«Боль» у адказ на «боль». Мігранты — «контрасанкцыі» Лукашэнкі супраць Захаду

Архіўнае фота. Мігранты атакуюць польскую мяжу з тэрыторыі Беларусі, лістапад 2021 году

Міграцыйны крызіс, які Лукашэнка зладзіў Эўропе, — адказ на санкцыі, уведзеныя Эўразьвязам супраць афіцыйнага Менску.

Сьцісла

  • Пэўны эфэкт, якога дасягаюць санкцыі, — гэта «боль», які яны прычыняюць рэжыму Лукашэнкі.
  • Эфэкт, якога дасягае міграцыйны крызіс, — гэта «боль», які Лукашэнка прычыняе краінам Эўропы.
  • Рэакцыя жывых арганізмаў на боль — мяняць паводзіны, трываць і прычыняць боль у адказ.
  • Рэакцыя Эўразьвязу і афіцыйнага Менску на «боль» санкцыяў і міграцыйнага крызісу — спалучэньне трываньня і прычыненьня «болю» ў адказ.
  • Пагрозы намесьніка дзяржсакратара Савету бясьпекі Беларусі наконт ваеннага адказу на санкцыі — вэрбальная агрэсія.

На мінулым тыдні Аляксандар Лукашэнка чарговы раз заявіў, што раней Беларусь дапамагала Эўразьвязу абараняць зьнешнюю мяжу Зьвязу і весьці барацьбу зь нелегальнай міграцыяй, але калі ЭЗ увёў санкцыі і «пачаў эканамічную вайну», пазыцыя памянялася.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кастрычнік стаў рэкордным паводле колькасьці спробаў нелегальнага пераходу мяжы Беларусі і ЭЗ. Якія лічбы

У прынцыпе, гэтым разам нічога новага ён не сказаў, тое самае гаварылася і ўвесну 2021 году, калі Лукашэнка ўпершыню выкарыстаў супраць Захаду міграцыйную «цуд-зброю».

Чым ён мог і тады, і цяпер адказаць на заходнія эканамічныя санкцыі? Эканамічнымі ж контрасанкцыямі? З улікам памераў эканомікі і аб’ёмаў гандлю Беларусі з ЭЗ такія эканамічныя абмежаваньні з боку Менску былі б Эўропе, як слану шрацінка. Нават расейскае эмбарга на імпарт харчаваньня з заходніх краінаў, уведзенае яшчэ да поўнамаштабнай вайны ў адказ на санкцыі за Крым і Данбас, ня стала надта сурʼёзным выпрабаваньнем для заходніх эканомік. Беларускіх эканамічных контрасанкцый (якія, дарэчы, і былі ўведзеныя), эканоміка ЭЗ проста не заўважыла.

А вось зь мігрантамі — справа іншая. Гэта заходнія грамадзтвы, асабліва грамадзтвы суседзяў — Латвіі, Літвы і Польшчы — заўважылі яшчэ як.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памежная ахова Польшчы: Амаль усе затрыманыя мігранты маюць сьвежыя расейскія візы

Напэўна, строга юрыдычна інсьпірацыю міграцыйнага патоку нельга назваць контрасанкцыямі. Санкцыі — гэта ўсё ж пэўныя абмежаваньні для краіны, на якую яны скіраваныя. Накіраваньне міграцыйнага патоку на штурм межаў суседзяў ніяк гэтых суседзяў не абмяжоўвае. Але, па сутнасьці, гэта крок у адказ.

Арцём Шрайбман некалі трапна заўважыў, што адзіны бясспрэчны плён любых санкцыяў — гэта «боль», які яны прычыняюць уладам краіны, на якую накіраваныя. Пэрсанальныя візавыя санкцыі прычыняюць меншы боль — у асноўным прэстыжны, эканамічныя санкцыі — большы, падрываючы эканамічны падмурак кіроўнага рэжыму.

