У Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой прадставілі вынікі дасьледаваньня, паводле якога стала вядома, што ў Эўразьвязе працуюць 8103 кампаніі зь беларускімі бэнэфіцыярамі.
Такую лічбу агучыў віцэ-прэзыдэнт Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой (ABBA) Серж Наўродзкі.
«Гэта мінімальныя дадзеныя. Калі кампанію зарэгістравала іншая кампанія зь іншымі бэнэфіцыярамі, то ў нашым рэестры яе ня будзе. Хутчэй за ўсё, такіх кампаній больш. Па структуры зь іх 74% у Польшчы, у Эстоніі — 9%, у Літве — 8%, у Латвіі — 5%. Зь іх у 2020-2023 зарэгістравана 58%. Да 2020 году — 42%», — сказаў Серж Наўродзкі.
Гэтыя кампаніі ўжо ўтварылі 17 216 працоўных месцаў, зь іх 52% — у Польшчы, 39% — у Літве. Гэтыя лічбы ўлічваюць як буйныя ІТ-кампаніі, якія рэлякаваліся зь Беларусі, так і невялікія кампаніі. Вялікі адсотак у Літве зьвязаны зь пераездам туды вялікіх ІТ-кампаній, дадае Серж Наўродзкі.
Патэнцыял ІП беларусаў у ЭЗ аўтары дасьледаваньня ацэньваюць у 21 300 чалавек. Зь іх дзьве траціны ў ІТ-сэктары. Гэта як ужо адкрытыя ІП, так і тыя, хто зьбіраецца адкрыцца цягам наступных трох гадоў. Такая экспэртная ацэнка па выніках дасьледаваньня.
40% беларускіх прадпрымальнікаў гатовыя вярнуць свой бізнэс у Беларусь пасьля зьмены ўлады. 24% гатовыя інвэставаць грошы ў эканоміку Беларусь пасьля пераменаў. Прычым фізычна гатовыя вярнуцца толькі 15%. Такія дадзеныя прэзэнтаваў Цэнтар новых ідэй.
Вядома, што 152 277 беларусаў цяпер жывуць у Эўразьвязе з дакумэнтамі доўгатэрміновага знаходжаньня: дазвол на жыхарства, статус уцекача, гуманітарны статус (без уліку візаў).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Толькі траціна бізнэсоўцаў, якія эмігравалі, гатовыя вярнуцца ў Беларусь пасьля зьмены ўлады, — дасьледаваньне ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вільні пачаўся форум беларускай бізнэс-дыяспары ў краінах Балтыі