Сьцісла:
- Паводле кіраўніка таварыства паляўнічых Ігара Шуневіча, паляўнічыя пойдуць у народнае апалчэньне са сваёй зброяй.
- Змагацца з замежнымі захопнікамі, выкарыстоўваючы паляўнічую зброю, неяк трохі дзіўна. Значыць, ваяваць плянуюць з унутранымі ворагамі, з праціўнікамі ўлады?
- Праблема ў тым, што ў Беларусі жыве не «глыбінны народ», а расколаты народ. Гэты раскол праходзіць і ў асяродзьдзі паляўнічых і рыбаловаў.
13 лістапада Аляксандар Лукашэнка заслухаў даклад старшыні Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў (БТПР) Ігара Шуневіча. Паводле інфармацыі ягонай прэсавай службы, абмяркоўвалі пытаньні вытворчасьці боепрыпасаў да гладкаствольнай зброі, рэгуляваньня колькасьці жывёл і птушак, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі, нейкія супярэчнасьці паміж БТПР і ўрадам і іншую драбязу. Яшчэ Лукашэнку быў уручаны знак, якім узнагароджваюцца знакамітыя паляўнічыя. Здавалася б, ня царская гэта справа — займацца пытаньнямі такога невысокага ўзроўню.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шуневіч на сустрэчы з Лукашэнкам прапанаваў адстрэльваць «праблемных» мядзьведзяўМагчыма, зьдзіўленьне так і павісла б у паветры, каб не Шуневіч. Працаваў міністрам унутраных спраў, ён прэтэндаваў на ролю публічнага палітыка, прыцягваў да сябе ўвагу рознымі ініцыятывамі. То пераапранаўся ў форму камісара НКВД сталінскіх часоў, то змагаўся з эўрапейскімі амбасадарамі па тэме ЛГБТ, то зацята абараняў няўклюдны помнік «менскаму гарадавому».
Вось і цяпер пасьля справаздачы Лукашэнку Шуневіч паведаміў журналістам яшчэ пра адно важнае пытаньне, якое абмяркоўвалася падчас сустрэчы. Кіраўнік БТПР дакладаў, як чальцы арганізацыі будуць змагацца з ворагамі. Вось цяпер, пасьля гэтай інфармацыі, больш зразумелым стаў галоўны сэнс сустрэчы.
Паводле Шуневіча, паляўнічыя пойдуць у народнае апалчэньне са сваёй зброяй, у іх ёсьць стралковы вопыт, экіпіроўка і абсталяваньне. «І самае галоўнае, гэта чалавек, які не баіцца крыві, як мінімум», — сказаў Шуневіч. Яшчэ ён удакладніў:
«Паляўнічыя, якія ня будуць прызваныя на службу ў парадку, вызначаным ваенкаматамі, безумоўна, возьмуць удзел у любых дзеяньнях, неабходных для абароны дзяржавы. Выкарыстоўваючы і свае навыкі, і экіпіроўку, і зброю. Пра гэта таксама мы сёньня гаварылі... Кожны, хто валодае зброяй, разумее, што павінен будзе абараняць».
З кім зьбіраюцца ваяваць паляўнічыя і рыбаловы? Змагацца з замежнымі захопнікамі, выкарыстоўваючы паляўнічую зброю, неяк трохі дзіўна. Значыць, ваяваць плянуюць з унутранымі ворагамі, з праціўнікамі ўлады? І чаму падкрэсьліваецца іх перавага ў тым, што яны не баяцца крыві? Звычайныя апалчэнцы баяцца праліваць кроў суайчыньнікаў?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Беларусі вызначыў, як будуць выбіраць кандыдатаў у атрады апалчэньня і іхных камандзіраўНавошта Лукашэнку патрэбныя яшчэ паляўнічыя і рыбаловы, калі ва ўнутраных войсках ствараюцца ўсё новыя падразьдзелы для барацьбы з унутранымі ворагамі (такая функцыя ўнутраных войскаў)? Няўжо ён ня верыць у іх надзейнасьць? Або ворагаў у краіне так шмат, што рэгулярных фармаваньняў сілавых структураў ня хопіць, трэба задзейнічаць паляўнічых, рыбаловаў, лесьнікоў, пажарнікаў і іншых апалчэнцаў?
Паводле лёгікі Лукашэнкі, калі паўторыцца 2020 год, то войскаў можа не хапіць. І яшчэ невядома, як яны сябе павядуць. Таму трэба апэляваць да «глыбіннага народу». Зьвярніце ўвагу — народнае апалчэньне ствараецца не ў сталічных мікрараёнах, ня ў Парку высокіх тэхналёгій. Не, яно ствараецца выключна пры сельскіх саветах. Год таму (03.06.2022), разважаючы на гэтую тэму, ён паспрабаваў растлумачыць, што мае на ўвазе: «І я падумаў, што нам на ўсялякі выпадак трэба пры кожным сельскім савеце мець вось гэтае народнае апалчэньне, групу людзей. Іх будзе няшмат. Можа, 50 чалавек...» То бок менавіта там, у сельскай мясцовасьці, жыве, як ён лічыць, ягоны надзейны электарат. Яны ня здрадзяць, не засумняваюцца. Паляўнічыя і рыбаловы — з таго ж шэрагу. Да таго ж яны і крыві не збаяцца. Іх і трэба паклікаць на сваю абарону.
Аднак праблема ў тым, што ў Беларусі жыве не «глыбінны народ», а расколаты народ. Гэты раскол праходзіць і ў асяродзьдзі чальцоў БТПР. Там ёсьць і прыхільнікі, і праціўнікі існага рэжыму. І спроба задзейнічаць іх супраць унутраных ворагаў можа даць зусім нечаканы вынік.
Падчас папярэдніх выбарчых кампаній на шэрагах участкаў сталіцы парадак падтрымлівалі казакі. Можна ўявіць, цяпер там зьявяцца паляўнічыя з стрэльбамі і рыбаловы з вудамі. Няхай баяцца ворагі!
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У разьліку на «глыбінны народ». Навошта Лукашэнку народнае апалчэньне