У Беларусі за кратамі знаходзіцца 11 падлеткаў-палітвязьняў, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна». Гэта Мікіта Залатароў, Сяргей Гацкевіч, Эдуард Кудынюк, Максім Імхавік, Іван Пацяйчук, Дзяніс Хазей, Аляксандар Вінярскі, Павал Піскун, Алег Дабрыднеў, Арцём Вайцяховіч і Мікіта Бруй. Усе яны былі непаўналетнімі на момант затрыманьня, а пасьля асуджаныя на пазбаўленьне волі, піша Позірк.
Згодна з клясыфікацыяй Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, падлеткавы ўзрост — 10–19 гадоў.
«З пачатку пратэстаў у Беларусі тысячы дзяцей адчулі на сабе рэпрэсіі праз затрыманьне і крымінальны перасьлед бацькоў, а дзясяткі апынуліся за кратамі. А некаторых непаўналетніх нават білі і катавалі», — гаворыцца ў паведамленьні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падлеткам у Беларусі з 16 гадоў дазволяць весьці бізнэс, але абмяжуюць магчымасьці адкрываць рахункі ў банкахАсабліва вядомая гісторыя — Мікіты Залатарова, якога затрымалі 11 жніўня 2020 году, калі яму было 16 гадоў. У лютым 2021 года хлопца прыгаварылі да 5 гадоў у выхаваўчай калёніі ў рамках крымінальнай справы аб «кактэйлях Молатава». Пасьля абвяшчэньня прысуду ў Мікіты Залатарова пачалася гістэрыка. Ён кідаўся на краты і крычаў: «Выпусьціце мяне адсюль!» Пазьней на маладога чалавека завялі яшчэ адну крымінальную справу — за «гвалт або пагрозу прымяненьня гвалту ў дачыненьні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў».
У пачатку жніўня 2022 года стала вядома, што рэжым утрыманьня палітвязьня зьмянілі на строгі, яго перавялі ў жодзінскую турму № 8 (Менская вобласьць). Канчатковы тэрмін зьняволеньня — 4,5 года.
Залатароў, які хварэе на эпілепсію, неаднаразова скардзіўся бацьку на катаваньні, у прыватнасьці на ўжываньне электрашокера. Затым рэжым Лукашэнкі пачаў перасьледаваць і бацьку палітвязьня, па чарзе прызначыўшы яму некалькі арыштаў на 15 сутак.
Агулам на сёньня ў Беларусі 1447 палітвязьняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бацьку палітзьняволенага падлетка Залатарова арыштавалі сёмы раз запар