Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пры вылеце са Стамбулу пашкодзілася кола шасі самалёта «Белавія»


Самалёт «Белавія», архіўнае фота
Самалёт «Белавія», архіўнае фота

Выкананьне рэйсу працягнулася і завяршылася ўдала, вынікае з паведамленьня авіякампаніі.

Пры вылеце са Стамбулу ў Менск 1 лістапада зламалася левае асноўнае кола шасі самалёта «Белавія» маркі «Боінг-737-MAX 8». Экіпаж, атрымаўшы ад наземных службаў аэрапорту паведамленьне аб праблеме, вырашыў працягваць курс на Менск. Пра гэта гаворыцца ў прэс-рэлізе, выпушчаным раніцай 2 лістапада.

«Дзякуючы прафэсійным дзеяньням экіпажу пасадка прайшла добра, ніхто з пасажыраў і членаў экіпажу, якія знаходзіліся на борце, не пацярпеў», — падкрэсьліваецца ў паведамленьні.

Самалёт пакінулі на ўзьлётна-пасадачнай паласе, рухавікі заглушылі «з мэтай недапушчэньня магчымага перагрэву шасі», пасьля чаго самалёт адбуксавалі на месца стаянкі. Праводзіцца расьсьледаваньне.

Згодна з онлайн-табло прылётаў менскага аэрапорту, пасадка адбылася на гадзіну пазьней, у 22.05 замест 21.00.

Як піша «Позірк», раней інфармацыя пра самалёт зьявілася на тэлеграм-канале «Авіятаршчына» — «авіяцыйнага рэсурсу пра расейскую цывільную авіяцыю».

Незадоўга да паўночы той паведаміў, што «пнэўматык кола ў самалёта лопнуў яшчэ пры ўзьлёце». Пасьля вылету борту на ўзьлётнай паласе «знайшлі кавалкі гумы». Перад пасадкай у Менску «лайнэр выканаў праход над паласой на вышыні 275 мэтраў і пайшоў у зону чаканьня, дзе зрабіў некалькі кругоў, пасьля чаго змог прызямліцца», экіпаж і пасажыры не пацярпелі.

Таксама там напісалі, што самалёт «страціў здольнасьць да самастойнага перамяшчэньня і ня змог вызваліць паласу сваім ходам». Борт адбуксавалі на пэрон пры дапамозе цягача.

У выніку блякаваньня ўзьлётна-пасадачнай паласы зь Менску ня мог вылецець у Маскву рэйс расейскай авіякампаніі «Перамога». Затрымка склала каля гадзіны. А іншаму самалёту «давялося пайсьці на запасны аэрадром у Гомель».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG