Некаторы час таму Ксіша зьехала з краіны, але за мяжой працягвае сваю творчасьць.
Жанчына расказала Свабодзе, чаму называе пратэстоўцаў сьвятымі і чаму раней падпісвала працы імем дзеда.
«Гэта адна гісторыя — тая, якая была ў часы майго дзеда, і да моманту, калі мы выйшлі ў ланцуг з Курапатаў да Акрэсьціна»
У Менску Ксіша публікавала свае працы пад псэўданімам Ніканор Казіміравіч. Кажа, што выбрала такое імя не выпадкова.
«Так звалі майго дзеда — Ніканора Казіміравіча Ярашэвіча, эканаміста, першага рэктара БНТУ, якога расстралялі ў 1938-м. Яго імя ў савецкі час нават у маёй сям’і не ўспаміналі, я толькі чула, як мама на кухні з бабуляй гаварылі шэптам — турбаваліся, што хтосьці даведаецца. Пры гэтым мая сямʼя заўсёды была супраць саветчыны, але яны маўчалі. Толькі пасьля 18 гадоў я даведалася, як расстрэльвалі майго дзеда і яго братоў і бацьку, літаральна ўсю сямʼю».
Ксіша кажа, што сэнс яе псэўданіма быў значна глыбейшы, чым проста магчымасьць «схавацца».
«Я лічу, што гэта адна гісторыя — тая, якая была ў часы ў майго дзеда, і да моманту 2020 году, калі мы выйшлі ў ланцуг зь Бібліяй з Курапатаў да Акрэсьціна», — узгадвае Ксіша.
Яна кажа, што яшчэ адным «маторам», каб пачаць пісаць партрэты, стаў стан, калі немагчыма было проста назіраць за тым, што адбываецца.
«Я лічу, калі ў цябе на працягу дня ёсьць крыху часу і сіл, неабходна нешта рабіць, а не сядзець моўчкі, як мая сямʼя калісьці. Маўчаць — гэта згаджацца».
«Не гераізую тых, каго малюю»
«Мая задумка — не гераізаваць тых, каго я малюю, — пачынае яна расказваць пра партрэты. — Ня тое што я неяк жахліва стаўлюся да гераічных партрэтаў, проста яны нагадваюць мне савецкі час, у якім я шмат гадоў пражыла. У сваіх працах я хацела паказаць больш гуманны бок, чалавечы, каб убачыць у пратэстоўцах і палітвязьнях звычайных людзей».
Ксіша мяркуе, што ў большасьці яе герояў лёс вымушана склаўся такім чынам.
«Я думаю, калі б я задала ёй ці яму [палітвязьням] пытаньне, то мне б так і адказалі: „Я не хацеў быць героем, я звычайная жанчына, у мяне ёсьць сямʼя, дом...“, — працягвае яна. — Цяпер усе нашы думкі і кожная наша клетачка — зь людзьмі, якія апынуліся ў турмах. Мы памятаем пра іх у нашых малітвах...»
Ксіша расказала, што партрэты людзей, якія зазнаюць перасьлед з боку ўладаў, яна пачала маляваць год таму, пасьля сьмерці Рамана Бандарэнкі.
«Памятаю, што прыкладна на пачатак сьнежня ў сьпісе „Вясны“ было каля 30 палітвязьняў. Я тады ўсіх намалявала. Але потым іх колькасьць пачала расьці ў геамэтрычнай прагрэсіі, я не пасьпявала сачыць, як лічба станавілася ўсё большаю».
Але Ксіша прызнаецца: на той момант яна думала, што ў хуткім часе абстаноўка ў краіне пачне паляпшацца.
«Мы ж усе спадзяваліся, што да зімы гэта скончыцца, але ўжо ў лютым палітвязьняў стала больш за 200. Тады я дала сабе зарок, як у казцы Андэрсэна „Дзікія лебедзі“, калі Эліза пляла з крапівы кашулі для лебедзяў, каб яны ператварыліся ў людзей. Я загадала, што калі іх усіх намалюю, то муры рухнуць, і яны выйдуць з турмы», — расказвае Ксіша Ангелава.
