Якія рэгіёны існавалі ў Вялікім Княстве Літоўскім у XVII стагодзьдзі? Як і калі назва «Беларусь» напоўнілася палітычным сэнсам? Дзе праходзілі межы Беларусі ў ХІХ стагодзьдзі? І якія ў ХХ стагодзьдзі прапаноўваліся варыянты назвы для радзімы беларусаў?
Пра гэта і пра іншае мы гаворым з гісторыкам, які апошнім часам займаецца палітычнымі сымбалямі Беларусі, доктарам гістарычных навук, дацэнтам Інстытуту Гісторыі Упсальскага ўнівэрсытэту Андрэем Катлярчуком.
0:00 – якія рэгіёны існавалі тады ў Вялікім Княстве Літоўскім? Як яны называліся і дзе знаходзіліся?
3:12 – калі і як назва Беларусь напоўнілася палітычным сэнсам?
8:34 – як справа зь «Беларусьсю» выглядала ў ХІХ стагодзьдзі? Дзе былі межы айчыны для тагачасных патрыётаў?
13:47 – ці можна сказаць, што з абвяшчэньнем БНР назва «Беларусь» пачала пашырацца ў сьвеце?
Фрагмэнт размовы вядоўцы Сяргея Абламейкі з Андрэем Катлярчуком:
Якія рэгіёны існавалі ў Вялікім Княстве Літоўскім у XVII стагодзьдзі? Як і калі назва «Беларусь» напоўнілася палітычным сэнсам? Дзе праходзілі межы Беларусі ў ХІХ стагодзьдзі? І якія ў ХХ стагодзьдзі прапаноўваліся варыянты назвы для радзімы беларусаў?
Пра гэта і пра іншае мы пагаворым з гісторыкам, які апошнім часам займаецца палітычнымі сымбалямі Беларусі, доктарам гістарычных навук, дацэнтам Інстытуту гісторыі Упсальскага ўнівэрсытэту Андрэем Катлярчуком.
— Вы шмат займаліся XVII стагодзьдзем, пісалі пра Кейданскую ўнію і пра іншыя падзеі таго стагодзьдзя. Якія рэгіёны існавалі тады ў Вялікім Княстве Літоўскім? Як яны называліся і дзе знаходзіліся?
— Вядома, Вялікае Княства Літоўскае, як і іншыя краіны, складалася з рэгіёнаў. І вось калі ў XVI стагодзьдзі рэгіёны, можна сказаць, плаваюць, і Беларусь можна знайсьці і каля Ноўгараду, і каля Пскова, то XVII стагодзьдзе паказвае, што адбываецца ўжо канкрэтная лякалізацыя ўсіх рэгіёнаў.
Мы бачым Літву, якая знаходзіцца і на тэрыторыі сучаснай Беларусі, і на тэрыторыі сучаснай Літвы. Нагадаю, што Ковенскі павет, Вількамірскі павет — гэта літоўскія паветы, гэта не Жамойць, яны знаходзіліся ў гістарычнай Літве.
Потым мы маем Беларусь, яна лякалізуецца там, дзе цяпер усходняя частка краіны. Гэта Полацак, Віцебск, Магілёў, Гомель.
Мы маем Палесьсе, і нават часта Берасьцейскае ваяводзтва называюць Палескім ваяводзтвам. І нават ёсьць асобныя мапы Палесься. Гэта старая назва, вядомая яшчэ з ХІІІ стагодзьдзя.
І маем Падляшша. То бок той рэгіён, большасьць якога сёньня знаходзіцца ў Польшчы, але нейкі кавалак ёсьць і ў Беларусі.
Мы маем чатыры рэгіёны, якія згадваюцца падарожнікамі. І, як мы сёньня ведаем, назва аднаго з гэтых рэгіёнаў зрабілася назвай краіны. Мы можам лёгка патлумачыць, чаму так сталася. Але з гістарычнага пункту гледжаньня кожная з назваў гэтых рэгіёнаў мела нейкі патэнцыял стаць назвай краіны. Але Беларусь ад самага пачатку мела найлепшыя шанцы ў гэтай канкурэнцыі.
— А гэтая Беларусь, якая ўжо была ў XVII стагодзьдзі, узьнікла натуральна? Цяпер жа ёсьць людзі, якія сьцьвярджаюць, што гэта Расея накінула такую назву суседняй тэрыторыі і народу. Ці так гэта? Калі і як назва Беларусь напоўнілася палітычным сэнсам?
— Гэта добрае пытаньне. Я магу слухачоў і чытачоў адаслаць да маёй кнігі пра Кейданскую унію «У ценю Польшчы і Расеі». Спачатку яна выйшла па-ангельску, пасьля было надрукавана два беларускія выданьні. І там я разглядаю гэтае пытаньне.
І што цікава, дык гэта тое, што XVII стагодзьдзе — гэта час моцных трансфармацый. «Руская» нацыя, якая існавала ў Вялікім Княстве і Кароне Польскай, падзяляецца. Мы ўжо маем украінскі гетманат, маем казаччыну. «Руская» мова, якая была адзінаю для беларусаў і ўкраінцаў, таксама пачынае падзяляцца.
