Як паведаміла афіцыйнае інфармацыйнае агенцтва БелТА, падрыхтоўку да выбараў Аляксандар Лукашэнка абмеркаваў са старшынёй Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Натальляй Качанавай.
«Першае пытаньне, натуральна, наступныя парлямэнцкія выбары. У вас ёсьць цэлы зрэз тых праблем, якія трэба будзе пракантраляваць пры падрыхтоўцы і правядзеньні гэтых выбараў», — працытавала агенцтва Лукашэнку.
Ён паведаміў, што 10 лістапада гэтыя праблемы плянуе абмеркаваць на сустрэчы з прадстаўнікамі «партый, якія лічацца ў нас і зьяўляюцца партыямі — тыя, якія прайшлі рэгістрацыю і якія маюць намер, я так разумею, удзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах».
Лукашэнка падкрэсьліў, што асноўнымі ўдзельнікамі выбараў будуць прадстаўнікі вэртыкалі ўлады.
«Мы шчыра і сумленна сказалі, што мы будзем усяляк удзельнічаць у гэтых выбарах. Я маю на ўвазе вэртыкаль улады. Гэта вельмі важная кампанія ў Беларусі. Важнейшай палітычнай кампаніі ў наступным годзе няма. Наступнае ж —фармаваньне Ўсебеларускага народнага сходу, выбары дэлегатаў на гэты сход», — адзначыў ён.
У той жа час Аляксандар Лукашэнка заявіў аб існаваньні кадравых праблем. «Ёсьць шэраг праблем кадравых. Мы таксама пра іх размаўлялі з вамі. Я хацеў бы, каб Савет Рэспублікі меў канцэнтраваную думку, і хацеў бы ад ва пачуць на цяперашні момант, якая сытуацыя», — сказаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рамесьніцтва, чаканьне прытулку, вывучэньне францускай. Чым займаюцца лідэры ліквідаваных апазыцыйных партыйЦягам лета-восені 2023 году Вярхоўны суд з падачы Міністэрства юстыцыі зьліквідаваў усе апазыцыйныя партыі ў Беларусі. Перарэгістрацыю прайшлі толькі чатыры партыі — «Белая Русь», Камуністычная партыя Беларусі, Лібэральна-дэмакратычная партыя і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці. Усе яны падтрымліваюць Аляксандра Лукашэнку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітычныя партыі Беларусі цяпер мусяць штогод справаздачыцца перад Міністэрствам юстыцыі