Жыхара Жлобіну асудзілі за ўдзел у пратэстах
У судзе Жлобінскага раёну 19 кастрычніка вынесьлі чарговы прысуд па «народным» арт. 342 КК. Максіма Калінічэнку абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх.
Справу разглядала судзьдзя Сьвятлана Рубахава. Яна прысудзіла Максіму 1 год і 6 месяцаў абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»).
Яшчэ аднаго менчука асудзілі за ўдзел у масавых акцыях пратэсту ў 2020 годзе
У судзе Партызанскага раёну Менску 17 кастрычніка вынесьлі прысуд 30-гадоваму Ігару Нядбайлу, якога абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых акцыях пратэсту ў 2020 годзе (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса), паведамляе «Вясна».
Справу разглядаў судзьдзя Міхаіл Макарэвіч.
Паводле матэрыялаў абвінавачаньня, Нядбайла, у верасьні 2020 году, «знаходзіўся і рухаўся па праезнай частцы дарогі ў раёне праспэктаў Незалежнасьці і Пераможцаў, блякаваў і заступаў шлях транспартным сродкам, у выніку чаго адбылося парушэньне працы грамадзкага транспарту, якому нанесены ўрон у памеры 5 980 рублёў 11 капеек».
Апытаная ў судовым пасяджэньні сьведка М. пацьвердзіла, што сумесна з Ігарам прымала ўдзел у несанкцыянаваным вулічным шэсьці і фатаграфавала іх на свой тэлефон.
Суд прызначыў Нядбайлу пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін адзін год і шэсьць месяцаў.
У дачыненьні да яго мера стрыманьня ў выглядзе залогу ў суме 3 700 рублёў да ўступленьня прысуду ў законную сілу пакінутая бязь зьменаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 31 кастрычніка: 3 гады «хатняй хіміі» дзьвюм выкладчыцамБабруйчан асудзілі за кветкі і сьвечкі каля помніка ахвярам рэпрэсій
У мінулую нядзелю ў Бабруйску затрымалі былую лекарку Дануту Дзьячэнку і выкладчыка зь мясцовага каледжу Віктара Схаба, паведамляюць праваабаронцы. Бабруйчан затрымалі ў нядзелю пасьля ўскладаньня кветак і запальваньня сьвечак пад помнікам «ахвярам неабгрунтаваных рэпрэсій» каля плошчы Перамогі.
Праваабаронцам стала вядома, што пасьля затрыманьня іх адвезьлі дадому на вобшукі, пасьля якіх была канфіскавана тэхніка.
У панядзелак над імі адбыліся суды паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаваньне). У выніку Дануце прызначылі штраф памерам 20 базавых велічыняў (740 рублёў), а Віктару — 2 базавыя велічыні (74 рублі).
У мінулым кастрычніку таксама асудзілі бабруйчаніна за блакітна-жоўтыя лямпадкі каля гэтага помніка — яго ідэнтыфікавалі па адбітках пальцаў. Тады мужчыну арыштавалі за «пікет» на 15 сутак.
Палітвязьня са Сьветлагорска асудзілі за ўдзел у акцыі пратэсту
У судзе Фрунзэнскага раёна Менску 1 лістапада за ўдзел у акцыі пратэсту асудзілі палітвязьня са Сьветлагорска Дзяніса Галаўко. Як піша «Гомельская Вясна», судзьдзя Юлія Крэпская прызначыла яму паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса тры гады «хатняй хіміі».
Амаль пасьля чатырох месяцаў за кратамі Дзяніса вызвалі ў залі суда пасьля абвяшчэньня прысуду.
Ураджэнец Сьветлагорска, Дзяніс Галаўко апошнім часам жыў і працаваў у Менску. Менавіта там яго і затрымалі 6 ліпеня 2023 году наўпрост на працоўным месцы і пакаралі 13-суткавым арыштам паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).
Пасьля на яго склалі яшчэ адзін адміністрацыйны пратакол, ужо па артыкуле 19.1 КаАП (дробнае хуліганства), а 30 чэрвеня Дзяніса перавялі ў Ізалятар часовага ўтрыманьня на вуліцы Акрэсьціна і завялі на яго крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).
Затрымалі менчука, які прымацаваў на свой аўтамабіль стужкі зь беларускім арнамэнтам і ў колерах сьцяга Ўкраіны
У Менску затрымалі мужчыну, які езьдзіў зь дзьвюма стужачкамі ў машыне — зь беларускім арнамэнтам і ў колерах украінскага сьцяга. Зь ім запісалі «пакаяльнае» відэа, яно зьявілася ў тэлеграм-канале сілавікоў, заўважыла «Зеркало».
На відэа сілавікі прымусілі мужчыну сказаць, што ён «перасоўваўся па горадзе зь бел-чырвона-белай стужкай». Аднак гэта ня так — стужка проста з арнамэнтам. Акрамя таго, мужчыну прымусілі сказаць пад запіс, што ён «мантаваў ролікі па заданьні адміністратараў тэлеграм-чатаў, якія дыскрэдытуюць органы ўнутраных спраў і дзейную ўладу».
Сілавікі сьцьвярджаюць, што «яго пакаралі не „за стужачку“». Пры гэтым адзначаюць, што мужчына «павесіў сабе на аўто ўкраінскую сымболіку, выказваючы сваю „палітычную пазыцыю“».
У Гомельскім мэдунівэрсытэце пасьля візыту Качанавай прайшлі масавыя затрыманьні
Каля 20 студэнтаў Гомельскага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту затрымалі пасьля візыту туды старшыні Савету Рэспублікі Натальлі Качанавай. Пра гэта паведаміла «Позірку» абазнаная крыніца, якая пажадала застацца неназванай (імя ёсьць у рэдакцыі).
Прычына затрыманьняў можа быць зьвязаная з абмеркаваньнямі ў студэнцкіх чатах, пра якія нехта паведаміў уладам, адзначыла крыніца.
Паводле зьвестках суразмоўцы, двое затрыманых студэнтаў дагэтуль застаюцца за кратамі.
Качанава правяла двухгадзінную размову з выкладчыкамі і студэнтамі ўнівэрсытэту 17 кастрычніка. Інфармацыя пра гэта разьмешчаная на сайце ВНУ і ў дзяржСМІ. Пра затрыманьні яны не паведамляюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 1 лістапада: затрымалі экс-кіраўніка АГП Васіля Палякова; затрыманьні ў Шчучыне