«Беларуськалій» абвінавачвае Вільню ў парушэньні двухбаковага пагадненьня аб абароне інвэстыцый, падпісанага ў 1999 годзе. Свае страты прадпрыемства ацаніла ў 1 мільярд эўра.
Ці можа Беларусь выйграць суд? Пра гэта Дзьмітры Гурневіч размаўляе з прадпрымальнікам і блогерам Аляксандрам Кныровічам, а таксама літоўскім палітолягам Віцісам Юрконісам.
Юрконіс нагадвае, што санкцыі супраць «Беларуськалію» ўвялі ЗША, а Літва выконвае міжнародныя абавязаньні. Палітоляг з іроніяй прапануе Менску падаць у суд адразу на Вашынгтон.
Цалкам размову глядзіце ў відэафармаце на Youtube.
Віціс Юрконіс: Беларусь —+ рэжымная краіна, якая не справаздачыцца ані паводле міжнароднага права, ані свайго народу, таму крывадушна выглядае, калі краіна, якая не выконвае міжнародных абавязаньняў, падае ў арбітраж. Вядома, яны маюць права падаць у суд, але ў Літвы ёсьць моцныя аргумэнты па гэтай справе. Бо ў рэжыму былі парушэньні, а кампанія — вялікі платнік падаткаў гэтаму рэжыму.
Аляксандар Кныровіч лічыць, што шанцы Беларусі выйграць суд — 50/50, бо Літва фармальна парушыла запіс кантракту, заўчасна прыпыніўшы яго дзеяньне.
Кныровіч: Гэта Стакгольмскі арбітраж, які судзіць, у адрозьненьне ад беларускіх судоў, сумленна, і ён будзе разглядаць абставіны з абодвух бакоў. Мы ня ведаем, што будзе, і гэта нармальна, калі мы гаворым пра незалежны суд. Амаль на такую ж суму мае прэтэнзіі туркмэнскі бок. Справа наконт невыкананьня Беларусьсю сваіх абавязкаў па будаўніцтве калійнага камбінату ў Туркмэністане ўжо знаходзіцца ў арбітражы.