Двухгадовы праект па скарачэньні бюджэтнікаў стартуе ў Беларусі з наступнага году. Закране ён не чыноўнікаў, а лекараў, выхавацеляў садкоў, супрацоўнікаў бібліятэк ды іншых бюджэтных арганізацый. Адпаведную пастанову апублікаваў беларускі ўрад.
Пад скарачэньне падпадуць супрацоўнікі 26 арганізацый. Сярод іх, напрыклад, Крупская цэнтральная раённая лякарня, Любанская цэнтральная раённая лякарня, 38-я гарадзкая клінічная паліклініка ў Менску, дзіцячы садок № 110 у Гомлі, сярэдняя школа № 4 у Стоўпцах, Смаргонскі раённы цэнтар творчасьці дзяцей і моладзі, Наваградзкая раённая бібліятэка, Дом-інтэрнат для пэнсіянэраў і інвалідаў у Менску ды іншыя.
Гаворка ідзе пра частковае скарачэньне штату і падзел астатняй нагрузкі паміж супрацоўнікамі, якія застануцца. Колькі менавіта людзей хочуць скараціць, у пастанове не ўказана. Вырашаць, каго звальняць і як потым дзяліць нагрузку, будуць кіраўнікі згаданых у пастанове арганізацый.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: EPAM вырашыў звольніць частку каманды ў БеларусіТам, дзе плянуюць скарачэньні, і так недахоп кадраў
Крупская цэнтральная раённая лякарня, дзе хочуць скарачаць мэдыкаў, ужо цяпер шукае адразу 18 лекараў: ад кардыёляга да стаматоляга. Таксама ўстанове не хапае 15 мэдычных сясьцёр і 7 фэльчараў.
У Любанскую цэнтральную раённую лякарню шукаюць чатырох лекараў рознай спэцыялізацыі.
У Менскі дом-інтэрнат для пэнсіянэраў і інвалідаў шукаюць двух лекараў. Агулам там 21 вакансія, трэба кухар, мэдычныя сёстры, інжынэр па ахове працы ды іншыя супрацоўнікі.
У 38-й гарадзкой менскай паліклініцы трэба 6 лекараў і чатыры мэдычныя сястры.
Стаўпецкая сярэдняя школа № 4 шукае чатырох супрацоўнікаў. Сярод іх адзін настаўнік — фізычнай культуры.
Наваградзкая раённая бібліятэка шукае аднаго бібліятэкара.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У крызіснай сытуацыі ніхто з дэпутатаў не захоча легчы касьцьмі за Лукашэнку, — КласкоўскіЛекараў і выхавацеляў скарачаюць, сілавікоў набіраюць
Кіраўнік унутраных войскаў, намесьнік міністра ўнутраных спраў Мікалай Карпянкоў 12 лістапада расказаў, што за год у гэтых войсках сфармавалі 5 новых падразьдзелаў, а цяпер фармуецца шосты. Па словах Карпянкова, унутраныя войскі ў Беларусі ўкамплектаваныя на 125%.
Раней сілавік расказваў, што ў спэцназе ўнутраных войскаў дзейнічаюць восем новых атрадаў. У Менску гэта «Рысь», «Беркут», у Берасьці — «Шторм», у Гродзенскай вобласьці — «Тайфун», «Буран» у Гомлі і «Циклон» у Астраўцы. Акрамя гэтага, у 2023 годзе зьявіліся атрады спэцназу «Смерч» і «Честь» зь ліку добраахвотнікаў і вэтэранаў.
23 кастрычніка рэсурс «Люстэрка» апублікаваў запіс выступу Карпянкова ў частцы 3214. Там ён казаў пра 1500 чалавек у новых падразьдзелах.
Колькі плацяць сілавікам у гэтых частках, дакладна не вядома. Па вакансіях падобнага кшталту прапануюць 1400 рублёў.
Па зьвестках Свабоды, заробкі сілавікоў у наваствораных адзінках могуць складаць да 2000 рублёў і вышэй. Калі ўзяць за пункт адліку такі заробак, то 1500 новых байцоў — гэта 3 мільёны рублёў штомесяц.
Сярэдні заробак у сфэры аховы здароўя і сацыяльных паслуг, дзе якраз плянуюць скарачэньні, за верасень склаў 1584,9 рубля, у адукацыі — 1296,4 рубля. Атрымліваецца, каб забясьпечыць заробкам 1500 сілавікоў — трэба «аптымізаваць» 1892 лекараў або 2314 настаўнікаў.
У праекце бюджэту на наступны год на органы ўнутраных спраў плянуюць патраціць 1 755 560 456 рублёў. Гэта на 15% больш, чым сёлета. Выдаткі на адукацыю, напрыклад, у бюджэце на наступны год паднялі на 13%, на ахову здароўя — таксама на 15%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачалі нараджаць дзяцей беларускі з «дэмаграфічнай ямы». Што гэта значыць«Гэтыя грошы з такім жа посьпехам можна было проста спаліць на вогнішчы»
Паводле прадстаўніка аб’яднаньня былых сілавікоў Belpol Уладзімера Жыгара, дзяржава проста бессэнсоўна траціць грошы на сілавікоў. А Карпянкову новыя падразьдзелы трэба, каб апраўдаць сваю дзейнасьць на пасадзе.
«Яны ствараюць бутафорскія падразьдзелы, там больш ідэалягічнага складніку, каб паказаць, што ёсьць тысячы навучаных людзей, адданых рэжыму. Яны павінны атрымліваць заробак, ім трэба форма, у іх павінны быць трэніроўкі. Гэта вялікія траты без усялякага профіту. Той жа апэратыўнік выконвае нейкую працу, вырашае нейкія задачы. А задача гэтых людзей — проста сілавое падаўленьне. Такія сродкі на сілавікоў — раўназначна, што проста спаліць гэтыя грошы на вогнішчы», — кажа Ўладзімер Жыгар.
На ягоную думку, склад сілавікоў пашыраюць, каб змагацца ня толькі зь нейкімі пратэстоўцамі, але і з уплывам з Масквы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: АЭС як мадэль гаспадараньня па-лукашэнкаўску: спачатку будуюць, потым думаюць, што з гэтым рабіць ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Эканоміка страціла 7–8% ад колькасьці занятых», — экспэрты BEROC пра агучаныя ўладамі лічбы эміграцыі беларусаў