У Парыжы прайшоў 100-тысячны марш супраць антысэмітызму

«За Рэспубліку супраць антысэмітызму» — лёзунг удзельнікаў маршу ў Парыжы 12 лістапада 2023

У нядзелю, 12 лістапада, у сталіцы Францыі прайшоў маштабны марш супраць праяў антысэмітызму, якія рэзка пачасьціліся ў краіне пасьля падзей у Ізраілі і Газе. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі супрацьлеглых палітычных лягераў.

Арганізатарамі маршу выступілі кіраўнікі абедзьвюх палат парлямэнту краіны: Сэнату — Жэрар Ляршэ і Нацыянальнага сходу — Яэль Брон-Півэ, пішуць францускія СМІ.

Прэфэктура Парыжу паведаміла, што ў акцыі прынялі ўдзел 105 тысяч чалавек, у тым ліку прадстаўнікі шэрагу францускіх палітычных партый.

«Гэта была найбуйнейшая мабілізацыя супраць антысэмітызму з часоў маршу пратэсту супраць апаганеньня габрэйскіх могілак у Карпантры ў 1990 годзе», — сьцьвярджае ўстанова, якую цытуе Deutsche Welle.

Падставай для нядзельнага маршу сталі выпадкі антысэмітызму, якія апошнім часам прыкметна пачасьціліся ў Францыі.

Да акцыі далучыліся, у прыватнасьці, былыя прэзыдэнты краіны Франсуа Алянд і Нікаля Сарказі, цяперашняя прэм’ер-міністарка Элізабэт Борн і мэр Парыжу Ан Ідальго.

Вялікія спрэчкі выклікаў удзел у акцыі кіраўніцы ультраправай фракцыі «Нацыянальны саюз» у Нацыянальным сходзе, Марын Лё Пэн, якая раней балятавалася ў прэзыдэнты краіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўракамісія заявіла аб усплёску антысэмітызму ў Эўропе

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон падтрымаў марш, але ня ўзяў у ім удзелу, а вось яшчэ адзін нядаўні супернік Макрона на прэзыдэнцкіх выбарах, Жан-Люк Мэляншон,выступіў супраць маршу. Прадстаўнік леварадыкальнай партыі «Няскораная Францыя» адзначыў, што акцыя стане «сустрэчай тых, хто падтрымлівае разаніну ў Газе».

За дзень да маршу супраць антысэмітызму ў Парыжы прайшла буйная прапалестынская акцыя, якая сабрала 16 тысяч чалавек.

За месяц пасьля нападу ісламістаў з палестынскага руху ХАМАС на дзяржаву Ізраіль у Францыі зарэгістравалі больш за тысячу здарэньняў з антысэміцкім падтэкстам.

У Ліёне, трэцім па велічыні францускім горадзе, 4 лістапада зарэзалі мясцовую жыхарку габрэйскага паходжаньня, а на дзьвярах яе кватэры намалявалі свастыку. У краіне сталі больш пільна ахоўваць сынагогі і іншыя габрэйскія асяродкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новая хваля антысэмітызму і да чаго тут жаночае абразаньне

Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае

  • 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетнага ўдару з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.

    «Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.

    «Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША.
  • Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
  • 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
  • 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
  • 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.

    Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.