Беларускія арганізацыі Эстоніі абʼядналіся ў кааліцыю, хочуць сувязяў з дыяспарай у іншых краінах

Акцыя беларускай дыяспары ў Таліне, Эстонія. Архіўнае фота

Беларускія грамадзкія арганізацыі Эстоніі абʼядналіся ў нефармальную кааліцыю «Згуртаваньне беларускіх суполак Эстоніі».

Як піша Reform.by, адна з мэтаў ініцыятывы — наладжваньне эфэктыўнага ўзаемадзеяньня паміж беларускай дыяспарай і эстонскім грамадзтвам.

«Цяпер беларуская дыяспара Эстоніі перажывае новы этап станаўленьня, які зьвязаны найперш са зломам кансэрватыўнага трэнду: большая частка беларусаў, якія жывуць у Эстонскай Рэспубліцы, аддалі галасы за дэмакратычны выбар у жніўні 2020 года. З гэтага моманту назіраецца новая хваля згуртаваньня беларусаў у Эстоніі і Таліне, у прыватнасьці, на дэмакратычнай праэўрапейскай плятформе», — заявіў Павал Марозаў, кіраўнік арганізацыі Valgevene Uus Tee, якая працуе з 2006 года.

У Эстоніі цяпер жыве 12 тысяч беларусаў. Дзейнасьць кааліцыі падтрымала МЗС Эстоніі. Кааліцыя вядзе перамовы з МУС краіны па выдачы эстонскіх праязных дакумэнтаў для беларусаў, тэрмін дзеяньня пашпартоў якіх заканчваецца. Кааліцыя мае намер захоўваць і папулярызаваць беларускую культуру, мову, падтрымліваць актывістаў, палітвязьняў і іх семʼі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грашовая прэмія, фільм пра гвалт у беларускім войску. Якім сёлета будзе фэстываль «Паўночнае зьзяньне»

У лістападзе ў Таліне пройдзе фэстываль «Паўночнае зьзяньне», а пры падтрымцы мэрыі эстонскай сталіцы плянуецца адкрыць «Беларускі дом у Таліне».

«Мы спадзяемся наладзіць кантакт з беларускімі дыяспарамі іншых краін, у першую чаргу Скандынавіі і Балтыі, для супрацы на рэгіянальным і эўрапейскім узроўнях. У прыватнасьці, намі ўжо ўсталяваны кантакт і вызначаны вэктар сумеснай дзейнасьці з беларускай дыяспарай Фінляндыі», — адзначыла Ірына Суурсільд, кіраўнік арганізацыі Valgevene Maja.

У кааліцыю ўвайшлі арганізацыі Valgevene Uus Tee, Valgevene Maja, Belarusian Independent Film Academy, Wind Rose Center, Friida Bell, Digital Media Hub, Kodanikualgatuse Toetuskeskus, Valgevene Kultuuri Assotsiatsioon, Valgevene Spordi Solidaarsusfond.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская спазьнілася на эстонска-беларускую канфэрэнцыю, бо зламаўся самалёт. Але яна выступіла онлайн
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З пачатку году ў Літву пераехалі яшчэ каля 12 тысяч грамадзян Беларусі. Колькі беларусаў жыве ў краіне