МЗС Швэцыі прызначыла дыпляматычнага прадстаўніка пры беларускай дэмакратычнай супольнасьці

Крыстына Юганэсан. Вільня, 6 лістапада 2023

Аб прызначэньні Крыстыны Юганэсан, якая раней была абмасадаркай Швэцыі ў Менску, заявіў кіраўнік швэдзкага міністэрства замежных спраў Тубіяс Більстрэм. Цырымонія прайшла ў Віленскай ратушы.

Міністар замежных спраў Швэцыі Тубіяс Більстрэм у Вільні абвясьціў аб прызначэньні амбасадаркі Крыстыны Юганэсан дыпляматычнай прадстаўніцай Швэцыі пры беларускай дэмакратычнай супольнасьці за мяжой.

У Віленскай ратушы міністар выступіў з праграмнай прамовай наконт будучыні адносін Швэцыі і ўсяго Эўразьвязу зь Беларусьсю, заявіў аб працягу дапамогі дэмакратычнай супольнасьці, беларускім палітвязьням, а таксама працягу санкцыйнага ціску на рэжым Лукшэнкі. Сярод іншага ён заявіў:

«Я перакананы, што аднойчы Беларусь стане сябрам Эўразьвязу, я маю на ўвазе вольную Беларусь. Гэтак жа, як Украіна, Малдова і Грузія».

Міністар замежных спраў Швэцыі Тубіяс Більстрэм

Кіраўнік МЗС Швэцыі: Цяпер сытуацыя ў Беларусі горшая, чым калі-небудзь


Тубіяс Більстрэм таксама заявіў, што Швэцыя заўсёды падтрымлівала і працягне падтрымку дэмакратычных памкненьняў беларусаў. «Наша падтрымка накіраваная на падтрыманьне павагі правоў чалавека», — сказаў ён і падкрэсьліў, што тысячы беларусаў за апошнія тры гады былі вымушаныя пакінуць Беларусь праз палітычны перасьлед.


«Тры гады таму тысячы і тысячы беларусаў выйшлі на вуліцу, пратэстуючы супраць фальсыфікацыі выбараў і абараняючы сваю будучыню. Цяпер сытуацыя ў Беларусі горшая, чым калі-небудзь. Любая крытыка караецца, можна быць затрыманым за пост ці камэнтар у сацсетках. Больш за 1,5 тысячы чалавек прызнаныя палітвязьнямі...

Даўшы сваю тэрыторыю для расейскага нападу на Ўкраіну, Беларусь таксама адказная за гэтую агрэсію. Але расейская няўдача ва Ўкраіне прынясе за сабой і магчымасьць перамен у Беларусі. І таму нашая падтрымка Ўкраіны — гэта таксама і падтрымка дэмакратычнай будучыні Беларусі».

Міністар замежных спраў Швэцыі Тубіяс Більстрэм

Гаворачы аб далейшай палітыцы Стакгольма ў дачыненьні да Беларусі, міністар адзначыў, што швэдзкі ўрад мае намер працягваць санкцыйны ціск на рэжым Лукашэнкі, далей падтрымліваць тыя ініцыятывы, якія садзейнічаюць працэсу аднаўленьня справядлівасьці.

Да задач швэдзкай палітыкі адносна Беларусі міністар аднёс:

«Па-першае, гэта падтрымка, пра якую мы абвясьцілі сёньня, ініцыятываў грамадзянскай супольнасьці.

Яшчэ адно пытаньне зьвязана з удасканаленьнем пасады нашага спэцпрадстаўніка, таму што гэта дазволіць нам атрымаць большае разуменьне таго, што адбываецца ў грамадзтве.

Трэцяе, што я павінен сказаць, гэта вельмі практычнае пытаньне, зьвязанае зь беларускай культурай, якую трэба абараняць ад русыфікацыі».

Перад гэтым у міністра адбылася сустрэча з прадстаўнікамі Офісу дэмакратычных сілаў Беларусі на чале са Сьвятланай Ціханоўскай.

Перамовы прадстаўнікоў МЗС Швэцыі і беларускай дэмакратычнай супольнасьці

Тубіяс Більстрэм заявіў аб тым, што Швэцыя чакае больш шчыльных кантактаў зь беларускім дэмакратычным бокам.

«Адзін з момантаў, пра які мы доўга гаварылі, гэта беларуская культура. Нам трэба абараняць беларускую культуру з погляду Поўначы, прынамсі расейскіх амбіцый адносна Беларусі».

Таксама шэф швэдзкага МЗС падзякаваў Ціханоўскай за «ясную заяву» аб тым, што вольная Беларусь і беларускі народ стаяць на баку Ўкраіны ў «вялікай бітве, якая таксама важная і для Швэцыі. Усё гэта істотна ды важна».

Сьвятлана Ціханоўская і Тубіяс Більстрэм на сустрэчы 6 лістапада 2023 году

Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што думае, што «сёньня адкрываецца новая старонка швэдзка-беларускіх стасункаў».

«Я вітаю рашэньне Швэцыі прызначыць спэцыяльнага пасланьніка або прадстаўніка па Беларусі, які будзе цесна супрацоўнічаць зь людзьмі ў Літве, Польшчы і іншых краінах. У Швэцыі кажуць, што мы суседзі.

І гэта не пра геаграфічную адлегласьць, а таму, што мы падзяляем адны і тыя ж каштоўнасьці і прызнаём, што толькі свабодная аб’яднаная і моцная Эўропа можа быць найлепшай альтэрнатывай для Беларусі, альтэрнатывай „русскому миру“ і найлепшым гарантам незалежнасьці Беларусі. Падчас нашай сёньняшняй размовы мы гаварылі пра бліжэйшае супрацоўніцтва са Швэцыяй у палітычнай сфэры і ў сфэры грамадзянскай супольнасьці.

Мы хацелі б, каб паміж моладзевымі арганізацыямі было больш супрацоўніцтва. Таксама мы вітаем рашэньне міністэрства ўдзяляць больш увагі пытаньням культуры і беларускага нацыянальнага адраджэньня. Гэта вельмі важна для нас як нацыі».

Яшчэ на перамовах Ціханоўская і Більстрэм гаварылі пра тое, як падтрымаць палітвязьняў, многія зь якіх знаходзяцца ў цяжкім становішчы і могуць не перажыць гэтае зьняволеньне. Таксама яны гаварылі пра ціск на рэжым Лукашэнкі праз санкцыі, пра закрыцьцё санкцыйных «шчылін», а таксама пра падтрымку грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычнага руху.

Ціханоўская пасьля перамоваў уручыла міністру ўзнагароду «Крыж добрасуседзтва». Яго ўручылі за «вялікі ўнёсак у барацьбу Беларусі за свабоду».

«Крыж добрасуседзтва» — узнагарода Аб’яднанага Пераходнага Кабінэту, яе ўручаюць выбітным асобам, якія значна дапамаглі справе беларусаў у барацьбе за свабоду ад дыктатуры. Прызначаецца па асабістым рашэньні Сьвятланы Ціханоўскай. Раней, у верасьні 2023 году, гэтую узнагароду ад Ціханоўскай атрымала прэзыдэнтка Эўрапарлямэнту Рабэрта Мэтсала.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская абмеркавала з прэм’ер-міністрам Баўгарыі праект «пашпарта новай Беларусі»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьпікер парлямэнту Эстоніі: Для ўсёй Эўропы вельмі важна, каб у Беларусі разьвівалася дэмакратыя