Каб выдаліць усе падабайкі, пайшло некалькі дзён. Як беларусы клапоцяцца пра бясьпеку ў сетках
Паводле генэральнага пракурора Андрэя Шведа, у Беларусі са жніўня 2020 году завялі 16 тысяч спраў, зьвязаных з «экстрэмісцкай» дзейнасьцю. Як вынікае зь яго словаў, больш за 70% ад агульнай іх колькасьці беларусы зьдзейсьнілі пры дапамозе інфармацыйных тэхналёгій. Гэткім чынам сілавікі афіцыйна прызнаюць, што больш за 11 тысяч спраў было заведзена за дзеяньні беларусаў у інтэрнэце — лайкі, рэпосты і камэнтары ў папулярных мэсэнджарах і сацыяльных сетках.
Дакладнай статыстыкі, як менавіта караюць беларусаў за падпіскі на «экстрэмістаў» і неляяльныя ўладам камэнтары, няма. Падобныя дзеяньні могуць кваліфікавацца ў розных сытуацыях па-рознаму, а за камэнтар пад пастом у фэйсбуку можна як атрымаць прафіляктычную гутарку з участковым, так і трапіць за краты на некалькі гадоў. Падабайкі і рэпосты караюцца звычайна «суткамі», крытычныя і проста рэзкія выказваньні ў бок уладаў могуць цягнуць на «крыміналку». Асабліва калі іх сотні, а то і тысячы. Усё гэта паўплывала на паводзіны беларусаў у сеціве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: То 5 тысяч, то 16. Як сілавікі падлічваюць арыштаваных «экстрэмістаў»«Рука не падымаецца выдаляць сяброў з фэйбуку»
Ганна* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) жыве ў Беларусі яна, падзялілася са Свабодай, як паступова мяняла свае паводзіны ў інтэрнэце пасьля 2020 году.
«Спачатку я адпісалася ад „экстрэмістаў“, але думала: „Няўжо ж будуць за лайкі чапляцца? Хай застаюцца“. Потым высьветлілася, што і за лайкі затрымліваюць. Давялося пачысьціць Facebook, Instagram ад лайкаў», — успамінае яна.
Высьветлілася, што Instagram дазваляе выдаліць толькі 50 падабаек за дзень. Потым выдае «памылку».
«Думаю, што гэта нейкая антыботавая сыстэма. Калі ты Сьвету Ціханоўскую лайкаў кожны пост увесь 2020 год, то колькі дзён спатрэбіцца, толькі каб выдаліць лайкі ёй?» — разважае суразмоўца.
Спачатку Ганна адпісвалася толькі ад мэдыя, якія сілавікі Лукашэнкі прызналі «экстрэмісцкімі».
«Цяпер, калі знаходзіш нават нешта больш-менш нэўтральнае, думаеш: лепш я ўжо ўсё пачышчу, чым давядзецца яшчэ раз усю стужку лапаціць», — кажа яна.
Жанчына больш ня ставіць падабайкі і не пакідае камэнтары ў сетках незалежных мэдыя. Да гэтага сьпісу дадаліся і беларусы з «гучнымі імёнамі». Ад людзей, чые старонкі ў сетках прызналі «экстрэмісцкімі», кшталту Андрэя Стрыжака ці Аляксея Лявончыка, яна адпісалася даўно. Паставіць падабайку можа сабе дазволіць менш вядомым людзям.
«Вось я задумалася, ці адпісвацца ад чалавека, які кіруе „экстрэмісцкай“ арганізацыяй. Ён жа „каляэкстрэмісцкі“. Калі адпісаўся, то чалавек вылятае са стужкі, і губляць час на пошук яго вельмі нязручна», — расказвае Ганна.
Беларуска «пачысьціла», то бок выдаліла з тэлефоннай кніжкі, кантакты людзей, якія могуць не спадабацца сілавікам.
