Праваабаронца Леанід Судаленка атрымаў новую інфармацыю пра палітзьняволеную журналістку Ларысу Шчыракову, асуджаную ў жніўні да трох з паловай гадоў калёніі.
Як піша Судаленка ў сваім Фэйсбуку, у гомельскай калёніі журналістка працуе швачкай.
«На здароўе ня скардзіцца, кажа, што з усімі там ужо пазнаёмілася. Перадае прывітаньне і падзякі за падтрымку! Спадзяецца, што тэрмін да канца адбываць не давядзецца (жартуе, што ў яе пляны гэта не ўваходзіць)... Таксама Ларыса паведамляе, што адну вялікую перадачу (да 50 кг раз на тры месяцы) яна ўжо змагла атрымаць, у тым ліку зь вельмі патрэбнымі ёй тамака рэчамі. Хоча хуткім часам атрымаць сутачнае (належыць да 3-х сутак) спатканьне з сынам», — піша Судаленка.
Таксама праваабаронца паведаміў, што Ларыса Шчыракова «марыць, што за добрыя паводзіны і станаўленьне на шлях выпраўленьня ёй дазволяць раней выйсьці на волю...»
- 31 жніўня 2023 году журналістцы Ларысе Шчыраковай прысудзілі 3,5 года зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму і штраф 3700 рублёў нібыта за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» і «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь». Справу ў Гомельскім абласным судзе разглядаў Мікалай Доля. Працэс быў закрыты.
- Камітэт абароны журналістаў (CPJ) заявіў, што беларускія ўлады, пакараўшы журналістку Ларысу Шчыракову пазбаўленьнем волі, «чарговы раз прадэманстравалі сваю помсьлівасьць у адносінах да тых, хто незалежна асьвятляў агульнанацыянальныя пратэсты, якія ўзрушылі краіну ў 2020 годзе».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камітэт абароны журналістаў аб прысудзе Шчыраковай: дэманстрацыя ўладамі помсьлівасьці
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У палітзьняволенай журналісткі Ларысы Шчыраковай памерла маці
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі, бо журналісты