Два астранамічныя фота беларуса Дзьмітрыя Канановіча публікавалі як фота дня на старонцы NASA. Астраноміяй ён захапляецца зь дзяцінства. Мае пяць тэлескопаў у розных краінах. Самай прыгожай лічыць зорку з сузор’я Лебедзя. І марыць зьняць поўнае сонечнае зацьменьне.
Дзьмітрыю Канановічу 41 год. Нарадзіўся ў Барысаве, астраноміяй захапляецца зь дзяцінства. Больш сур’ёзна — з 2007 году, калі ў Беларусі стварылі суполку аматараў астраноміі. Зоркі — ягонае хобі. Паводле прафэсіі ён хімік, скончыў БДУ, кандыдат хімічных навук. Апошнія 12 гадоў жыве зь сям’ёй у Эстоніі, дзе працуе над экалягічнай вытворчасьцю лекаў.
Дзьмітры фатаграфуе зоркі, плянэты, Месяц і выстаўляе іх на сваю старонку ў інтэрнэце. Часам дасылае здымкі ў рэдакцыю спэцыялізаванага астранамічнага сайта з фота дня — Astronomy Picture of the Day, якую падтрымлівае NASA — касьмічнае агенцтва ЗША. Усяго ён даслаў ім за некалькі гадоў да 10 фота. Сёлета 13 лістапада ягоны фотакаляж галяктыкі Андрамэды над Альпамі выбралі як фота дня.
«Слава мне па барабану. Я гэта раблю, каб адпачыць, атрымаць асалоду. Але калі ўбачыў апублікаваны здымак, вядома, я парадаваўся, бо ў аматарскім асяродзьдзі гэта лічыцца вельмі істотным дасягненьнем», — прызнаецца Дзьмітры.
Здымак аўтар рабіў у студзені 2022 году ў швайцарскіх Альпах. Туманнасьць Андрамэды мела сваё сьвята сёлета ў кастрычніку. Тады адзначалі 100 год, як стала вядома, што гэта не аб’ект у складзе нашай галяктыкі Млечны Шлях, а асобная галяктыка. Адкрыцьцё зрабіў амэрыканскі астраном Эдвін Хабл.
«Андрамэда „зайшла“ рэдактарам, бо часта людзі не ўяўляюць, наколькі вялікага памеру аб’екты на небе. Калі посьцяць такія фоткі, усе думаюць, што гэта зроблена праз тэлескоп, зь вялікім павелічэньнем, а насамрэч шмат астранамічных аб’ектаў маюць велізарны памер. Гэта цяжка ўявіць, пакуль няма з чым параўнаць», — тлумачыць астрафатограф.
Беларус хацеў сваім фатаздымкам паказаць памер Андрамэды — гэта як сем поўных Месяцаў паставіць у ланцужок. Ён падкрэсьлівае, што ягонае фота зробленае без тэлескопа, толькі камэрай з высокай адчувальнасьцю для астранамічных здымкаў і тэлеаб’ектывам 135 мілімэтраў.
Каб фота стала астранамічнай карцінкай дня, патрэбныя незвычайныя фота, эстэтычна прыемныя, не абавязкова зробленыя на крутую тэхніку, але каб ілюстравалі цікавую астранамічную зьяву і праз гэта папулярызавалі навуку, мяркуе Дзьмітры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да Дня матчынай мовы завод «Луч» выпусьціў гадзіньнікі зь вершам «Зорка Вэнэра»«Усе прыгожыя фатаздымкі з тэлескопа Джэймза Ўэба мы бачым у штучных колерах»
Інтэрнэт-карыстальнікі пакрытыкавалі карцінку — маўляў, гэта фаташоп. Сапраўды, выява Андрамэды — не зусім фота, а хутчэй кампіляцыя двух фатаздымкаў: галяктыкі і горнай вяршыні.
«Яны зробленыя з адной камэры, з аднаго аб’ектыва, з аднаго месца з розьніцай у 25 хвілін... Ніводная астранамічная фатаграфія не выглядае так, як гэта можна ўбачыць вокам нават праз тэлескоп. Людзі думаюць, што да тэлескопа падключылі фотаапарат, шчоўк — і яно атрымалася. Не, гэта больш складаны працэс», — тлумачыць фатограф.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маленькі прынц бываў і ў БеларусіБольшасьць астранамічных аб’ектаў вельмі бляклыя, таму патрэбная вялікая вытрымка. Гэта значыць, каб зрабіць фота, трэба чакаць, прыкладам, 20 хвілін. Зямля ўвесь гэты час круціцца, і на фота выйдзе змазанай або Зямля, або зорнае неба, тлумачыць суразмоўца.
«Асноўны крытэр, каб гэта прызнавалі рэальнай выявай, а ня фэйкам, — карцінка павінна дакладна адлюстроўваць рэальнасьць. Фатограф Віктар Малышчыц правёў добрую аналёгію з рэнтгенаўскім здымкам — мы ня бачым гэтага няўзброеным вокам, але ён адлюстроўвае рэальнасьць. Тэлескоп Джэймза Ўэба здымае ў інфрачырвоным дыяпазоне. Усе ягоныя прыгожыя здымкі мы бачым у штучных колерах», — кажа Дзьмітры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тэлескоп «Джэймс Уэб» даслаў новы здымак загадкавых «Слупоў Тварэньня»Гэта ня першае фота Дзьмітрыя, якое апублікавалі на APOD. Тры гады таму выбарам дня стала выява астранамічнай зьявы, калі плянэту Вэнэру пакрывае Месяц.
