«Беларуськалій» праз арбітражны суд спрабуе спагнаць зь Літвы 1 мільярд эўра за забарону на транзыт калійных угнаеньняў. Нібыта такія страты прадпрыемства панесла празь дзеяньні літоўскіх уладаў. Літва закрыла магчымасьць транспартаваньня грузаў для Беларусі праз свае парты ў лютым 2022 году.
На пачатку лістапада 2023 году сусьветныя цэны на калійныя ўгнаеньні вярнуліся на даваенны ўзровень — да 250 даляраў за тону. Годам раней цэны былі значна вышэйшыя — да 633 даляраў за тону. Глядзім, як на фоне зьніжэньня цэнаў працуе «Беларуськалій», які з 2021 году пад санкцыямі ЗША і абмежаваньнямі з боку Эўразьвязу. У 2022 годзе ЭЗ пашырыў абмежаваньні на куплю амаль усёй прадукцыі «Беларуськалію».
Як зьмяніліся пастаўкі беларускіх калійных угнаеньняў
У 2020 годзе, да ўводу санкцый, Беларусь прадавала свае калійныя ўгнаеньні як у краіны Азіі, Індыю, так і ў Эўропу. ТОП пакупнікоў у грашовым аб’ёме за 2020 год выглядаў наступным чынам:
- Бразылія — 520,7 мільёна даляраў за год
- Кітай — 319,7 мільёна даляраў за год
- Індыя — 289,7 мільёна даляраў за год
- Краіны ЭЗ — 195,7 мільёна даляраў за год
- Інданэзія — 139,8 мільёна даляраў за год
Тады Беларусь прадала за год калійных угнаеньняў на 2,4 мільярда даляраў па сярэдняй цане 337 даляраў за тону.
І гэта быў апошні год, калі дзяржаўныя органы публікавалі такую статыстыку. Пасьля палітычнага крызісу і санкцый яе проста закрылі. Цяпер, калі дзяржаўныя чыноўнікі паведамляюць пра кантракты на пастаўку калійных угнаеньняў, то гавораць проста пра такі факт, без падрабязнасьцяў.
Вядома, што за 9 месяцаў гэтага году Беларусь прадала ў Кітай калійных угнаеньняў на 1,25 мільярда даляраў.
Таксама, па зьвестках Свабоды з прадпрыемства, пастаўкі ў параўнаньні зь мінулым годам маглі вырасьці ў 1,5–2 раза. Цяпер, апроч Кітаю, беларускія ўгнаеньні ідуць у Індыю, Інданэзію і Бразылію. Аднак і сусьветныя цэны на іх у параўнаньні зь мінулым годам зьменшыліся ў 2,5 раза.
Канкурэнт «Беларуськалію» — расейскі «Ўралкалій» — ужо сёлета ў красавіку паведаміў пра падпісаньне доўгатэрміновага кантракту зь Індыяй. Аб’ём паставак не разгалошваўся, але раней Расея займала невялікую долю індыйскага рынку калійных угнаеньняў — каля 1,3%. Згодна з індыйскай статыстыкай з красавіка па верасень, гэтая краіна закупіла ў Беларусі тавараў толькі на 5,3 млн даляраў.
13 лістапада кіраўнік беларускага МЗС Сяргей Алейнік заяўляў, што Беларусь пакрывае 80% патрэбаў Турэччыны ў калійных угнаеньнях. Аб’ёмы паставак ён не ўдакладняў. «Беларуськалій» жа паведамляў, што да канца году плянуюць адгрузіць на экспарт да 8 мільёнаў тонаў сваёй прадукцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўскі тэлеканал TV3: «Беларуськалій» хоча праз арбітражны суд спагнаць зь Літвы мільярд эўра
«Аб’ёмы паставак удвая меншыя за дасанкцыйныя»
Паводле крыніцы, знаёмай з сытуацыяй на «Беларуськаліі», нягледзячы на заявы чыноўнікаў пра рост паставак, у рэальнасьці «яны ўдвая меншыя за дасанкцыйны аб’ём». Да таго ж цяпер пастаўляць прадукцыю стала даражэй.
«Перавозкі сталі даражэйшымі, нягледзячы на зьніжкі з боку расейскай чыгункі. Вяртаньне назад пустых вагонаў затрымліваецца з прычыны вялікіх адлегласьцяў і месцамі аднакалейных чыгуначных дарог», — расказала крыніца.
Паводле інфармацыі незалежнага Таварыства чыгуначнікаў Беларусі за 2023 год, у парты Расеі вывезьлі 4,8 мільёна тонаў грузаў. Гэта агулам усе грузы, ня толькі калійныя ўгнаеньні.
Для параўнаньня, у 2021 годзе праз эўрапейскія парты і парты Ўкраіны Беларусь вывезла 5,5 мільёна тонаў грузаў. Найбольш — празь Літву: 2,7 мільёна тонаў.
Цяпер з прычыны санкцый вывозіць грузы магчыма толькі праз Расею.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці сапраўды санкцыі адносна беларускага калію пагражаюць сьвету голадам«Расейскія парты не гумовыя»
Паводле старшай навуковай супрацоўніцы дасьледчага цэнтру Beroc Анастасіі Лузгіной, вываз праз расейскія парты абмежаваны.
«Расейскія парты не гумовыя, у іх ёсьць абмежаваньні па аб’ёме. Каб пашырыць магутнасьці, патрэбны час і грошы. Таксама ў порт трэба даставіць грузы, аптымальна — чыгункай. Для гэтага трэба пашыраць магутнасьці чыгункі, ёсьць праект збудаваць другую ветку зь Беларусі ў Санкт-Пецярбург. Пабудаваць другую ветку — гэта не адзін дзень. Таму пытаньне, як хутка яны могуць адгружаць гэтыя грузы, нават калі ёсьць патэнцыйныя пакупнікі», — кажа эканамістка.
Да гэтага дадаюцца большыя фінансавыя выдаткі, таму прыбытак меншы, дадае Анастасія Лузгіна. І гэта пры і так нізкай цане.
«Беларускі калій можа прадавацца максымум па рыначнай цане, а магчыма, і ніжэй. То бок будзе добра, калі кампанія будзе выходзіць хаця б на самаакупнасьць, а не сыходзіць у страты. Так, яны павысілі аб’ёмы ў параўнаньні зь мінулым годам, але цана значна ўпала, і яе росту не прагназуецца», — кажа Анастасія Лузгіна.
У верасьні Лукашэнка праводзіў сустрэчу з кіраўніком «Беларуськалію» Іванам Галаватым. Той сказаў, што прадпрыемства працуе з загрузкай у 80%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія шанцы ў рэжыму адсудзіць 1 млрд эўра ад Літвы. Кныровіч, Юрконіс