Сьцісла:
- Магчыма, назіраецца абарончая рэакцыя мозгу, якая выціскае ўспаміны аб траўматычных падзеях.
- На чыім баку большасьць, у грамадзтва ёсьць розныя думкі, і прапаганда працуе над тым, каб замацаваць сваю вэрсію.
- Прапаганда мае дзьве калёны. Адна для шырокіх масаў, другая — для «экстрэмістаў».
- Цяперашняя сынхранізацыя беларускай дзяржпрапаганды з расейскай ня сьведчыць, што інтарэсы гаспадара Крамля і Аляксандра Лукашэнкі ва ўсім супадаюць.
— Паводле незалежнай сацыялёгіі, афіцыйным СМІ давярае ня больш за чвэрць насельніцтва. Ці імкнуцца яны ўвогуле заваяваць гэты давер, ці стаіць такая задача? Такія мэтады, як у Азаронка ці «Жоўтых сьліваў», хіба могуць яны пашырыць аўдыторыю?
— На самой справе сацыёлягі заўважаюць пэўны рост даверу да дзяржаўных СМІ, нягледзячы на тое, што зусім нядаўна гэты давер быў моцна падарваны. Можна казаць, што фактар страху ўплывае на адказы рэспандэнтаў, але нават калі і так, то ў дынаміцы фіксуецца і рост аўдыторыі дзяржСМІ, і павялічэньне даверу да іх, таму, пэўна, тэндэнцыя ўсё ж ёсьць. Можна паспрабаваць паразважаць пра яе мэханізмы.
Дзяржаўныя СМІ падаюць Беларусь як прывабную, бясьпечную і квітнеючую краіну для жыцьця. Пандэмія COVID-19 атрымала супярэчлівае адлюстраваньне на падкантрольных рэжыму тэлеканалах: уласная прадукцыя ОНТ была пра тое, што пагрозы перабольшаныя, «вируса вы не видите», а побач на тым жа канале даваліся навіны расейскага «Первого канала», дзе гаворка ішла пра сьмяротны характар пагрозы. Тое, што беларусы адчувалі сябе кінутымі сам-насам з гэтай сьмяротнай пагрозай, лічыцца адным з найважнейшых каталізатараў грамадзкага ўздыму супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
Потым былі драматычныя падзеі з задушэньнем пратэстаў пасьля выбараў 2020 году, якія, сярод іншага, суправаджаліся нематываваным ужываньнем гвалту да грамадзянаў, якія нават ня бралі ўдзелу ў пратэстах. Гэта выклікала псыхалягічную траўму сярод шырокіх абшараў насельніцтва, і цяпер, магчыма, назіраецца абарончая рэакцыя мозгу, якая выціскае ўспаміны аб траўматычных падзеях. Людзі працягваюць жыць у Беларусі, якой працягвае кіраваць Аляксандр Лукашэнка, і яны мусяць падпарадкоўвацца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зьбеглыя», «нацысты», «бандыты». Чаму абвастрылася мова варожасьці ў паведамленьнях дзяржаўных ведамстваў?— Значыць, фактычна задача прапаганды — «прымірыць» беларусаў з рэальнасьцю? Якой бы жорсткай яна ні была, прымусіць успрымаць яе як норму?
— Вельмі некамфортна трымаць у адной галаве два супярэчныя ўяўленьні пра тое, што ёсьць праўда, таму значная колькасьць людзей выбірае камфортныя паводзіны і разам з гэтым уключаецца амнэзія адносна фактаў, якія траўмуюць. Гэта дае магчымасьць дзяржаўнай прапагандысцкай машыне будаваць новую нармальнасьць ня толькі для ляялістаў, якія падтрымліваюць рэжым, але і для тых, хто зноў хоча быць па-за палітыкай. Вось такая disengaged audience (неангажаваная аўдыторыя) знаходзіцца паміж полюсамі ляялістаў і крытыкаў рэжыму і складае большасьць, за якую змагаюцца палітычныя актары, а адпаведна, і беларуская дзяржпрапаганда.
Пры гэтым функцыі прапаганды ня зводзяцца выключна да пашырэньня даверу да сваіх паведамленьняў і да кіроўнага рэжыму. Ляялісцкае ядро мусіць атрымліваць пацьверджаньні сваёй карціны сьвету, а апанэнтаў трэба дэматываваць, каб яны не праяўлялі сваёй пазыцыі публічна, зьмірыліся з тым, што рэжым стаіць непахісна. Грамадзтва ловіць сыгналы ня толькі пра тое, чаго хоча начальства, якім б яно ні было, але і пра тое, ці большасьць падтрымлівае гэтае начальства. У 2020 годзе Лукашэнка страціў маркер прадстаўніка большасьці, нават мусіў праводзіць таемную інаўгурацыю. На чыім баку большасьць цяпер, у грамадзтва ёсьць розныя меркаваньні, і прапаганда працуе над тым, каб замацаваць сваю вэрсію.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму прапагандысты ў Менску ўзрадаваліся нападу ХАМАС на Ізраіль— З гэтага гледзішча ці можна сказаць, што ў прапаганды ёсьць як бы дзьве калёны, якія выконваюць дзьве розныя задачы? Адна для шырокіх народных масаў, другая — для «экстрэмістаў».
