Сьцісла:
- Выбары — гэта момант няпэўнасьці, турбулентнасьці для палітычнай сыстэмы.
- Шок 2020 году адгукаецца Лукашэнку і цяпер.
- Лукашэнка наўмысна згушчае фарбы, бо лічыць, што ніколі ня лішне мабілізаваць «вэртыкаль» і сілавікоў, каб не расслабляліся.
- Лукашэнка нават гэтым кішэнным партыям ня хоча аддаваць ніякай, хаця б сымбалічнай, улады.
— Лукашэнка ўжо ня першы раз праводзіць нарады і сустрэчы з рознымі чыноўнікамі, прысьвечаныя парлямэнцкім выбарам, якія павінны адбыцца ў наступным годзе. Чаму такая істотная ўвага ўдзяляецца гэтай кампаніі, якая ў цяперашніх умовах, здаецца, павінна прайсьці рутынна і без праблемаў для ўлады?
— За ўсю гісторыю кіраваньня Лукашэнкі ён нават у найлепшыя, залатыя для сябе часы пераймаўся выбарчымі кампаніямі, заўжды зьбіраў нарады і даводзіў «вэртыкалі», наколькі важная гэта падзея. Натуральна, пры гэтым ён не дапускаў і думкі, што вэртыкаль можа праваліць экзамэн, што ўлада можа зьмяніцца (для чаго выбары і прызначаныя).
Так што тут заўжды быў момант напружаньня і для яго самога, і для «вэртыкалі». Бо выбары — гэта момант няпэўнасьці, турбулентнасьці для палітычнай сыстэмы. Нават калі нібыта ўсё «схоплена» і ўсё пад каўпаком. А цяпер, пасьля падзеяў 2020 году, Лукашэнка ніяк ня можа загаіць сваю псыхалягічную траўму. Бо такога маштабу пратэстаў ён не чакаў. Шок 2020 году адгукаецца яму і цяпер — апёкшыся на малацэ, ён цяпер дзьме на ваду.
Лукашэнка заўсёды быў асабліва чуйны да электаральнага пытаньня. Ён сам нечакана перамог у 1994 годзе, таму разумее, што такое ашаламляльныя выбары. Мяркую, ён наўмысна згушчае фарбы, бо лічыць, што ніколі ня будзе лішнім, зь ягонага гледзішча, мабілізаваць «вэртыкаль» і сілавікоў, каб не расслабляліся. І сілавікі гэта з задавальненьнем падхопліваюць, пра што сьведчыць і нядаўні выступ намесьніка міністра ўнутраных справаў Карпянкова.
Таксама гэта робіцца, каб уплываць на электарат. Ствараецца адпаведны антураж: маўляў, вакол ворагі, трэба быць пільнымі, таму шмат міліцыі будзе на кожным участку, ніякіх фіранак на кабінках для галасаваньня. Маўляў, сытуацыя такая, нічога ня зробіш.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямецкі дэпутат пра беларускія падзеі ў Бэрліне: «Цьвёрда верым у Беларусь у складзе эўрапейскай сям’і народаў»— Лукашэнка, які быў сьведкам падзеяў 1991 году, развалу СССР, цудоўна памятае, як дэпутаты-камуністы ў свой час прагаласавалі і за забарону камуністычнай партыі, і за нацыянальную сымболіку. То бок ён разумее, што ў любы час пры адпаведнай сытуацыі дэпутаты могуць разьвярнуцца, таму і хоча, каб зараз у Палату прадстаўнікоў прайшлі толькі самыя ляяльныя і паслухмяныя. Але ці магчыма гэта гарантаваць?
— Паводле складу, я мяркую, гэты новы парлямэнт будзе асабліва бляклым. Там і раней было мала цікавых фігураў. Гэта ўвогуле спэцыфіка пэрсаналісцкага рэжыму, калі правадыр ня хоча, каб побач зь ім былі моцныя асобы, бо жадае адзін быць яркім сьвяцілам. Таму некаторыя з атачэньня — проста генэратары банальнасьці: проста зьдзіўляесься ўбогасьці іхных выказваньняў.
Але раней, да 2020 году, Лукашэнка нейкія экспэрымэнты дапускаў. Напрыклад, памятаем, што былі дзьве ўмоўна апазыцыйныя дэпутаткі ў складзе Палаты прадстаўнікоў, да 2019 году. Цяпер гэтага ня будзе, «вэртыкалі» будзе загадана падбіраць «ляяльных у квадраце».