«Гэтая зьява доўжыцца некалькі хвілін, і Вэнэра заходзіць за Месяц. Там таксама кампазыцыйны каляж, я дадаў некалькі выяваў Вэнэры, каб перадаць дынаміку», — тлумачыць аўтар.
«Тэлескоп — гэта нашая нерухомасьць у Грэцыі»
Захапляцца астрафатаграфіяй дорага, але больш дасяжна, чым раней.
«Дзесяць гадоў таму камэры каштавалі 10 тысяч эўра, а па якасьці былі так сабе, а цяпер сталі нашмат лепшыя. Мая камэра каштуе 2,5 тысячы эўра», — дзеліцца Дзьмітры.
Тэлескопы больш дасяжныя — для пачаткоўцаў яны могуць каштаваць 250 эўра. Добры камэрцыйны тэлескоп можна набыць за 3,5 тысячы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ТОП-5 мясьцінаў Беларусі, дзе найлепей радавацца зоркамУ Дзьмітрыя пяць тэлескопаў пад розныя задачы і нават у розных краінах. На вакацыі ён звычайна штогод езьдзіць на Крыт. Там добра здымаць, бо на поўдні менш хмараў і больш відаць цікавых аб’ектаў.
«Там вельмі крута, бо 300 ясных начэй на год. Няма такога, што прыйшлі хмары і ўсё закрылі. Усё, што заплянуеш, хутчэй за ўсё, атрымаецца. У Эстоніі шанец зьняць заплянаванае — недзе 25%», — тлумачыць фатограф.
Там ягоны тэлескоп захоўваецца ў сябра. Раней беларус вазіў рыштунак з сабой, але гэта цяжка — 50 кіляграмаў, перавозіць дорага, да таго ж апарат могуць пашкодзіць.
«Як жартуе жонка, тэлескоп — гэта нашая нерухомасьць у Грэцыі», — кажа Дзьмітры.
Шмат здымкаў робіцца ў падарожжах па Швайцарыі. Там самы малы ягоны тэлескоп, але ў горы Дзьмітры яго ня носіць. Здымаў нават праз арандаваны вялікі тэлескоп у Чылі. Але ў Паўднёвую Амэрыку ня езьдзіў, кіраваў абсталяваньнем праз інтэрнэт.
Беларусь для астранамічных здымкаў лепшая краіна, чым Эстонія, прызнаецца суразмоўца, бо яна больш на поўдні і надвор’е там ясьнейшае.
Марыць зьняць сонечнае зацьменьне
Дзьмітры пагаджаецца, што астраномія — гэта ня вельмі практычнае захапленьне. Астрафатаграфіяй ён займаецца дзеля свайго разьвіцьця.
«Калі я гляджу на зорнае неба, то думаю, як шмат там прыгожага, незвычайнага адбываецца, і як мала людзей пра гэта ведае», — кажа ён.
Дзьмітрыю цікава назіраць за мэтэорнымі патокамі. Так, у жніўні можна ўбачыць Пэрсэіды. Сёлета беларус паехаў да сяброў у эстонскую вёску, дзе неба вельмі цёмнае і таму добра відаць зоркі. Там яны селі на плоскім даху, узялі гарбату, уключылі музыку і глядзелі, як падаюць зоркі.
«Людзі думаюць, што калі зоркапад, то вельмі шмат зорак. Не, трэба сядзець, чакаць, і раз на пару хвілін, можа, недзе ўбачыш, калі пашанцуе. Калі некалькі гадзін праседзець, можна ўбачыць шмат, і дробных, і вельмі яркіх. Калі хтосьці ўбачыў і кажа: „Вось-вось, ляціць!“ — ужо ўсё скончылася, бо гэта вельмі хутка адбываецца, сэкунда», — кажа аматар зорак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зорка перад сьмерцю, паглынаньне галяктык і касьмічныя горы. NASA паказала новыя здымкі тэлескопа James WebbДзьмітры лічыць, што самыя прыгожыя зоркі — падвойныя.
«Пэўна, самая прыгожая зорка, якую можна назіраць праз тэлескоп, — зорка ў сузор’і Лебедзя, называецца Альбірэо. Няўзброеным вокам яна выглядае як адна зорка. Праз тэлескоп відаць зорка прыгожага жоўтага колеру і побач зорка блакітнага колеру. Такая камбінацыя вельмі прыгожа выглядае», — кажа Дзьмітры.
Самыя яскравыя эмоцыі ён меў, калі бачыў нейкае зь нябесных целаў упершыню.
«Калі я ўпершыню ўбачыў Альбірэо або Сатурн праз тэлескоп, то ад гэтага перахоплівала дыханьне», — кажа беларус.
З усіх астранамічных зьяваў ён ужо 15 гадоў марыць зьняць поўнае сонечнае зацьменьне.
«Я настройваюся, што трэба ехаць у іншую краіну, бо гэтая зьява назіраецца толькі ў невялікай частцы сьвету. Але нешта адбываецца — і я мушу ўсё скасаваць. Было, што я зьбіраўся ўжо квіткі на самалёт набываць, але я або на працы павінен быць, або іншае мерапрыемства, або на астравах немагчыма было наняць гатэль, бо ўсё ўжо зарэзэрвавалі пад зацьменьне», — успамінае ён.
Паводле сонечнага раскладу, поўнае зацьменьне чакаецца ў ЗША ў наступным годзе і ў Гішпаніі ў 2026 годзе.
«Астраномія — вельмі дакладная навука», — кажа Дзьмітры.