Які плён ужо ёсьць ад плятформы, чаго чакаць ад яе ў выбарчы год і як ёю бясьпечна карыстацца ў Беларусі? Пра гэта выданьню «Позірк» расказаў адзін з распрацоўнікаў плятформы Павал Лібер. Ён стаў вядомы шырокай публіцы ў 2020 годзе, калі перад прэзыдэнцкімі выбарамі прадставіў плятформу «Голас». Тая стала адным з галоўных доказаў фальсыфікацыі афіцыйных вынікаў галасаваньня.
Прапануем асноўныя тэзісы інтэрвію Паўла Лібера выданьню «Позірк».
— «Новая Беларусь» — гэта, па сутнасьці, цэлая экасыстэма прадуктаў, якую мы распрацоўваем з 2020 году. Усё пачыналася з «Голасу», які даказаў фальсыфікацыі на выбарах; потым ствараліся плятформы для мэдыцыны, юрыдычных кансультацый. Затым мы дапамагалі стварыць бізнэс-хаб і ў выніку прыйшлі да думкі, што, у прынцыпе, ствараем такую лічбавую прастору, у якой беларусы і беларускі, дзе б яны ні знаходзіліся, у краіне ці за яе межамі, зьбіраюцца разам і альбо карыстаюцца нейкімі сэрвісамі, альбо здабываюць з гэтага іншую карысьць. Тады мы пачалі ствараць усю гэтую экасыстэму «Новай Беларусі», каб людзі ня толькі зьбіраліся дзеля нейкага задавальненьня, але і ў будучыні маглі стварыць паўнавартаснае лічбавае грамадзтва, здольнае разумець свае праблемы і сумесна іх вырашаць.
І, уласна, сутнасьць плятформы, калі мы паспрабуем зьвесьці яе да нейкай кароткай фразы, — стварыць лічбавую прастору, дзе групы разрозьненых людзей ці супольнасьцяў могуць стаць, назавем гэта так, лічбавай нацыяй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Распрацоўнік плятформы «Новая Беларусь»: для беларусаў унутры краіны створаць сайт для карыстаньня праз VPN«Розныя арганізацыі могуць прыходзіць на плятформу, ствараць свае ўмоўныя філіялы»
— Якія прадукты ўдалося стварыць з моманту запуску плятформы?
— Іх зьявілася адразу некалькі. Практычна ў канцы мінулага году мы запусьцілі мабільную праграму — культурны і сацыяльны хаб, дзе разьмяшчаюцца афішы, інфармацыя пра культурныя падзеі, мітапы, канцэрты. Там былі сабраныя разам беларускія сэрвісы, ютуб-каналы і іншыя крыніцы інфармацыі.
За гэты год мы правялі «пілёт» па падатковым праекце: у Літве і Польшчы папрасілі 250 чалавек выдзеліць нашым партнэрам частку свайго гадавога падатку (у гэтых краінах ёсьць паняцьце charity-падатку, гэта значыць невялікі працэнт, які аддаецца на дабрачынныя мэты). У сябе на плятформе мы ініцыявалі генэрацыю ідэй, публічнае абмеркаваньне, выбар ідэй-фіналістаў. То бок мы гэтыя сабраныя грошы ў суме каля 20 тысяч эўра сабе не забіралі.
Перамаглі два праекты. У Літве — беларуская бібліятэка, фізычная, з магчымасьцю онлайн-рэзэрваваньня кніг. У Польшчы — ангельскамоўны партал па гісторыі Беларусі для замежных гісторыкаў і журналістаў. Цяпер абодва гэтыя праекты імплемэнтуюцца, і да канца году адзін зь іх дакладна стартуе.
Яшчэ адзін вялікі праект, рэалізацыю якога мы пачалі сёлета, — супольнасьці. Гэта значыць, калі да гэтага мы, па сутнасьці, проста давалі нейкую інфармацыю ад сябе, то цяпер розныя арганізацыі могуць прыходзіць на плятформу, ствараць на ёй свае ўмоўныя філіялы: культурныя, дыяспаральныя, бізнэс-супольнасьці і іншыя. Такім чынам, мы пачынаем папаўняць кантэнт ня толькі сваёй інфармацыяй, але і той, што генэруецца гэтымі арганізацыямі.
Вялікі аб’ём працы, які мы робім цяпер, каб запусьціць гэта да канца году, тычыцца дапаўненьня нашай плятформы палітычнымі супольнасьцямі, калі для любой палітычнай прадэмакратычнай арганізацыі будзе магчымасьць гэтак жа стварыць свой філіял, атрымаць набор інструмэнтаў, празь якія яна зможа зручней узаемадзейнічаць з сваімі карыстальнікамі.
«Мы ўвогуле не зьбіраем пэрсанальных зьвестак»
— Як вырашаецца пытаньне бясьпекі для карыстальнікаў плятформы з улікам яе прызнаньня «экстрэмісцкай» менш як празь месяц пасьля запуску?
— Па-першае, усімі сэрвісамі нашай плятформы можна карыстацца абсалютна ананімна. Можна ананімна размаўляць зь лекарамі, атрымліваць кансультацыі юрыстаў. Можна ананімна размаўляць у аплікацыі: мы просім пры рэгістрацыі толькі адрас электроннай пошты, і то ён не абавязковы, а патрэбен, толькі калі карыстальнік захоча мець зносіны ў чатах або ўдзельнічаць у галасаваньнях. Па змоўчаньні мы сёньня ўвогуле не зьбіраем пэрсанальных зьвестак, таму ў нас іх вельмі складана скрасьці. Імёны карыстальнікаў на плятформе генэруюцца выпадковым чынам з прыметніка і назвы аднаго з населеных пунктаў Беларусі, якіх на сёньня 24 тысячы. Таму там і зьяўляюцца розныя Высокашаноўныя Скарынічы і іншыя.
— Ці можаце вы, напрыклад, дапамагчы правесьці выбары ў тую ж Каардынацыйную раду?
— Мы можам правесьці выбары ў любой канфігурацыі, у тым ліку ў Каардынацыйную раду, якая цяпер, наколькі нам вядома, шукае аптымальныя спосабы іх арганізацыі. Адпаведна, калі там вырашаць, што патрэбна тэхналягічная падтрымка, мы з радасьцю дапаможам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як беларусам вярнуць адчуваньне перамогі, — стваральнік плятформы «Новая Беларусь» Павал Лібер ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Новая Беларусь» запускае пілётны праект па мясцовым самакіраваньні