У МУС Беларусі паведамілі, што ў міліцыю паступіла апэратыўная інфармацыя: у адным з дамоў вёскі Вялікі Лес Крупскага раёну знаходзіцца група ўзброеных людзей. На месца выехалі супрацоўнікі ГУБАЗіК і АМАП УУС Менскага аблвыканкаму.
У хаце знаходзіўся 62-гадовы гаспадар з двума сынамі. Мужчыну і яго 36-гадовага старэйшага сына затрымалі. А малодшы 19-гадовы, паводле ведамства, выйшаў на супрацоўнікаў з двума нажамі, пагражаючы. На патрабаваньні пакласьці зброю на падлогу не рэагаваў.
Адзначаецца, што сілавік зрабіў папераджальны стрэл, пасьля чаго прымяніў зброю на паражэньне. Мужчыну шпіталізавалі.
На месцы працуе сьледча-апэратыўная група.
Гэта ня першы падобны інцыдэнт на гэтым тыдні. Напярэдадні паведамлялася, што міліцыянты прымянялі зброю, каб затрымаць нецьвярозага мужчыну са стрэльбай у вёсцы Ліскі Рэчыцкага раёну. Мужчына тады загінуў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Узбудзіліся ўсе сілавыя структуры». Праваабаронца пра новую хвалю масавых затрыманьняў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінімум 6380 затрыманых: вынікі адміністрацыйнага перасьледу беларусаў у 2022 годзе