І па Беларусі мы маем некалькі значных момантаў у XVII стагодзьдзі. Па-першае, 1632 год, калі кароль Рэчы Паспалітай легалізуе праваслаўную царкву. І вось адзіны япіскап, які працуе легальна, гэта магілёўскі япіскап. І вось гэтая япархія пачынае называцца беларускай. Прычым самі праваслаўныя сьвятары называюць яе беларускай.
Мы маем беларускі дыстрыкт Рэфармацкага збору, гэта тыя старыя кальвіністы. Гэты дыстрыкт месьціўся там, дзе Полацак, Віцебск і ў бок Магілёва. І ён называўся беларускім.
Мы маем палітычны праект палкоўніка Канстанціна Паклонскага, які манэўраваў паміж Расеяй, Польшчай, Швэцыяй і які называў сябе беларускім палкоўнікам.
Але самае цікавае, пра што я пішу ў кнізе, гэта тое, што падчас вайны сярэдзіны XVII стагодзьдзя, таго Патопу, той «невядомай вайны», калі Маскоўскае княства пайшло на Вялікае Княства Літоўскае, нараджаецца палітычны зьмест Беларусі, палітычная адзнака.
Па-першае, гэта ня цар вырашыў называць гэты рэгіён Беларусьсю. Я пішу пра гэта ў кнізе. У першых указах цар Аляксей Міхайлавіч піша, што ён узяў літоўскія гарады, і дадае да свайго тытулу «князь Полацкі і Амсьціслаўскі». І першы вядомы нам дакумэнт, калі цар упершыню называе сябе «гаспадаром Белай Русі», — гэта ахоўная грамата Куцеінскаму манастыру. Так што, хутчэй за ўсё, беларускія праваслаўныя сьвятары падказалі яму такую ідэю. Пасьля ён пасьлядоўна пачынае называць сябе вялікім князем Літоўскім і гаспадаром Белай Русі ў загадах і ўказах, якія ён выпускае.
І вось тут узьнікае цікавая спрэчка за тытулятуру. А тытулы ў той час азначалі права на ўладаньне, на сувэрэнітэт. І вось мы бачым, што швэдзкі кароль адмаўляе цару звацца Вялікім князем Літоўскім і гаспадаром Белай Русі. Больш за тое, сэнатары Вялікага Княства Літоўскага пішуць ліст у Маскву, дзе тлумачаць так: ты сябе называеш гаспадаром Белай Русі, але гэта ня так; кароль польскі — ён кароль Белай Русі. І вось гэта вельмі важна. Тут мы маем Беларусь як палітычную адзінку.
У адказ кароль польскі і яго дзедзічы атрымліваюць вельмі моцны адказ з Масквы: маўляў, такога ніколі не было, мы пра такое ніколі ня чулі, як так, што кароль Рэчы Паспалітай таксама і кароль Белай Русі?
Але важна, што вось у гэтай вайне і ў гэтай палітычнай канкурэнцыі і канфліктах Беларусь з рэгіёну набывае адценьне палітычнай адзінкі Вялікага Княства Літоўскага.
І потым ужо мы бачым, што шляхта з гэтых ваяводзтваў ідэнтыфікуе сябе зь Беларусьсю. Можна згадаць і Яна Баршчэўскага, і Аляксандра Рыпінскага. Яны пішуць пра Беларусь як пра рэгіён Вялікага Княства Літоўскага.
— Падсумоўваючы ваш адказ, можна сказаць, што назва «Беларусь» напоўнілася палітычным сэнсам менавіта ў XVII стагодзьдзі, і гэта была выключна ўнутрыбеларуская справа, і гэтаму не дапамагалі нейкія зьнешнія актары.
[...]
— Ці можна сказаць, што з абвяшчэньнем Беларускай Народнай Рэспублікі назва «Беларусь» пачала пашырацца ў сьвеце?
— Так, вядома. Роля Беларускай Народнай Рэспублікі вялікая. І потым трэба згадаць, што «Беларусь» як назва робіцца, можна сказаць, мэйнстрымам, дамінуючай назвай ужо на пачатку ХХ стагодзьдзя, яшчэ да стварэньня БНР. Першая палітычная партыя называлася Беларуская сацыялістычная грамада, гэта 1903 год, партыя заснаваная ў Вільні. Першая газэта, «Наша Ніва», якая выдавалася лацінкай і кірыліцай, мела падзагаловак «Першая беларуская газэта з рысункамі». Таксама як і вельмі важныя для беларусаў выданьні, такія, як, напрыклад, «Дудка беларуская» Мацея Бурачка.
Гэта значыць, што мы маем назву «Беларусь», якая ўкаранілася ў беларускім культурным і палітычным полі, у тым ліку і ў асяродзьдзі палітычных партый. Таму ў 1918 годзе ў Менску мы ня бачым ніякіх дыскусій наконт таго, як называць краіну. Недзе ў Вільні спрачаюцца краёўцы, недзе спрачаюцца польскія актывісты, нават быў тэрмін «Белаляхія», пра што нядаўна напісаў добры артыкул сацыёляг Аляксей Ластоўскі. Але для ўраду ў Менску справа ясная — краіна называецца Беларуская Народная Рэспубліка.
