Прэзыдэнт Джо Байдэн заявіў 14 лістапада, што ў ходзе перамоваў зь лідэрам Кітаю Сі Цзіньпінам ягонай мэтай будзе аднаўленьне нармальных кантактаў паміж дзьвюма краінамі, у тым ліку — паміж амэрыканскімі і кітайскімі вайскоўцамі, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Джо Байдэн і Сі Цзіньпін сустрэнуцца 15 лістапада каля Сан-Францыска на палях саміту Азіяцка-Ціхаакіянскага эканамічнага супрацоўніцтва. Гэта будзе другая асабістая сустрэча двух лідэраў з моманту ўступленьня Байдэна на пасаду прэзыдэнта ЗША ў студзені 2021 году.
Размаўляючы з журналістамі пасьля завяршэньня свайго выступу ў Белым доме, прысьвечанага праблеме кліматычных зьменаў, Байдэн сказаў, што імкнецца зьмяніць да лепшага адносіны ЗША і Кітаю.
Адказваючы на пытаньне, як ён будзе ацэньваць посьпех перамоваў зь Сі Цзіньпінам, Байдэн растлумачыў:
«(Мэта перамоваў) — вярнуцца да нармальнага курсу, (у рамках якога будзе магчымасьць) абмяняцца лістамі і падняць тэлефонную слухаўку, каб пагаварыць адзін з адным у крызіснай сытуацыі, а таксама — пераканацца, што нашыя вайскоўцы па-ранейшаму падтрымліваюць кантакты паміж сабой».
У той жа час прэзыдэнт ЗША падкрэсьліў адрозьненьні ў пазыцыях Вашынгтона і Пэкіна па пытаньнях камэрцыйнага супрацоўніцтва. Байдэн адзначыў, што было б добра, калі б сярэдні грамадзянін Кітаю меў належную працу, але ён не зьбіраецца «адстойваць пазыцыю, згодна зь якой для таго, каб інвэставаць у Кітай, мы павінны раскрыць усе нашы камэрцыйныя сакрэты».
Пэкін пайшоў на разрыў вайсковых кантактаў з ЗША ў жніўні 2022 году, пасьля таго як тагачасная сьпікерка Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэласі наведала Тайвань.
Напружанасьць у адносінах паміж Вашынгтонам і Пэкінам узрасла пасьля таго, як у лютым 2023 году Байдэн загадаў зьбіць кітайскі выведны аэрастат, які пралятаў над тэрыторыяй ЗША.