Дык і інсьпірацыя міграцыйнай плыні дзейнічае дакладна гэтаксама. Сваімі наступствамі гэтая палітыка мае павелічэньне і ўскладненьне працы памежных службаў краінаў, на якія гэтыя «контрасанкцыі» скіраваныя, дадатковыя значныя выдаткі на ахоўныя меры, кшталту будаўніцтва сьценаў на мяжы ў Польшчы і Літве. Разьлік робіцца і на грамадзка-палітычныя наступствы. Частка грамадзтваў краінаў, куды льецца паток мігрантаў зь Беларусі, незадаволеная тым, што ўлады няздольныя яго спыніць. Іншая частка грамадзтваў гэтых краінаў засмучаная тымі жорсткімі дзеяньнямі, якія ўжываюць улады, каб спыніць гэты паток.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фільм, зьняты з удзелам беларусаў, выклікаў скандал у Польшчы. Паразмаўлялі з акторамі і крытыкам

Гарачыя спрэчкі ў польскім грамадзтве наконт стужкі пра мігрантаў Агнешкі Голянд паказваюць, што мэты ўзьдзеяньня на польскае грамадзтва міграцыйныя «контрасанкцыі» прынамсі часткова дасягаюць.

Абедзьве рэакцыі — незадавальненьне і недастаткова рашучымі, і празьмерна рашучымі дзеяньнямі ўладаў суседзяў Беларусі — прысутнічаюць і ў грамадзтвах, і ў палітычных элітах іншых краінаў Эўразьвязу, якія ляжаць далей ад беларускай мяжы на шляху на захад. Прынамсі, гэта праблема для Нямеччыны, у якую тыя мігранты пераважна і імкнуцца.

«Боль» прычыняецца, і ён даволі адчувальны. Праўда, застаецца пытаньне, якіх яшчэ мэтаў удаецца такім чынам дасягнуць. Але гэтае пытаньне актуальнае і для заходніх санкцыяў адносна Беларусі.

Варта таксама адзначыць, што выкарыстаньне мігрантаў — значна больш гнуткі інструмэнт узьдзеяньня, чым эканамічныя санкцыі. Тэхнічна і палітычна немагчыма ў адзін месяц заблякаваць экспарт праз ЭЗ беларускіх калійных угнаеньняў на 100%, у наступны — усяго на 70%, у трэці — зноў на 100%, і г.д. Санкцыі ўсё ж цалкам забараняюць гандаль на даволі працяглы прамежак часу. А інтэнсіўнасьць міграцыйнай плыні дапускае тонкую настройку. Вось у 2021 годзе гэтая інтэнсіўнасьць была высокая, летась — істотна зьнізілася, хоць і не да нуля. А сёлета міграцыйны ціск узмацніўся зноў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рызыкаваць Лукашэнка ўжо ня хоча» — сацыёляг Коршунаў прааналізаваў дынаміку патокаў нелегальных мігрантаў

Аналітык Цэнтру новых ідэяў, сацыёляг Генадзь Коршунаў у сваіх дасьледаваньнях выдатна паказаў, як на працягу 2023 году інтэнсіўнасьць міграцыйнай плыні і яе кірункі мяняліся ў адпаведнасьці са зьменамі палітычнай сытуацыі.

І не выпадае казаць, што гэтыя падʼёмы і спады плыні і зьмены яе кірунку — натуральная зьява. Беларуская ўлада рэгулюе гэтую плынь. Ня тое каб яна гэтым дасягала зьмены паводзінаў іншага, заходняга боку. Але прынамсі яна дэманструе, што можа кіраваць узроўнем «болю», які робіць суседзям і ўсяму ЭЗ.

Рэакцыя жывых арганізмаў — жывёлаў, людзей, дзяржаваў — на прычынены ім боль бывае трох відаў: мяняць свае паводзіны, каб боль больш не прычыняўся; трываць, цярпець боль, не мяняючы паводзінаў; і прычыняць боль у адказ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча, Літва, Латвія і Эстонія патрабуюць ад Беларусі вывесьці «Вагнэр» і спыніць мігранцкі крызіс

Пакуль рэакцыя Захаду на ўжываньне Лукашэнкам міграцыйнай зброі хутчэй другога тыпу — трываньне. З элемэнтамі трэцяга — у матывацыях новых санкцыяў ЭЗ, якія ўводзіліся ў 2022 годзе і сёлета, часам міграцыйны крызіс прыгадваўся. Абмежаваньні руху празь мяжу, якія суседнія зь Беларусьсю краіны ўжо прынялі і якімі пагражаюць, — гэта таксама «боль» у адказ на міграцыйны «боль».

