяд улады маглі выявіць пэўную спагаду. Найлепш гэта бачна на прыкладзе творчай інтэлігенцыі.
У 1966 годзе 25 творцаў і навукоўцаў падпісалі калектыўны ліст з асуджэньнем спробаў рэабілітацыі Сталіна (так званы «ліст 25-ці»). Чытаючы сёньня гэты тэкст, бачыш канстатацыю банальных фактаў, якія ў 90-я гады былі ў школьных падручніках па гісторыі. А спасылкі на рашэньні ХХ і XXII зьездаў КПСС, якія асудзілі Сталіна, ды заява пра тое, што той «скрывіў ідэю камунізму», увогуле прымушаюць зьдзівіцца: чаму ж гэты ліст нагэтулькі занепакоіў КДБ, што ягоны старшыня генэрал Сямічасны палічыў неабходным апэратыўна правесьці расьсьледаваньне абставінаў яго падпісаньня ды далажыць пра вынікі ў ЦК КПСС?
Але — зьдзівіцца толькі той, хто ня памятае альбо ня ведае абставінаў тагачаснай палітычнай рэчаіснасьці, калі самі па сабе такога кшталту звароты ўспрымаліся як праява нязгоды з «генэральнай лініяй» партыі, а іх распаўсюд расцэньваўся як «самвыдат», што лічылася ўжо фактычна дысыдэнцтвам. На небясьпеку распаўсюду ліста зьвяртаў увагу ў сваім данясеньні і Сямічасны.
Ну, і яшчэ істотны момант, пра які ведалі і аўтары ліста, і старшыня КДБ: ініцыятыва «мяккай рэабілітацыі» Сталіна паходзіла ад чалавека № 2 у партыі (а значыць, і ў краіне) — Міхаіла Суслава. Пра гэта не гаварылася на пленумах ды ў прэсе, але тыя, хто меў доступ да інфармацыі «зь вярхоў» (а падпісанты яе мелі), цудоўна тое ведалі.
(У дужках адзначым, што некаторыя выказаныя ў лісьце канстатацыі сёньня немагчыма ўявіць на старонках афіцыйнай беларускай прэсы — напрыклад, што на Сталіну ляжыць асноўны цяжар віны за паразы СССР у першыя месяцы вайны пасьля нападу гітлераўцаў).
Вось некаторыя імёны падпісантаў. Балерына Мая Плісецкая, пісьменьнікі Карней Чукоўскі, Канстанцін Паўстоўскі і Валянцін Катаеў, актор Інакенцій Смактуноўскі, рэжысэры Міхаіл Ром і Алег Яфрэмаў, мастак Юры Піменаў...
Ліст, падкрэсьлім, вельмі адмоўна быў успрыняты ў савецкім кіраўніцтве і ў КДБ, пра яго паведамлялі па «варожых радыёгаласах», пісалі ў заходняй прэсе.
Але ўжо ў наступным годзе Алегу Яфрэмаву даюць званьне заслужанага дзеяча мастацтваў РСФСР, яшчэ праз два гады — народнага артыста, яшчэ праз год — дзяржаўную прэмію СССР.
Мастак Юры Піменаў у наступным, 1967 годзе атрымае Ленінскую прэмію (самую галоўную ў СССР).
Міхаіл Ром празь некалькі месяцаў, у тым жа 1966-м, атрымае Дзяржаўную прэмію, а ў наступным годзе — ордэн Леніна (найвышэйшы ордэн у СССР).
Ордэн Леніна, і таксама ў 1967 годзе, атрымаюць падпісанты Мая Плісецкая, Канстанцін Паўстоўскі і Валянцін Катаеў, мастак Павал Корын...
Такое адчуваньне, што нейкі патаемны дысыдэнт у савецкім кіраўніцтве вырашыў адмыслова адзначыць падпісантаў «крамольнага» ліста найвышэйшым савецкім ордэнам.
Насамрэч узнагароджаньне было «юбілейнае» — да 50-годзьдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі. Але і Плісецкая, і Яфрэмаў, і Катаеў, і Смактуноўскі і ў наступныя гады будуць атрымліваць высокія савецкія ўзнагароды, у тым ліку — і зоркі Герояў Сацыялістычнай Працы.
Можна сказаць, што мэтад «перніка» быў асноўным у дачыненьнях постсталінскага савецкага кіраўніцтва з творчай інтэлігенцыяй. Але праўда і тое, што бязь вельмі вялікай неабходнасьці да «перакрываньня кіслароду» (ня кажучы ўжо пра рэпрэсіўныя мэтады) імкнуліся справу не даводзіць.
