Украінку дэпартавалі зь Беларусі за эмодзі ў бела-чырвоных і жоўта-блакітных колерах

Ілюстрацыйнае фота

Сілавікі затрымалі ў Нацыянальным аэрапорце «Менск» грамадзянку Ўкраіны, якая прыляцела з Грузіі і пастаянна пражывае ў Беларусі, праверылі яе тэлефон і знайшлі на старонцы ў сацсетцы сэрцайкі-эмодзі ў бела-чырвоных і жоўта-сініх колерах.

За «антыдзяржаўную пазыцыю» жанчыну выслалі з краіны з забаронай уезду на пяць гадоў, паведамляе «Зеркало».

Паводле выданьня, Марыя выйшла замуж за беларуса Антона (імёны выдуманыя) некалькі гадоў таму і пераехала ў Беларусь, атрымала пастаянны від на жыхарства. У 2022 годзе муж і жонка пераехалі ў Грузію: як гаворыцца ў матэрыялах суду, кампанія Антона выводзіла свой бізнэс зь Беларусі і рэлякавала супрацоўнікаў у офісы ў іншых краінах, і ён не хацеў страціць працу. Марыя працягнула працаваць аддалена. Пара пражыла ў Грузіі амаль год. Летам 2023-га прыляцелі ў Менск.

Пасьля прылёту Марыю затрымалі разам зь іншымі грамадзянамі Ўкраіны, адвялі ў памяшканьне міліцыі і пакінулі чакаць. Празь некалькі гадзін Марыя разнэрвавалася і расплакалася, піша выданьне. Супрацоўнікі міліцыі склалі на яе пратакол па арт. 19.1 КаАП «Дробнае хуліганства», а пасьля забралі тэлефон на агляд, сталі вывучаць яе старонкі ў сацсетках і знайшлі пост з выкарыстаньнем сэрцайкаў белага, чырвонага і белага колераў, а таксама сэрцайкаў у колерах сьцяга Ўкраіны — жоўтых і сініх. Праз гэта на Марыю склалі другі пратакол — па ч. 1 арт. 24.23 КаАП аб «несанкцыянаваным пікетаваньні».

За «хуліганства» суд Кастрычніцкага раёну Менску прызначыў жанчыне адміністрацыйны арышт (віну яна не прызнала). Потым ёй паўторна далі «суткі» ўжо за «пікетаваньне». Колькі дзён Марыі давялося правесьці ў ізалятары, невядома. Тым часам матэрыялы на жанчыну перадалі па месцы прапіскі — у РАУС Жлобінскага раёну, а там прынялі рашэньне, што яе трэба выслаць з краіны з забаронай уезду на 5 гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыхара Рагачоўскага раёну аштрафавалі за бел-чырвона-белы сьцяг, намаляваны на плоце 30 год таму


Прадстаўнікі міліцыі ў судзе заявілі, што пры прыняцьці рашэньня аб высылцы Марыі ўлічвалася яе «антыдзяржаўная пазыцыя». Суд прыйшоў да высновы, што Марыя не магла не валодаць інфармацыяй пра палітычную сытуацыю ў Беларусі і пра забарону на пэўную сымболіку, «у тым ліку з пэўным спалучэньнем белага і чырвонага колераў».

«А значыць, выкарыстаньне ў пасьце сымбаляў са спалучэньнем менавіта бел-чырвона-белага колеру, а ня іншым, на думку суду, зьяўляецца ня проста выкарыстаньнем сымбаляў упадабаных колераў, а мае больш глыбокі сэнс, зьвязаны з ідэнтыфікацыяй дадзеных сымбаляў з Рэспублікай Беларусь, гэтак жа, як і выкарыстаньне сымбаляў сіняга і жоўтага колераў зьвязана з ідэнтыфікацыяй з Украінай, грамадзянкай якой яна зьяўляецца», — гаворыцца ў пастанове суду.

Марыю дэпартавалі з тэрыторыі Беларусі тэрмінам на пяць гадоў.

  • У Беларусі ніводным заканадаўчым актам не забаронены ні бел-чырвона-белы сьцяг, ні спалучэньне белага і чырвонага колераў. Гэтаксама не забаронены ні дзяржаўны сьцяг Украіны, ні спалучэньне жоўтага і блакітнага колераў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менчука асудзілі за «пікет» грашыма з БЧБ і надпісам «3%». Іх знайшлі ў банку, дзе ён часта папаўняў рахунак
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі арыштавалі студэнта за бел-чырвона-белы сьцяг на вокладцы студэнцкага білета
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як нацыянальныя сымбалі сталі дзяржаўнымі