У Вільні пасьля Варшавы, Брусэля і Страсбура адкрылася выстава партрэтаў палітвязьняў «Беларускі мартыралёг». Аўтарка, уцякачка зь Беларусі Ксіша Анёлава, прывезла ў сталіцу Літвы амаль 400 сваіх работ з 600, напісаных за тры гады. Пагаварылі з мастачкай пра сакрэты яе майстэрства, звышзадачу, якую ставіць перад сабой, калі бярэцца за аловак альбо маркер, і пра тое, чым можна дапамагчы зьняволеным ахвярам рэжыму.
«Мая ўвага да палітвязьняў — гэта як лісты да іх. Калі-небудзь яны ўбачаць гэтыя „лісты“ і парадуюцца, што іх не забывалі, пакуль яны сядзелі за кратамі. Шмат хто ўжо ведае, што іх партрэты бачаць іншыя людзі, і гэтак — праз вочы і словы — іх падтрымліваюць. Ствараецца такая сетка дапамогі, якую перамагчы нельга», — кажа пра сваю працу Ксіша Анёлава.
Блакітны колер вачэй
Больш за 1,5 тысячы палітвязьняў налічваюць у Беларусі праваабаронцы «Вясны». Паводле іншых праваабарончых арганізацый, асуджаных з палітычных прычын беларусаў болей за 2 тысячы, і гэта толькі тыя, пра каго вядома.
«Дадайце сваякоў, дзяцей, матуль-бабуль, знаёмых гэтых людзей. Насамрэч ад цяперашніх палітычных рэпрэсій пакутуюць дзясяткі тысяч», — не пагаджаецца з гэтымі лічбамі Ксіша Анёлава. На яе думку, кампаніі салідарнасьці з палітвязьнямі праз напісаньне ім лістоў і паштовак бываюць фармальнымі і не ахопліваюць усіх магчымых формаў дапамогі. Яна ж за тое, каб дапамога стала пакліканьнем.
«Усё залежыць ад моцы абяцаньня, ад імкненьня душы. Празь любыя заслоны можна прарвацца, калі ўкладацца сэрцам», — кажа мастачка і ў пацьверджаньне расказвае пра знаёмую беларуску з Ольштына, якой удалося наладзіць перапіску амаль з 200 беларускімі палітвязьнямі.
«А нам жа гавораць, што лісты амаль не даходзяць!«— зазначае Ксіша і дадае, што яе малюнкі — такая ж спроба зрабіць немагчымае і паспрыяць хутчэйшаму вызваленьню гэтых людзей.
Адзін з партрэтаў мае яркія блакітныя вочы. Твар, усьмешка — гэта паказана дакладна. А хіба колер адпавядае арыгіналу?..
Ксіша Анёлава тлумачыць, што мэта яе працы ня ў тым, каб мага больш падобна скапіяваць фатаздымак палітвязьня, узяты з сайту «Вясны» ці знойдзены на ягонай старонцы ў фэйсбуку. Найперш ёй важная сутнасьць чалавека, а каб яе зразумець і перанесьці на паперу, зьнешняга выгляду недастаткова. Трэба ведаць долю, учынкі, словы; знайсьці тое, што ў лёсе чалавека зачэпіць іншых, чаму будзеш спачуваць. І яна гэта старанна вывучае, перш чым брацца за аловак.
«А што да колеру вачэй, то тут такая гісторыя. Калі малюеш партрэт, не заўсёды ведаеш колер вачэй. Няма добрага здымку, і што тут зробіш? Але ёсьць выйсьце. Паводле мастацкай спэцыялізацыі я іканапісец. А ў гэтай справе такі сакрэт, што лепш за ўсе колеры вачам падыходзіць валошкавы. Таму ў мяне пакутнікі часта з валошкавымі вачыма. Хіба ня трапна?»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Маўчаць — гэта згаджацца». Мастачка і ўнучка расстралянага першага рэктара БНТУ піша партрэты палітзьняволеных
Малюнкі на шпалерах
Ксіша Анёлава расказала, чаму і як тры гады таму пачала маляваць партрэты палітвязьняў. Калі загінуў Раман Бандарэнка, яна адчула патрэбу выявіць на паперы вобразы палітвязьняў, якія пакутуюць за кратамі і адтуль могуць не вярнуцца.
«Каб захаваць іх твары, позіркі, думкі, якія адбіліся ў вачах», — кажа суразмоўца. Паводле падлікаў мастачкі, тады арыштаваных у крымінальных справах было ня болей за 30 і яна ўсур’ёз разьлічавала хутка завершыць працу. Малявала па два партрэты за дзень. У якасьці матэрыялу для напісаньня партрэтаў выбрала не звычайныя белыя аркушы, а шпалеры, бо ўзоры на іх — як прыкмета часу, эпохі.
«Атрымалася, што твары нібы празрыстыя, проста празь іх праступаюць ўзоры — і так на малюнку застаецца наш час», — тлумачыць мастачка задуму, якой трымаецца і падчас працы ў эміграцыі.
Анёлава ўспамінае, што першыя намаляваныя на шпалерах партрэты палітвязьняў нават не хавала, проста складала ў стос на бачным месцы. Праўда, падпісвала іх з асьцярожнасьці не сваім імем, а творчым псэўданімам «Ніканор Казіміравіч». Так звалі яе прадзеда, які загінуў ад сталінскіх рэпрэсій. І ўсё ж спачатку мастачка не асабліва хавала сваю актыўнасьць. Але лявінай ішлі новыя і новыя арышты і суды: над актывістамі выбарчых штабоў, журналістамі, праваабаронцамі, пэнсіянэрамі, студэнтамі. Тады прыйшло ўсьведамленьне, што за працу над выявамі палітвязьняў яе ўрэшце таксама пасадзяць ў турму.
«Аднойчы давялося сабраць самыя патрэбныя рэчы і выехаць зь Беларусі ў Польшчу», — сумна разводзіць рукамі мастачка, апранутая ў беларускі нацыянальны строй. А далей тлумачыць, адкуль узялася назва выставы «Беларускі мартыралёг»: яна выбрала гэтыя словы сьвядома, каб падкрэсьліць сувязь з ідэяй арганізацыі «Мартыралёг Беларусі», зь якой у канцы 1980-х гадоў пачынаўся рух беларускага Адраджэньня.
«Той „Мартыралёг“ пачаў з аднаўленьня памяці пра ахвяр сталінскіх рэпрэсій, і мая галерэя — гэта таксама памяць. Пра цяперашніх ахвяр рэжыму Лукашэнкі, жывых і забітых. Мы ня мусім пра іх забываць. Увогуле мяркую, што без дапамогі люзей сьвету мы з гэтай бядой рады не дамо, трэба будзе яшчэ прайсьці праз шмат выпрабаваньняў і гора. Мяне дык гэтая праца ўжо не адпусьціць ніколі», — перакананая мастачца. Сярод напісаных ёй патрэтаў ёсьць і патрэты актывіста зь Бярозаўкі Вітольда Ашурка і мастака Алеся Пушкіна, жыцьцё якіх скончылася ў няволі.
Выстава партрэтаў палітвязьняў «Беларускі мартыралёг» праходзіць у доме-музэі Марыі і Юргіса Шлапялісаў. Тут у пачатку ХХ стагодзьдзя месьцілася кніжная крама, у якой прадаваліся выданьні ня толькі на літоўскай мове, але і на беларускай.
Адкрытая выстава будзе да 26 лістапада. У пачатаку наступнага году галерэю партрэтаў палітвязьняў, намаляваную Ксішай Анёлавай пабачаць у чэскім Брно і польскім Гданьску.