«У мяне пакуль не падымаецца рука павыдаляць сваіх апазыцыйных сяброў з фэйбуку. Уся стужка ў мяне палітычная. Я перастала лайкаць актывістку з майго гораду, якая зьехала за мяжу. На той выпадак, калі нашы мясцовыя сілавікі мною зацікавяцца. Тых, хто ў Беларусі, лайкаю з адчуваньнем большай бясьпекі», — тлумачыць лёгіку паводзінаў у інтэрнэце Ганна.
Ніхто зь сяброў, хто зьехаў за мяжу, не папракаў яе, што яна не рэагуе на допісы ці адпісалася ад іх. Яна мяркуе, што эмігранты ставяцца да гэтага з эмпатыяй. Часам яна выбачаецца перад імі прыватна і тлумачыць, што гэта дзеля бясьпекі.
Калі беларуска хоча падзяліцца нечым «каляпалітычным», то робіць сторыз для «блізкіх сяброў». Такіх у яе менш за 20 чалавек.
«Потым я гэтыя сторыз выдаляю, бо яны захоўваюцца. Калі тэлефон трапіць у рукі сілавікоў, ведаю, што яны глядзяць архіўныя сторыз», — кажа суразмоўца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бацьку пісьменьніка Сашы Філіпенкі арыштавалі на 13 дзён за рэпостУ размовах ужывую яна таксама прывучылася правяраць чалавека, перад тым як гаварыць зь ім на палітычныя тэмы і выказваць сваю пазыцыю. Складае ягоны партрэт з дробных дэталяў, фразаў ці рэакцыяў. Стала больш недаверлівай, бо здараліся выпадкі, калі думала, што чалавек «свой», а аказалася — не.
«На тэму вайны ва Ўкраіне ў Беларусі гавораць мала, толькі зь вельмі блізкімі людзьмі. Калі хочаш падтрымаць Украіну, то можна скарыстаць колеры ўкраінскага сьцяга, фота з рапсам і блакітным небам», — заўважае яна.
Калі здараецца нешта надзвычайнае, то Ганна выказвае сваё стаўленьне ўскосна. Пасьля пачатку вайны ў Ізраілі, яна адчувала, што можа досыць бясьпечна выказаць сваю пазыцыю, і запосьціла ізраільскі сьцяжок. Калі памёр Алесь Пушкін, яна запосьціла ў сетках ягоную карціну. На Дзень Волі Ганна апублікавала карціну Казімера Малевіча, дзе ёсьць намёк на бел-чырвона-белы сьцяг.
Ганна тлумачыць, што з такіх «рэбусаў» складаецца частка камунікацыі паміж беларусамі. Яна заўважае і разгадвае такія намёкі і ў публікацыях іншых людзей. Прыкладам, калі прызналі экстрэмісцкімі творы Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча, можна было запосьціць цытату зь ягонага твора. Суразмоўца прызнае, што сілавікі таксама здольныя зразумець гэтыя намёкі ў інтэрнэце. Але, на яе думку, вынік залежыць не ад інтэлекту, а ад таго, наколькі хто будзе хацець выслужыцца і выкрыць сьляды «злачынства».
Яна адзначае, што адчувае няёмкасьць, калі хоча нешта напісаць, але ня можа дзеля бясьпекі.
«Вельмі хацелася нешта напісаць у гадавіну па Раману Бандарэнку, нагадаць пра памяць, але я стрымалася, вырашыла не рызыкаваць», — прызнаецца яна.
Беларуска рэгулярна «чысьціць» тэлефон. Ставіць аўтавыдаленьне паведамленьняў у перапісках.
«Калі ведаю, што гэта трэба пачысьціць, то адразу выдаляю. Стараюся не забываць і сьметніцу. Бачу, што шмат хто мяне паставіў на аўтавыдаленьне празь дзень або праз 5 хвілін. Тэлефон трымаеш у чысьціні і раптам бачыш нешта і думаеш: „Ё-маё, ну як можна было гэта ня выдаліць?“», — дзеліцца яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Без суду. Што адбылося зь беларускай судовай сыстэмай пасьля жніўня 2020 году«Нават калі гэта навіна пра Лукашэнку на БелТА, ты яе выдаліш»
Беларус Яўген* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС), які нядаўна выехаў зь радзімы, расказаў Свабодзе, як зьмяніў свае паводзіны ў інтэрнэце з 2021 году.