І калі гаворка заходзіць пра БНР, то яна, вядома, мела вельмі рознабаковую дзейнасьць. Але найбольш пасьпяховаю была зьнешнепалітычная дзейнасьць БНР. Беларускія дыпляматы разьехаліся па ўсёй Эўропе, дэлегацыі БНР удзельнічалі ва ўсіх найбуйнейшых канфэрэнцыях па будучыні Эўропы. Напрыклад, Парыская канфэрэнцыя 1919 году, прыяжджаюць беларуская дэлегацыя, украінская, літоўская, польская. Кожная дэлегацыя прывозіць з сабой вялізныя, тоўстыя пакункі мапаў, раскладаюць іх на сталах, тлумачаць, дзе знаходзіцца тая краіна, якую яны прадстаўляюць, дзе яе межы. Адзін ангельскі дыплямат напісаў, што ня мог зразумець, бо пабачыў, што межы не супадаюць і што кожная краіна прапануе свой варыянт межаў. Больш за тое, пісаў ён, некаторыя ўнівэрсытэцкія прафэсары чамусьці надзелі народныя кашулі. Гэта была такая дэманстрацыя народу і яго звычаяў, этнаграфічнай нацыі.
І вось, вяртаючыся да БНР, мы бачым, што яна была добра вядомая ў Швэцыі. Я пачаў зьбіраць матэрыял па Швэцыі. Быў такі пасол БНР Ісак Лур’е, паходзіў зь Пінску, меў габрэйскае паходжаньне і быў, як кажуць, гіпэрактыўны. Ён друкаваў улёткі, брашуры, зьвяртаўся да ўрадаў скандынаўскіх краін.
Такім чынам веды пра тое, што існуе не рэгіён Беларусь, але краіна Беларусь, дзяржава Беларусь, пачынаюць распаўсюджвацца за межамі краіны. І пра гэта пісала швэдзкая прэса. Вось, напрыклад, артыкул 1917 году, у якім пішацца, што
«ў Менску адбываецца Першы беларускі кангрэс, абраны прэзыдыюм, ім кіруе беларускі палітык Серада (гэта Іван Серада, які потым быў зьнішчаны НКВД. — А. К.). Беларусы паставілі пытаньне аб нацыянальнай аўтаноміі і абвясьцілі Менск сталіцай Беларусі».
Такіх артыкулаў у 1917, 1918, 1919 і 1920 гадах мы можам знайсьці сотні ў эўрапейскай прэсе. Гэта азначае, што быў запушчаны працэс распаўсюджваньня зьвестак пра Беларусь.
У гэтым кантэксьце трэба прыгадаць і БССР. Мы ня будзем казаць, што БССР нічога не рабіла. З 1945 году Беларусь дэ-юрэ — незалежная дзяржава, член ААН.
І вось што мы тут маем. Я пра гэта пісаў у Фэйсбуку і выстаўляў гэты дакумэнт. Беларускія дыпляматы ў Нью-Ёрку ў 1983 годзе зноў, ужо ня першы раз, надрукавалі на ангельскай мове буклет пра Беларусь, які падчас Генэральнай асамблеі ААН раздавалі дэлегацыям амаль двухсот краінаў.
У гэтым буклеце мы маем мапу Беларусі, там пішацца, што Беларусь — гэта сувэрэнная краіна, што яе сталіца Менск, што нацыянальная валюта — рубель. Больш за тое, там напісана, што Беларусь і Ўкраіна — адзіныя з усіх рэспублік Савецкага Саюзу, якія маюць сувэрэнны, незалежны статус, права выхаду з СССР, права дыпляматычных зносін і права заключэньня міжнародных дамоваў. Там напісана, што Беларусь мае роўны статус з СССР.
І вось такі буклет атрымалі ўсе дэлегацыі краінаў сьвету, разумееце. І больш за тое, там напісана пра беларусаў нешта, што з савецкага пункту гледжаньня наогул зьяўляецца крамолай. Цытую:
«Беларусы — нашчадкі славян, якія, будучы ізаляванымі ад Расеі, культурна арыентаваліся на Захад».
Гэта 1983 год, гэта ААН, гэта буклет на ангельскай мове. Гэта значыць, што і БНР, і БССР зрабілі свой унёсак у распаўсюджваньне назвы «Беларусь» у сьвеце.
Таму ўжо ў 1991 годзе мы маем закон аб назьве Рэспублікі Беларусь, дзе напісана, што Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка цяпер незалежная, мае назву Рэспубліка Беларусь або скарочана Беларусь, гэтая назва не перакладаецца, яна трансьлітаруецца. Больш за тое, яна трансьлітаруецца згодна беларускаму вымаўленьню.
Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на папулярных падкаст-плятформах:
Your browser doesn’t support HTML5
«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць
Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».
Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.