Лукашэнка патлумачыў, чаму ўсе апазыцыйныя партыі ў Беларусі зьліквідавалі

Аляксандар Лукашэнка. Архіўнае фота

Ён заявіў, што нібыта пад шырмай партый дзейнічалі экстрэмісцкія групоўкі.

Аляксандар Лукашэнка 10 лістапада сказаў, што прэзыдэнцкая форма кіраваньня нібыта зьяўляецца «аптымальнай» для Беларусі, а ўлады не падзяляюць грамадзтва «паводле партыйнай прыналежнасьці».

«Тады [у сакавіку] дамовіліся, што сустрэнемся з кіраўнікамі партый, якія пройдуць перарэгістрацыю. Яе прайшлі тры палітычныя партыі: Камуністычная, Лібэральна-дэмакратычная і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці. Зарэгістравалі таксама новую партыю — «Белая Русь», — працытавала дзяржаўнае агенцтва БелТА Аляксандра Лукашэнку зь ягонай сустрэчы з прадстаўнікамі палітычных партый.

«У часе перарэгістрацыі мы ачысьцілі партыйнае поле ад дэкаратыўных аб’яднаньняў і тых, чыя дзейнасьць накіравана на падрыў асноў канстытуцыйнага ладу нашай краіны», — сказаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што «вэртыкаль» і рэшта партый будуць удзельнічаць у выбарах 2024-га

Паводле яго, нібыта доўгі час «пад шырмай дэмакратычных формаў палітычнага ўдзелу фактычна дзейнічалі экстрэмісцкія групоўкі з мэтай падрыву дзяржаўнасьці».

«Нам ня варта капіяваць рознага кшталту тэмы з савецкай, расейскай гісторыі, тым больш заходні досьвед. Мы не аднаўляем КПСС, не будуем партыі ўлады, не падзяляем грамадзтва паводле партыйнай прыналежнасьці. Досьвед будзем выкарыстоўваць станоўчы», — дадаў ён.

Лукашэнка заявіў, што прэзыдэнцкая форма праўленьня зьяўляецца «аптымальнай для нашага грамадзтва з улікам гістарычных традыцый і геапалітычнага палажэньня».

«Людзі павінны гэта ня проста разумець, а прымаць як аксіёму», — заявіў Аляксандар Лукашэнка.

Цягам лета-восені 2023 году Вярхоўны суд з падачы Міністэрства юстыцыі зьліквідаваў усе апазыцыйныя партыі ў Беларусі, яны не прайшлі працэдуру перарэгістрацыі. Многія зь іх кіраўнікоў знаходзяцца цяпер у турмах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рамесьніцтва, чаканьне прытулку, вывучэньне францускай. Чым займаюцца лідэры ліквідаваных апазыцыйных партый

Рэгістрацыю прайшлі толькі чатыры партыі — «Белая Русь», Камуністычная партыя Беларусі, Лібэральна-дэмакратычная партыя і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці. Усе яны падтрымліваюць Аляксандра Лукашэнку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітычныя партыі Беларусі цяпер мусяць штогод справаздачыцца перад Міністэрствам юстыцыі
  • У канцы 2022 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «на палітычным полі краіны павінны працаваць толькі тыя партыі, дзейнасьць якіх адпавядае асноўным прынцыпам унутранай і зьнешняй палітыкі». У лютым 2023-га ён падпісаў закон, які ўзмацніў жорсткасьць патрабаваньняў да палітычных сілаў і абавязаў усе партыі, якія існуюць, прайсьці працэдуру перарэгістрацыі.
  • Пасьля гэтага ўлетку і на пачатку восені ў Беларусі зьліквідавалі 9 апазыцыйных, праўладных і палітычна неактыўных палітычных структураў: Кансэрватыўна-Хрысьціянскую партыю — БНФ, Беларускую патрыятычную партыю, Беларускую партыю «Зялёныя», партыю «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада», Рэспубліканскую партыю, Сацыяльную партыю народнай згоды, Партыю БНФ, Аб’яднаную грамадзянскую партыю, Беларускую сацыяльна-спартыўную партыю.
  • Перарэгістравалі толькі праўладныя Камуністычную партыю Беларусі, Лібэральна-дэмакратычную партыю, Рэспубліканскую партыю працы і справядлівасьці. Зарэгістравалі максымальна ляяльную Аляксандру Лукашэнку партыю «Белая Русь».
  • 4 верасьня стала вядома, што ў працэсе самаліквідацыі знаходзіцца Беларуская аграрная партыя.