«Лепш нешта недзе падчысьціць, заархіваваць, прыбраць, праверыць усе падабайкі, усе прагляды на Youtube», — камэнтуе ён.
На Youtube ён у наладках адключаў захоўваньне гісторыі праглядаў. У Telegram адпісаўся ад «экстрэмісцкіх» каналаў, навіны чытаў праз пошук, потым чысьціў гісторыю пошуку, выдаляў кэш.
«Калі адкрыць Telegram на кампутары, то ён можа кэш закінуць некуды ва ўнутраныя файлы, а потым праз два гады даведаесься ад мянтоў, што ў цябе там нешта захавалася», — адзначае мужчына.
Ён кажа, што чысьціў тэлефон рэгулярна. Выдаляў адразу ўсё, за што можна было сесьці. За дзень разоў дзесяць.
«Навінавыя сайты. Усё, што тычыцца апазыцыйнай тэматыкі. Нават калі гэта навіна пра Лукашэнку на БелТА, ты яе выдаліш», — кажа Яўген.
Падабайкі ён ставіў толькі за нэўтральны кантэнт: «коцікі, сабачкі, партрэты людзей». Старонкі людзей, якія прызналі «экстрэмісцкімі», праглядаў, але лайкаў ня ставіў, потым увогуле паадпісваўся.
«Я адпісаўся шмат ад каго. Не хацелася паказваць іншым людзям, што мы знаёмыя, камунікуем, каб і іх таксама ня ставіць пад небясьпеку», — кажа пра свае захады суразмоўца.
Ён мяркуе, што эмігрантам ня варта крыўдаваць за адсутнасьць рэакцый на іхныя допісы з боку беларусаў у Беларусі.
«У цябе можа быць пяць допісаў нэўтральныя, а адзін выразна палітычны. А раптам цябе заўтра прызнаюць экстрэмістам, а празь пяць хвілін да мяне прыйдуць? Калі ён экстрэміст, ужо ўсё адно, які ты ягоны кантэнт лайкнуў», — разважае мужчына.
У Інстаграме Яўген выкарыстоўвае опцыю «блізкія сябры». Гэта людзі, якім ён давярае на 100%. У гэтай групе ў яго менш за 50 чалавек.
«Калі нешта злуе, проста накіпела ўнутры, ты можаш туды нешта выкінуць, выказаць сваё стаўленьне да ўсяго», — кажа беларус пра тое, навошта патрэбная гэтая опцыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу: год калёніі за камэнтар пра кіраўніка МУС і яго сына-міліцыянта; на сэмінарыста Беладзеда завялі крымінальную справуЗь ягоных словаў, цяпер, калі ён з-за мяжы выкладае кантэнт для блізкіх сяброў, дзе ёсьць «хаця б намёк на бел-чырвона-белы сьцяг», то людзі ў Беларусі ня ставяць пад ім падабайкі.
«Страху ў людзей поўныя штаны. Настолькі запужанае грамадзтва. І я таксама такі быў. Ты пастаянна пакутуеш ад таго, што ты можаш сказаць і як, а чаго ня можаш, што ты можаш паглядзець, а што не. Пастаянна ўключаная ўнутраная цэнзура на ўсё», — кажа ён.
Яўген прызнаецца, што падазраваў некаторых знаёмых у супрацоўніцтве з КДБ, хоць ня мог ведаць гэтага дакладна. «Ёсьць нейкія маячкі», — тлумачыць ён. Такіх людзей павыдаляў зь сяброў у сетках без тлумачэньняў. Рэакцыі зь іхнага боку не было.
Сам ён посьціў у Беларусі забаўляльны, працоўны або нэўтральны кантэнт. Выкладаць фота зь белымі і чырвонымі колерамі было небясьпечна.
«Гэта робяць, але вельмі завуалявана, каб не дакапацца. Ты дадасі туды яшчэ нешта, каб не прамым тэкстам было бел-чырвона-белае», — кажа ён.
