Экс-міністар унутраных спраў, а цяпер старшыня Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Ігар Шуневіч выказаўся за рэгуляваньне колькасьці мядзьведзяў, яго цытуе БелТА. Ён зазначыў, што ў Беларусі налічваецца больш за 700 мядзьведзяў, а 20 гадоў таму было ўсяго 150 асобін.
«Наша задача — атрымаць дакладнае разуменьне ад нашай навуковай грамадзкасьці, якая аптымальная колькасьць мядзведзяў павінна быць на нашай тэрыторыі, якая б дазволіла нам адкрываць на іх паляваньне. Паколькі гэтая аптымальная колькасьць сёньня ня выведзена, мы гаворым: давайце мы будзем рэгуляваць колькасьць там, дзе іх вельмі шмат, вельмі шмат, дзе ён перашкаджае жыць», — дадаў ён.
Шуневіч сказаў, што сёньня размова ідзе толькі аб рэгуляваньні колькасьці мядзьведзьяў, а не адкрыцьці на іх паляваньня, бо від занесены ў Чырвоную кнігу.
«Але калі ёсьць яго залішняя колькасьць, трэба пэўную колькасьць адстраляць, асабліва праблемных зьвяроў, якія заходзяць у населеныя пункты, на пчальнікі, якія ўжо сёньня траўмуюць людзей», — сказаў Шуневіч.