Тацяну Канеўскую ўжо амаль два гады трымаюць у турме № 4 у Магілёве. Крыніца, якая часам атрымлівае зьвесткі пра Тацяну Канеўскую ад яе сябровак, падзялілася сваёй інфармацыяй пра вядомую палітзьняволеную са Свабодай.
«Увесь гэты час Тацяну трымаюць у адзіночнай камэры. Пры такім рэжыме дазволеныя прагулкі, ёсьць права атрымліваць лісты, але ліставаньне зь ёю вельмі абмежаванае. Нават не заўсёды ад сваякоў прапускаюць лісты, ужо няма чаго гаварыць пра лісты ад іншых людзей. Але некалькі актывістак руху «Маці-328» увесь гэты час дасылаюць ёй паштоўкі, спрабуюць яе падтрымаць маральна.
Ведаем, што ёй цяжка і што яна спраўляецца. Памятаем словы, якімі яна заўсёды падбадзёрвала сваіх каляжанак: «Калі лопнула цярпеньне, надзімай новае». Ёсьць інфармацыя, што яна ня падае духам і паўтарае, што «з турмы выйдзе на волю па чырвонай дарожцы», — расказала крыніца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітзьняволеную Тацяну Канеўскую перавялі з калёніі ў «крытую» турмуАднак больш за іншае сябровак Тацяны Канеўскай непакояць зьвесткі пра яе стан здароўя.
«У яе хвароба хрыбетніка. Вядома, што яшчэ ў СІЗА яна атрымала спагнаньні за тое, што да праверкі не змагла падняцца з ложка, настолькі дрэнна сябе адчувала. Прыступы паўтараюцца і ў турме. Нейкую дапамогу яна атрымлівае, але гэтага недастаткова, і як яна дае рады, сяброўкі не ўяўляюць. Відаць, як заўсёды — сьцяўшы зубы», — кажа крыніца Свабоды.
Тацяне Канеўскай 57 год, у яе чацьвёра сыноў, адзін зь іх непаўналетні. Жанчына шмат гадоў удзельнічала ў руху «Маці-328», а ў 2020 годзе стала даверанай асобай Сьвятланы Ціханоўскай у Гомлі.
Актывістку арыштавалі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў і абвінавацілі паводле 293 і 292 артыкулаў Крымінальнага кодэксу — гэта ўдзел у масавых забурэньнях і захоп будынкаў. Тацяна Канеўская віны не прызнала і ў траўні 2021 году была асуджаная на 6 гадоў зьняволеньня.
У гомельскай жаночай калёніі, дзе Тацяна Канеўская спачатку адбывала тэрмін, яе некалькі разоў зьмяшчалі ў штрафны ізалятар, а потым праз судовае рашэньне зьмянілі рэжым на турэмны і ў студзені 2022 году перавялі ў магілёўскую турму.
«Сяброўкі чакаюць Тацяну на волі і вераць, што такая сустрэча адбудзецца раней, чым скончыцца яе тэрмін», — кажа крыніца, абазнаная ў турэмных справах Тацяны Канеўскай.
Беларускія праваабаронцы прызналі Тацяну Канеўскую палітзьняволенай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомлі судзяць сына палітзьняволенага Тацьцяны Канеўскай «за распальваньне варожасьці» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супраць сына палітзьняволенай Тацяны Канеўскай пачалі крымінальную справу