— Канцэпцыя прапаганды дзьвюма калёнамі здаецца цалкам магчымай. Адна калёна скіраваная на шырокія масы насельніцтва, распаўсюджваючы асноўныя наратывы — гэта і ляялісты, і тыя, што знаходзяцца паміж ляялістамі і крытыкамі рэжыму. Другая, магчыма, больш радыкальная або агрэсіўная, прапаганда накіравана на канкрэтныя групы, такія як «экстрэмісты». Гэты падзел дазваляе распаўсюджваць таргетаваныя паведамленьні розным сэгмэнтам аўдыторыі. І ў тым, і ў другім выпадку прапаганда імкнецца ўзьдзейнічаць ня толькі на лягічныя перакананьні, а і на пачуцьці, але розныя.
Першая калёна нацэлена на шырокія масы, прапануючы ім карціну стабільнасьці і абяцаньне бясьпекі пад кіраўніцтвам «грознага, але справядлівага бацькі, які іх любіць», вобраз будучыні ў маштабе «чаркі і скваркі».
Другая калёна зьвяртаецца да больш радыкальных і незадаволеных элемэнтаў, часта выкарыстоўваючы мову страху і пагроз. «Беглым» і «экстрэмістам» прапануецца толькі баяцца гэтага «бацькі» і вымольваць прабачэньне. У гэтай карціне нават не дапускаецца думка, што людзі могуць самі будаваць свой лёс і вызначаць лёс краіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пазбаўленыя «хімэраў сумленьня». Які лёс чакае «зорак» прапаганды, выгадаваных рэжымам Лукашэнкі— Чым можа патлумачыць канфлікты і бітвы паміж рознымі прапагандыстамі? Па-вашаму, хто стаіць за такімі пэрсанажамі, як Бондарава ці Мірсалімава, якія настолькі антыбеларускія, што гэта відавочна пярэчыць ужо нават афіцыйнай лініі?
— Дзеячы беларускай прапагандысцкай машыны ў значнай ступені ёсьць удзельнікамі палацавай палітыкі: хто больш спадабаецца султану, той атрымае больш дарагія падарункі. Фінансавы рэсурс дзяржаўных СМІ выглядае вялікім у параўнаньні з рэсурсам незалежных СМІ, але асноўны акцэнт робіцца на тэлеканалы, а гэта вельмі рэсурсаёмістыя сродкі камунікацыі. У Беларусі, як прызнаўся міністар інфармацыі Ўладзімір Перцаў, зьменшыўся рэклямны рынак, які даваў значную частку свайго пірага тэлеканалам. Даіць алігархаў паводле расейскага прыкладу немагчыма, бо няма алігархаў, таму, акрамя ўласна бюджэту Рэспублікі Беларусь, прапагандысты змагаюцца яшчэ і за бюджэт «саюзнай дзяржавы», таксама не бяздонны.
Што тычыцца актыўнасьці зьнізу, якія праяўляюць Бондарава і Мірсалімава, то ў аўтарытарных рэжымах любое аўтаномнае дзеяньне без загаду начальства выклікае як мінімум падазрэньне. Тут жа можна казаць, што гэтыя пэрсоны зьяўляюцца носьбітамі калі не ідэалёгіі, то сумы каштоўнасьцяў «русского мира». Сымбаль веры гэтага «мира» знаходзіцца ў Маскве, а ня ў Менску, таму ўжо само гэта зьяўляецца праявай неляяльнасьці.
У гэтай сытуацыі такую актыўнасьць мусяць збольшага трываць, але нагадаю, што перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2020 году Менск і Масква знаходзіліся ў стане інфармацыйнага супрацьстаяньня і на пачатку кампаніі ў Менску заяўлялі, што Масква замахваецца на беларускую стабільнасьць, ківалі на лялькаводаў у «Газпраме», «а можа быць, і вышэй». Цяперашняя сынхранізацыя беларускай дзяржпрапаганды з расейскай ня сьведчыць пра тое, што інтарэсы гаспадара Крамля і Аляксандра Лукашэнкі ва ўсім супадаюць, і тым больш, што так будзе заўсёды. А вось наконт неляяльнасьці — каму трэба, тыя памятаюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выдавец Янушкевіч: «Рэжым Лукашэнкі прымае беларускую культуру толькі ў фальклёрна-савецкіх фарбах»— Прапагандысцкая машына працуе фактычна ва ўмовах адсутнасьці дакладнай і зацьверджанай ідэалёгіі. Фактычна адзінай ідэалёгіяй становіцца барацьба з ворагамі, барацьба зь іншымі ідэямі, процістаяньне ім. Ці хапае ім гэтага, або яны спрабуюць знайсьці сваю ідэю? Або проста бяруць расейскую?
— На паперы ідэалёгія ёсьць, але яна эклектычная і падручнікі розных ВНУ супярэчаць адзін аднаму. Фактычна арыентырамі для ідэолягаў зьяўляюцца прамовы Аляксандра Лукашэнкі і наратывы, якія трансьлююць дзяржСМІ. Гэтыя вэктары пэрыядычна мяняюцца. У цяперашняй зборцы наратываў можна назіраць вялікі ўплыў пераасэнсаваных на сёньняшні лад канцэпцый «заходнерусізму», які ў XIX стагодзьдзі выступаў за захаваньне і рэвіталізацыю мясцовых сялянскіх традыцыяў і нават моваў, але як часткі расейскай нацыянальнай ідэнтычнасьці. Гэта адкрывае шлях да запазычаньня крамлёўскіх наратываў. Што тычыцца барацьбы з ідэямі, то дазволена быць згодным з Аляксандрам Лукашэнкам, а ўсё астатняе названа антыдзяржаўнай дзейнасьцю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму праўладныя прапагандысты сварацца між сабой