Хаця я з вамі згодны, што ў нейкай крызіснай сытуацыі ніхто зь іх не захоча легчы касьцьмі за Лукашэнку. Калі прыціснуць абставіны, то гэтыя наскрозь ляяльныя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў альбо дэлегаты «ўсебеларускага народнага сходу» пад ціскам страху могуць прагаласаваць за любыя рашэньні, як галасавала парлямэнцкая большасьць пасьля правалу путчу ў 1991 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У нямецкім Бундэстагу прынялі рэзалюцыю «За дэмакратычную Беларусь у эўрапейскай сям’і». Што ў ёй— Абвешчана, што Лукашэнка сустрэнецца з прадстаўнікамі тых нешматлікіх палітычных партыяў, якія засталіся ў Беларусі. Для чаго гэтая сустрэча? Лукашэнка можа паабяцаць ім — калі будуць правільна сябе паводзіць — хоць некалькі дэпутацкіх месцаў у Палаце прадстаўнікоў?
— Вядома, сустрэча будзе дзеля бутафорыі, бо прарэдзілі вельмі моцна ўсе партыі, выразалі ўсе апазыцыйныя. Але можна адзначыць, што і тым партыям, якія ўлада пакінула, Лукашэнка шмат волі не дае. Гэта зноў жа спэцыфіка пэрсаналісцкага рэжыму. Варта нагадаць, як доўга цягнулася гэта эпапэя зь пераўтварэньнем «Белай Русі» з грамадзкага абʼяднаньня ў палітычную партыю. Яны ўжо ня раз стаялі на нізкім старце, але Лукашэнка кожны раз рабіў ім халодны душ і казаў, што пакуль ня час.
А цяпер даводзіцца ў адпаведнасьці з новай Канстытуцыяй перабудоўваць усю палітычную сыстэму. І трэба думаць, як умантаваць туды палітычныя партыі, якія засталіся. Аднак выбары застаюцца мажарытарныя, па выбарчых акругах, партыйных сьпісаў няма. Нават калі нейкія сябры партыяў пройдуць у Палату прадстаўнікоў, — яны ня могуць утвараць там фракцыі, бо гэта не прадугледжана рэглямэнтам Нацыянальнага сходу.
Так што Лукашэнка нават гэтым кішэнным партыям ня хоча аддаваць ніякай, хаця б сымбалічнай, улады. Гэта ўжо замацаванае мысьленьне аўтакрата, якія баіцца перадаваць паўнамоцтвы нават у самых малых дозах. Бо існуе страх, што зьменіцца сытуацыя і яны гэтымі паўнамоцтвамі скарыстаюцца, лепей не даваць ім ніякай спакусы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рамесьніцтва, чаканьне прытулку, вывучэньне францускай. Чым займаюцца лідэры ліквідаваных апазыцыйных партыйІ трэба адзначыць, што гэтая канструкцыя з «усебеларускім народным сходам» у пэўным сэнсе ненадзейная. Лукашэнка стварыў па-свойму дасканалую пэрсаналісцкую сыстэму, а тут узьнікае нейкае «пятае кола ў возе». Палітолягі гэта называюць «дрэмлючыя інстытуты». Той жа Вярхоўны Савет выбіраўся яшчэ пры панаваньні камуністычнай партыі. Але потым надышоў час тэктанічных палітычных зрухаў, і ў нібыта ляяльным Вярхоўным Савеце пачаліся працэсы, якія прывялі да падзеньня сыстэмы.
Так што Лукашэнка гэтага, відавочна, пабойваецца. Таму гэтая парлямэнцкая кампанія — адбудоўваньне новай структуры палітычнай сыстэмы. Ці ўсё пойдзе так, як задумана, Лукашэнка да канца ня ўпэўнены.
Гэты чалавек мэнтальна жыве ў аточанай крэпасьці, для яго навакольны сьвет варожы, ён нікому не давярае і з цягам часу пачынае верыць у свае ўласныя міты. Гэта і падштурхоўвае да такой агрэсіўнай рыторыкі — нават у такі час, калі здаецца, што ўсё закачанае ў асфальт.
Плюс — у такіх сыстэмах кепска працуе зваротная сувязь і Лукашэнка ня ўпэўнены, наколькі ён ведае настроі масаў. Быў ужо вялікі правал у 2020 годзе, і ёсьць у яго асьцярога, што пратэставыя настроі могуць аднавіцца ў любы момант.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што «вэртыкаль» і рэшта партый будуць удзельнічаць у выбарах 2024-га