Ствараючы партрэт, кажа Ксіша, яна сочыць ня толькі за лініямі малюнка, яго фактурай, але перш за ўсё за біяграфіяй чалавека, які будзе намаляваны.
«І тут ужо важна не зварʼяцець, бо не паглыбляцца ў біяграфію практычна немагчыма. Калі ўважліва яе прачытаеш, то разумееш, што ўсе гэтыя людзі сьвятыя, — кажа мастачка. — Даведаесься пра іх семʼі, як яны абралі гэтую дарогу — жыць сумленна, як быццам у нейкім сэнсе многія зь іх былі падрыхтаваныя да гэтых падзей. Калі паглядзіш на іх жыцьцё да 2020 году, то разумееш, што ў гэты пункт усё ў іх рухалася, што гэта невыпадкова, іх так выхоўвалі, прышчаплялі чалавечае стаўленьне, і ў выніку гісторыя так усё зрабіла».
Ксіша Ангелава патлумачыла, што азначэньне «сьвятыя» яна выкарыстоўвае наўмысна і заклікае не палохацца таго, што адносіць яго да людзей, якія вядуць звычайнае жыцьцё.
«Гэта ўжо было ў гісторыі, калі Армянская апостальская царква кананізавала 1,5 мільёна армян, якія загінулі падчас генацыду (у 1915 годзе ў Асманскай імпэрыі. — РС). Дык а ў нас што, не генацыд?» — кажа Ксіша.
Яна кажа, што людзі, якіх яна малюе, сёньня ўжо сталі для яе вялікай сямʼёй.
«Гэтае пачуцьцё „братэрства“ вельмі дапамагае. Як быццам ты ўспомніў, што ў цябе яшчэ ёсьць сястра, брат, таму што мой сьвет хрыстацэнтрычны. Мы ўсе хрысьціяне. І хоць наша царква зь дзяржавай нам здрадзілі, але я ўсё роўна не перайшла нікуды, а засталася ў артадаксальнай царкве».
«Хачу ў іх пакінуць той ранейшы позірк, без пакутаў»
У свае працы Ксіша імкнецца дадаваць як мага больш колераў. Аргумэнтуе гэта так:
«Хочацца, каб партрэты былі ня ў чорна-белых тонах, якіх у іх у турме і так дастаткова, таму я малюю іх на вонкавым баку шпалер. Яны самі па сабе яскравыя, я таксама стараюся падбіраць іх у залежнасьці ад асобы. Напрыклад, для дзяўчынкі больш далікатныя, каб было больш кветак. Калі мужчынскі твар, то такі больш геамэтрычны ўзор...»
Самі партрэты жанчына малюе хутка.
«Больш часу ў мяне ідзе на пошук шпалер, потым іх падрыхтаваць, падшліфаваць. У самім працэсе для мяне галоўнае — вочы. Я разглядала шмат фота пакутнікаў НКВД, якіх фатаграфавалі ў камэры. Таму мяне цікавяць менавіта здымкі палітвязьняў падчас іхнага жыцьця да турмы, каб застаўся той ранейшы погляд без пакутаў. Ня варта відавочнасьць рабіць яшчэ больш відавочнай. Ня ўсе ж такія моцныя, як Гумілёў, які глядзеў у камэру перад расстрэлам, нібыта ён над „імі“».
«Нельга спыняцца»
Ксіша кажа, што яна рабіла і працягвае рабіць усё, што можа ў цяперашняй сытуацыі і ў сваім становішчы.
«Я жыву з пачуцьцём, што нельга спыняцца. Як у радках Янкі Купалы стогадовай даўнасьці: „Сьпіце ўсе тыя, што праўды па сьвеце шукалі“, і ў канцы „Збуджаны вамі, мы ўскрэсьлі, мы больш не засьнём!“.
Таму мы ня можам не падхапіць эстафэту нашых продкаў, бо трэба заўжды працягваць абараняць тое, за што яны змагаліся, і ня ставіць кропку, нават калі мы гэтага дабʼемся».