Беларус прызнаецца, што складана было ў дні, калі адбывалася нешта надзвычайнае, прыкладам, калі памёр Алесь Пушкін, а рэагаваць на гэта ў сетках было небясьпечна.
«Ты проста нічога ня робіш у гэты дзень. Калі ў цябе нешта ўжо апублікавана, то ты гэта выдаляеш, і ў цябе пустка. Проста маўчаньне. І ўсе ўсё разумеюць. Можна выкласьці кантэнт з намёкам, прыкладам, усё цёмнае, чорнае», — дзеліцца Яўген.
Ён адзначае, што шчырыя размовы збольшага зноў перайшлі «на кухню». Тэлефоны пры гэтым адносяць у іншы пакой. З больш бясьпечных мэсэнджараў мужчына выкарыстоўвае WhatsApp, Telegram, Facetime.
«Калі ў перапісках ня хочаш камунікаваць, значыць, дамаўляемся, што сустракаемся там і там, а такой і такой гадзіне. Сустрэліся — пагаварылі. Не сустрэліся — значыць, не пагаварылі», — кажа ён.
Свой архіў фота, які не хацеў згубіць, Яўген захоўваў ня дома, у сакрэтным месцы.
«Нават калі б мяне затрымалі на невядома колькі гадоў, каб я мог выйсьці і скарыстацца тым, што ў мяне захавалася», — кажа суразмоўца.
Калі ён выехаў за мяжу, то толькі празь месяц адчуў сябе больш-менш у бясьпецы. Тады зноў падпісаўся на «экстрэмісцкія» мэдыя, перастаў чысьціць гісторыю пошуку і праглядаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Instagram — разнарадкі на падпіскі, на YouTube — стаўка на расейскіх гледачоў. Як беларуская прапаганда працуе ў сацсетках«Большасьць беларусаў з 2020 году нічога не зьмянілі»
Экспэрт у лічбавай бясьпецы Мікалай Кванталіяні расказаў, што хоць тэму лічбавай бясьпекі шмат абмяркоўваюць, беларусы ўсё адно дагэтуль робяць памылкі ў інфармацыйнай гігіене. На яго думку, асноўная праблема ў тым, што з 2020 па 2023 год у большасьці беларусаў паводзіны ў сетках не зьмяніліся.
«Як яны былі падпісаныя на „экстрэмісцкія“ каналы або чат-боты, так іх усё яшчэ можна знайсьці па гісторыі пошуку Telegram. У карыстальнікаў час ад часу ўсплываюць успаміны аб пратэставых падзеях 2020 году, дзе яны могуць быць са сьцягамі, што парушае дзейнае нацыянальнае заканадаўства», — кажа экспэрт.
Аднак пасьля 2020 году ў Беларусі ўнесьлі зьмены ў заканадаўства. Тое, што можна было публікаваць або камэнтаваць раней, стала забароненым.
«Беларусы, якіх рэпрэсіі не закранулі, не перазапусьцілі сваё жыцьцё, — зазначае Мікалай Кванталіяні.
Самы просты спосаб засьцерагчыся, на ягоную думку, — павыдаляць цяперашнія акаўнты ў сацсетках або закрыць да іх доступ і стварыць новыя, якія б адпавядалі нацыянальнаму заканадаўству.
«Гэта зрабіла б жыцьцё беларусаў у Беларусі больш бясьпечным. Паколькі там сабралася вялікая гісторыя, многія карыстальнікі не гатовыя на гэта пайсьці з сэнтымэнтальных меркаваньняў», — дадае ён.
Яшчэ адной праблемай беларусаў у Беларусі суразмоўца называе несанкцыянаваны доступ сілавікоў да мабільнай перапіскі. У гэтым сэнсе важна самастойна аналізаваць тое, што знаходзіцца на тэлефонах, кампутарах і іншых гаджэтах і пазбавіцца ад усяго, што парушае заканадаўства, раіць ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ня любіш Лукашэнку, значыць, экстрэміст. Што адбываецца з правасудзьдзем у Беларусі