Непазьбежнасьць пакараньня за грамадзянскую пазыцыю
У сьпісе падпісантаў «ліста 25-ці» быў чалавек, да якога ўрэшце ўлада рэпрэсіі прымяніла — праўда, праз чатырнаццаць гадоў актыўнай «антысавецкай дзейнасьці», у студзені 1980-га. І быў ён не мастаком, не артыстам і не пісьменьнікам.
Гэта акадэмік Андрэй Сахараў. Падпісаньне «антысталінскага» ліста было адным зь ягоных першых публічных дысыдэнцкіх крокаў, а апагеем зрабіўся выступ супраць уводу савецкіх войскаў у Афганістан, пасьля якога Сахарава пазбавілі ўсіх узнагародаў і выслалі ў горад Горкі.
У цэлым жа Брэжнеў і ягонае атачэньне ня тое што зусім не заўважалі, але і не каралі вельмі строга дзеячоў культуры за, скажам гэтак, няпоўную ляяльнасьць (ці нават поўную неляяльнасьць).
Прычына не ў альтруізьме, а ў нежаданьні надаваць праявам неляяльнасьці шырокі розгалас — і ў замежжы, і, што было больш важным, у самім СССР. У савецкага чалавека павінна была захоўвацца вера ў слушнасьць камуністычнага выбару, а як яе захаваць, калі сёньня адзін, а заўтра другі кумір ці то зь ліку актораў, ці то пісьменьнікаў (кнігі Карнея Чукоўскага чыталі ці ня ўсе савецкія дзеці) ставіць гэты выбар пад сумнеў? Або нават ня сам выбар, а спосабы яго рэалізацыі?
А вось пры Сталіну адно неасьцярожнае слова, тым больш датычнасьць да нейкай групы, якая выказала хоць мінімальную нязгоду з «генэральнай лініяй» партыі, маглі для чалавека скончыцца турмой альбо нават расстрэлам.
Не абавязкова яно мела такі вынік, магло і ня мець — але часта здаралася і так, калі слова было сказана, чалавек гадамі жыў спакойна, а потым па яго прыходзілі.
Зусім як цяпер, калі затрымліваюць і судзяць за сэлфі з масавай акцыі 2020 году ці за камэнтар у сацсетках, зроблены некалькі гадоў таму.
У вуснах генпракурора Швэда гэта, здаецца, завецца «непазьбежнасьцю пакараньня».
Татальная стэрылізацыя
І, нарэшце, яшчэ адна канстатацыя: цяперашні рэжым абсалютна ня цэніць творчую індывідуальнасьць. Яму ўвогуле ня важна, чым жывуць і пра што дбаюць творцы, якія настроі ў пісьменьнікаў, мастакоў, актораў. Абы не выступалі супраць улады.
Пачалося гэта адразу пасьля ўзыходу Лукашэнкі на прэзыдэнцкую пасаду, калі ён праігнараваў меркаваньне нацыянальнай інтэлігенцыі і зьмяніў дзяржаўную сымболіку і статус беларускай мовы. Працягнулася абразамі з тэлеэкрану ў бок Васіля Быкава, выкіданьнем з плянаў дзяржвыдавецтваў кніг «непажаданых» аўтараў, «чорнымі сьпісамі» выканаўцаў.
І калі яшчэ пару гадоў таму можна было гаварыць пра асобных творцаў, якія зазналі перасьлед праз сваю грамадзянскую пазыцыю, дык цяпер вынішчэньне нацыянальнай культуры сумяшчаецца з татальнай «стэрылізацыяй» практычна ўсіх культурніцкіх установаў ад тых, хто хаця б аднойчы быў заўважаны ня толькі ва ўдзеле ў масавых акцыях 2020 году, але ўвогуле ў неляяльнасьці да ўлады.
Дзеячы культуры першымі зазналі на сабе і «калектыўныя» рэпрэсіі ўладаў, калі пачаліся зьнішчэньні цэлых творчых устаноў ці звальненьні найбольш кваліфікаваных іх супрацоўнікаў. Потым перасьлед перакінуўся на сфэру адукацыі, акадэмічныя навуковыя асяродкі, дасягнуў і мэдычных устаноў.
Калі спрасьціць сытуацыю да прымітыву (а да гэтага, уласна, і ідзе), можна прыйсьці да высновы: рэжыму інтэлігенцыя не патрэбная ўвогуле. Не патрэбныя ня толькі пісьменьнікі, мастакі ды акторы, але і навукоўцы, і нават настаўнікі.
Выключэньне складаюць хіба што мэдыкі: трэба ж некаму лячыць чыноўнікаў ды сілавікоў.