Пакуль невядома, зь якой менавіта прычыны сілавікі прыйшлі да бацькоў Сашы Філіпенкі. Усё адбылося раніцай 9 лістапада. Па словах пісьменьніка, у ператрусе ўдзельнічала сем узброеных аўтаматамі сілавікоў.
«Пакуль нічога незразумела, яны прыехалі ў 8 раніцы, ператрус, забралі ўсю тэхніку. Маёй маці сказалі: „Скажыце дзякуй сыну“. Бацьку затрымалі, у маці таксама забралі тэхніку, таму зь ёй зараз няма сувязі. Сілавікі даўно прыходзілі да бацькі і казалі, што мне трэба заткнуцца. Мы даўно абмяркоўвалі з бацькам, што трэба выяжджаць, але ён сказаў, што нічога не зрабіў. Ён дарослы чалавек і ня мае дачыненьня да таго, што я раблю», — сказаў пісьменьнік у размове са Свабодай.
Саша Філіпенка — вядомы беларускі расейскамоўны пісьменьнік, родам зь Менску, жыве ў эміграцыі, ляўрэат літаратурных прэмій, аўтар раманаў «Чырвоны крыж», «Цкаваньне», «Былы сын», «Задумы», «Вяртаньне ў Астрог», «Крэмулятар», апавяданьняў і п’ес. Ягоныя творы перакладзеныя на больш як 10 моваў.
Ён быў удзельнікам многіх жнівеньскіх пратэставых акцыяў у Менску, таксама ён асудзіў поўнамаштабнае ваеннае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе.
У сваіх інтэрвію Саша Філіпенка часта выказваўся пра падзеі ў Беларусі.
«Напэўна, гэта (сёньняшні ператрус і затрыманьне бацькі пісьменьніка. — РС) зьвязана зь нейкім з апошніх інтэрвію. Супэртупа перастаць даваць інтэрвію, калі твайго бацьку бяруць у закладнікі, каб ты замаўчаў. Дзіўна не расказваць пра гэта. Пра тое, што яны дайшлі ўжо да ўсяго, а цяпер бяруць бацькоў у закладнікі. Яны ўжо дайшлі да абсалютнага абсурду», — сказаў пісьменьнік.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пісьменьнік Саша Філіпенка паведаміў пра ператрус у яго дома ў Беларусі, бацьку забраліСаша Філіпенка 9 лістапада напісаў напісаў у сваім фэйсбуку:
«У мяне дома ператрус. Сем чалавек з аўтаматамі. Бацьку забралі. Маці сказалі: „Скажыце дзякуй сыну“. Відавочна, што ціснуць на мяне і хочуць, каб я перастаў выказвацца ў эўрапейскай прэсе».