На расейскіх і беларускіх самалётах замежнай вытворчасьці, якія ажыцьцяўлялі рэйсы зь Менску і ў Менск, з пачатку 2023 году адбылося ня менш за 23 інцыдэнты, зьвязаныя з умовамі бясьпекі палётаў.
Гэта вынікае з закрытых службовых дакумэнтаў Фэдэральнага агенцтва паветранага транспарту Расеі (Расавіяцыя), якія абнародавала Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны. Дакумэнты былі атрыманыя ў выніку кібэрапэрацыі.
Найчасьцей інцыдэнты здараліся з самалётамі, якія належаць расейскім авіякампаніям «Аэрофлот» і «Победа», а тры выпадкі зафіксаваныя на самалётах «Белавія».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пры вылеце са Стамбулу пашкодзілася кола шасі самалёта «Белавія»У прыватнасьці, 12 студзеня экіпаж самалёта «Белавія», які ажыцьцяўляў рэйс «Менск — Сочы», паведаміў аб праблемах з наддувам (гэта зьвязана з працай рухавіка. — РС) і папрасіў дазволу на зьніжэньне. Але ўрэшце экіпаж ухваліў рашэньне ляцець на аэрадром прызначэньня.
9 лютага яшчэ адзін самалёт «Белавія», які ажыцьцяўляў рэйс зь Менску ў Маскву, быў адхілены ад палёту па прылёце ў аэрапорт «Шарамецьева», бо пры аглядзе знайшлі скразное пашкоджаньне абшыўкі фюзэляжа. Пазьней самалёт адрамантавалі і вярнулі на рэйс.
4 сакавіка экіпаж самалёта «Белавія», які вяртаўся з Сочы ў Менск, паведаміў аб праблеме з сыстэмай кандыцыянаваньня і таксама запрасіў дазвол на зьніжэньне. Пасьля зьніжэньня экіпаж ухваліў рашэньне ляцець да менскага аэрапорту.
Сярод інцыдэнтаў на расейскіх самалётах, якія ажыцьцяўлялі палёты ў Менск і зь Менску, фіксавалі як пашкоджаньні лабавых шыб ад сутыкненьня з птушкамі, так і больш сур’ёзныя адмовы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На борце «Белавія», які ляцеў з Расеі, адбылася разгермэтызацыя. У Менску самалёт сустракалі экстраныя службыНапрыклад, 19 студзеня на самалёце «Аэрафлёту» ў Шарамецьеве перад палётам у Менск знайшлі скол на пакрыцьці і кампазытнай канструкцыі на абцякальніку авіяцыйнай бартавой радыёлякацыйнай станцыі. Але вырашылі, што гэтае пашкоджаньне знаходзіцца ў межах допускаў, і самалёт падняўся ў неба.
На самалётах авіякампаніі «Победа», якія ажыцьцяўлялі рэйс «Менск — Санкт-Пецярбург», знаходзілі пашкоджаньні ў багажна-грузавым адсеку, але пасьля рамонту судна дапусьцілі да эксплуатацыі. Яшчэ на адным самалёце гэтай жа кампаніі не ўключаўся рэвэрс левага рухавіка, але пасьля ацэнкі тэхнічнага стану яго эксплюатацыю таксама дазволілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінская выведка: праз санкцыі небясьпека палётаў цывільнай авіяцыі Расеі павялічылася ўтрая23 лістапада Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны абнародавала закрытыя службовыя дакумэнты Фэдэральнага агенцтва паветранага транспарту (Расавіяцыя), якія сьведчаць пра тое, што цывільная авіяцыя Расеі знаходзіцца на мяжы каляпсу.
Дакумэнты, якія зьмяшчаюць справаздачы за апошнія паўтара года, украінскія выведнікі здабылі ў выніку кібэрапэрацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Белавія» назвала дату пачатку прамых рэйсаў зь Віцебску ў Эгіпет