Рэакцыя афіцыйнага Менску на санкцыі ЭЗ — таксама камбінацыя трываньня і захадаў у адказ. Як было сказана, сам па сабе рукатворны міграцыйны крызіс — адзін з такіх захадаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнік Савету бясьпекі Беларусі бачыць падставы разабрацца з транзытнай забаронай Літвы «сілай зброі»

Днямі высокі беларускі чыноўнік — намесьнік дзяржсакратара Рады бясьпекі Беларусі Павал Муравейка — сказаў пра магчымасьць і больш рашучых крокаў. Паводле яго, у адказ на транзытныя абмежаваньні з боку Літвы «з пункту гледжаньня банальнай лёгікі мы маем усе падставы, каб прасекчы жыцьцёва важны для нас калідор сілай зброі».

Дарэчы, даволі дзіўнае тлумачэньне Муравейкі, чаму Беларусь усё ж не скарысталася гэтымі падставамі. Маўляў, сьвет бы нас падтрымаў, але не ва ўмовах цяперашняга заходняга ціску на Беларусь. Незразумела, чаму сьвет падтрымаў бы ваенны напад у адказ на санкцыі, калі раней ён такога ніколі не рабіў. Ня выключана, што прычына насамрэч у тым, што «прасяканьне калідора» азначала б вайну ня толькі зь Літвой, але і з NATO. Чаго ў рэальнасьці афіцыйнаму Менску не хацелася б.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мядзьведзеў прыгразіў прымяніць супраць Украіны «увесь арсэнал сродкаў паражэньня»

У рэальнасьці так, але часам пагрозы мацнейшыя за іх выкананьне. У гэтых сваіх заявах Павал Муравейка ідзе крок у крок за сваім расейскім калегам — намесьнікам дзяржсакратара тамтэйшай Рады бясьпекі, экс-прэзыдэнтам РФ Дзьмітрыем Мядзьведзевым. Паслухаць Мядзьведзева, дык Расеі ўжо даўно варта пачаць наўпрост атакаваць краіны NATO.

Пасада што Мядзьведзева, што Муравейкі — ня вельмі высокая, каб бачыць у іхных пагрозах пазыцыю наўпрост Пуціна і Лукашэнкі, але і не настолькі нізкая, каб лічыць гэтыя пагрозы адно пустой балбатнёй. Хоць можна прыгадаць, калі падобнай рыторыкай ня грэбаваў і Лукашэнка — маюцца на ўвазе яго расказы пра пляны вагнэраўцаў, базаваных у Беларусі, «наведаць з экскурсіяй» Варшаву і Жэшаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка назваў свае словы пра вагнэраўцаў і Польшчу жартам

І тагачасная заява Лукашэнкі пра вагнэраўцаў, і нядаўняя — Муравейкі пра «прасяканьне калідора», — гэта вэрбальная агрэсія, не разьлічаная на практычную рэалізацыю. І Лукашэнка, і Муравейка разумеюць цану такой рэалізацыі. Муравейка, дарэчы, перад цяперашняй пасадай быў 7 гадоў (2013–2020) намесьнікам начальніка Генштабу Беларусі, кіраўніком ягонай апэратыўнай управы — «сэрца» генштабу любой краіны. Так што наконт вайсковых магчымасьцяў суседзяў Беларусі ён у курсе, як мала хто іншы ў краіне.

Але падобныя заявы, нават не разьлічаныя на рэалізацыю, — гэта таксама прычыненьне «болю» суседзям.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі: «сьляпы кат» ці «пільны хірург»? Дыскусія былых дыпляматаў

Тут назіраецца пэўная сымэтрыя. Ані міграцыйны паток, ані падобныя пагрозы насамрэч не дасягаюць галоўнай мэты — зьмены палітыкі, паводзінаў боку, на які гэтыя крокі накіраваныя. Дык і санкцыі, уведзеныя адносна Беларусі, не мяняюць паводзінаў Лукашэнкі. Палітвязьні сядзяць, рэпрэсіі працягваюцца, Беларусь як дапамагала расейскай вайне з Украінай, так і дапамагае, вось і ядзерную зброю на дадатак нібыта разьмясьціла ў сябе.

Санкцыі дзейнічаюць у сэнсе прычыненьня «болю» Лукашэнку, значны маштаб стратаў эканомікі ад санкцыяў прызнаюць і беларускія ўрадоўцы. Рукатворны міграцыйны крызіс таксама дзейсны ў сэнсе прычыненьня «болю» Эўропе.

У сэнсе ж зьмены паводзінаў боку, на які скіраваныя санкцыі і «контрасанкцыі», яны дзейсныя ня надта. Пытаньне ў тым, ці будуць абодва бакі і надалей трываць, не адмаўляючыся ад сваёй палітыкі.